Палітвязня Сцяпана Латыпава перавялі ў магілёўскую турму


Палітзняволенаму Сцяпану Латыпаву замянілі рэжым на больш жорсткі і перавялі з калоніі ў магілёўскую турму № 4, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паседжанне суда дзеля змены рэжыму ўтрымання адбылося 15 верасня ў Івацэвіцкім раёне. Вядома, што адміністрацыя калоніі патрабавала, каб Сцяпана перавялі ў турму на 3 гады, але суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым тэрмінам на 2 гады.

Таксама нядаўна стала вядома, што Латыпаў у ліпені на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вены. За гэта ён атрымаў 17 содняў у штрафным ізалятары.

Сцяпан Латыпаў – арбарыст і дырэктар кампаніі «Беларба», жыхар дому каля плошчы Пераменаў у Менску. Яго затрымалі 15 верасня 2020 года. 19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сцвярджалася, што Сцяпан Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчывы супраць працаўнікоў міліцыі.

Hавiны
На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі калоніі Сцяпан Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вены
2022.09.12 19:56

Сцяпана асудзілі паводле трох артыкулаў КК РБ: 342 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», 363 – «Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак», ч. 4 арт. 209 – «Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры».

Суддзя Аляксандр Воўк пакараў Латыпава 8 гадамі і 6 месяцамі зняволення, а таксама абавязаў выплаціць штраф 300 базавых велічыняў.

16 лістапада 2021 года ў Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд Сцяпану Латыпаву: вышэйшая інстанцыя пакінула рашэнне суда Савецкага раёну ў сіле. 22 лістапада 2021 года Сцяпана этапавалі ў івацэвіцкую папраўчую калонію № 22.

Артыкулы
Палітвязня Сцяпана Латыпава катуюць у калоніі. Ён правёў у ШІЗА 27 дзён
2022.04.20 10:49

Цяпер палітвязень будзе адбываць пакаранне ў Магілёве ў турме № 4. Падтрымаць яго лістамі можна праз адрас: Турма № 4, 212011, вул. Крупскай, 99А, г. Магілёў, Сцяпану Сяргеевічу Латыпаву.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў