Сілавікі затрымалі ўжо як мінімум 58 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы


З пачатку 2022 года пры ўездзе ў Беларусь сілавікі затрымалі прынамсі 58 беларусаў за экстрэмізм, паведамляюць праваабаронцы. Аднак афіцыйныя крыніцы кажуць пра меншую колькасць затрыманых. Гэтак, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, летась затрымалі 52 чалавекі.

Беларуская мяжа. Крыніца: onliner.by

Паводле праваабаронцаў, з ліку затрыманых як мінімум 10 чалавек ужо асуджаныя да пазбаўлення волі, 4 чалавекі – да «хатняй хіміі», а супраць яшчэ сямі пачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністратыўных справаў і змяшчалі ў ізалятар на содні.

Таксама вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасля затрымання знішчалі дакументы беларусаў для выезду за мяжу і нават пашпарт.

Часцей за ўсё беларусаў затрымліваюць па вяртанні з Польшчы або Літвы, таксама вядома пра затрыманні пасля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі ды Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому.

Людзей пераследуюць за каментары ў сацыяльных сетках, за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе, паводле адміністратыўных пратаколаў за «экстрэмісцкія» рэпосты або фота з бел-чырвона-белаю сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Таксама падставаю для пераследу можа зрабіцца ўдзел у акцыях салідарнасці за мяжою.

Праваабаронцы папярэджваюць, што апошнім часам улады ўсё часцей заклікаюць беларусаў, якія з’ехалі, вяртацца дадому. Нібыта пасля афіцыйнага звароту і раскаяння ім не будзе пагражаць пазбаўленне або абмежаванне волі. Але цяпер 49-гадовай адміністратарцы пратэставых чатаў Таццяне Курылінай, якая пастанавіла скарыстацца праўладнаю праграмаю «Дарога дадому», пагражае да 15 гадоў зняволення. Яе судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў