За два месяцы ў «камісію па вяртанні ў Беларусь» звярнуліся 56 чалавек. Сярод іх нашая рэдактарка


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед расказаў 1 красавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, што ад грамадзянаў, якія хочуць вярнуцца ў Беларусь, у ягоную камісію паступіла 56 зваротаў. Камісія працуе з 6 лютага, за першы месяц у яе звярнуліся 23 асобы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяржаўны герб Беларусі на памежным пункце пропуску. Бераставіца, Беларусь. 23 студзеня 2023 года.
Фота: gpkgovby / Telegram

Камісія яшчэ не разглядала зваротаў, расказаў Генпракурор Андрэй Швед: матэрыялы пад першае паседжанне толькі рыхтуюць, у бліжэйшы час збіраюцца разглядзець толькі палову зваротаў.

Прынамсі адзін з 56 зваротаў – наш, ад рэдактаркі сайту «Белсату» Вольгі Ярохінай, каб праверыць, як працуе сістэма. Генеральная пракуратура не здолела даць адказ па сутнасці звароту, спаслалася на неабходнасць дапоўніць зварот неабходнымі звесткамі.

Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў ўказ «Аб разглядзе зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў», праз месяц запусцілі сайт камісіі.

У склад камісіі разам з Генпракурорам увайшлі такія сілавікі як старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель і міністр унутраных справаў Іван Кубракоў; адыёзныя прапагандысты Рыгор Азаронак, Марат Маркаў, Андрэй Мукавозчык і Іван Эйсмант і іншыя.

Ва ўказе гаворыцца, што беларусы, якія жадаюць вярнуцца ў краіну праз камісію для вяртання, павінны раскаяцца, прынесці публічныя прабачэнні і пакрыць прычыненую шкоду. Ды з каментароў у дзяржаўных медыях вынікае, што па вяртанні нават праз камісію беларусаў можа чакаць зняволенне. Таксама за краты па вяртанні ў Беларусь можна трапіць і без звароту ў камісію.

Аналітыка
Беларуская міграцыя ў 2022 годзе. Як паўплывала вайна
2023.01.20 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў