Палітвязня Сцяпана Латыпава катуюць у калоніі. Ён правёў у ШІЗА 27 дзён


На палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі «Воўчыя норы», цісне адміністрацыя. За пяць месяцаў у калоніі яго змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні, 27 з іх ён адбыў у лютым. Сваякі паведамляюць, што адміністрацыя калоніі складае рапарты на Сцяпана з надуманых падставаў. Акрамя гэтага, палітычнага вязня пакаралі нават за тое, што ён выконваў загад аднаго супрацоўніка, а другі палічыў гэта парушэннем, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com

Пра свае турэмныя цяжкасці Латыпаў паведаміў у адным з лістоў:

«Мне тут надзвычай цяжка, бо я Сцяпан Латыпаў і атрымліваю больш за ўсіх. Мне тут вельмі цяжка, бо я намагаюся не чарсцвець, я ўсё роўна стараюся любіць усіх – і тых, хто ў зялёнай форме, і тых, хто ў чорнай форме. Мне ад гэтага пападае яшчэ болей.

У мяне ўжо 32 дні ў ШІЗА з пачатку года – на гэты момант гэта рэкорд. Больш ніхто столькі тут не сядзеў – нават былыя зэкі, у іх вочы на лоб лезуць: «Колькі ж можна катаць, што ты такога зрабіў?» Нават тых, хто скраў мільёны і не прызнаецца, дзе яны, «катаюць» меней. Але ў прынцыпе нармальна, я трымаюся, бо выходжу і нават хутка аднаўляю сілы».

Нагадаем, што 16 жніўня Сцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. Сцяпана абвінавацілі ў стварэнні дваровага тэлеграм-чату, майстэрні для вырабу пратэснай сімволікі, супраціве міліцыянтам пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры наданні паслуг у хімічнай абароне раслінаў. Сам Латыпаў на судзе віны не прызнаў.

Артыкулы
Палітвязня Латыпава асудзілі на 8,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прасіў сілавікоў назвацца
2021.08.16 15:40

Родныя Сцяпана прапануюць дубляваць лісты, якія вы дасылаеце яму ў калонію, на электронную пошту: listy.sciapanu@gmail.com.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў