Мітрапаліта УПЦ Маскоўскага патрыярхату Паўла адправілі пад хатні арышт


Суд у Кіеве 1 красавіка пачаў судзіць мітрапаліта УПЦ Маскоўскага патрыярхату, колішняга настаяцеля Кіева-Пячэрскай лаўры Паўла. Яго падазраюць у распальванні варожасці і апраўданні расейскай агрэсіі супраць Украіны, пракурор прасіў хатні арышт. Аднак мітрапаліт на судзе заявіў, што адчувае сябе блага – паседжанне перанеслі на раніцу панядзелка, 3 красавіка.

Абноўлена. Суд працягваецца, святара прымусова вярнулі ў залу.

Абноўлена. Святару ўсё ж прысудзілі 60 дзён хатняга арышту.

Служба бяспекі Украіны выдае мітрапаліту Паўлу (Пятру Лебедзю) дакументы аб падазрэнні. Кіеў, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Служба безпеки України / Telegram

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева пачаў судзіць мітрапаліта УПЦ Маскоўскага патрыярхату, колішняга настаяцеля Кіева-Пячэрскай лаўры Пятра Лебедзя. Праз скаргі падсуднага на здароўе паседжанне перанеслі на 3 красавіка.

Раней 1 красавіка Служба бяспекі Украіны выставіла яму афіцыйныя абвінавачванні паводле двух крымінальных артыкулаў: «Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў з прычыны іхнай расавай, нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці» (ч.1 арт. 161 КК Украіны) і «Апраўданне, аспрэчванне ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны» (ч.1 арт. 436-2 КК Украіны). Святару ставяць у віну распальванне варожасці і апраўданне расейскай агрэсіі.

Справу завялі на падставе праслухоўвання тэлефонных размоваў Паўла. У прыватных гутарках ён казаў, што ў вайне ва Украіне вінаватая сама Украіна, абражаў Тэрытарыяльную абарону і казаў, што ў заходніх раёнах Украіны няма ўкраінцаў, «там толькі Польшча ды Вугоршчына».

«Выяўлена, што Лебедзь у сваіх публічных выступах неаднаразова абражаў рэлігійныя пачуцці ўкраінцаў, прыніжаў погляды вернікаў іншых канфесіяў і спрабаваў сфармаваць варожыя настроі да іх, а таксама рабіў заявы, якія апраўдвалі або адмаўлялі дзеянні краіны-агрэсара», – адзначаецца ў паведамленні СБУ.

Пры гэтым у прамове 1 красавіка ў лаўры мітрапаліт заявіў, што «асуджаў, асуджае і будзе асуджаць усялякія спробы супраць нашай дзяржавы».

«Тое, што зрабіла Расея і Пуцін, ніяк не апраўдваецца. Я заўсёды стаяў, стаю і буду стаяць на абароне сваёй зямлі, сваёй радзімы», – сказаў святар вернікам.

Таксама і на судзе ён казаў, што «ніколі не быў на баку Расеі»:

У Кіева-Пячэрскай лаўры і ўдома ў мітрапаліта зладзілі ператрус. Святар называе пераслед палітычным.

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату адмовілася вызваляць лаўру, нягледзячы на тое, што 29 сакавіка скончыўся тэрмін дамовы арэнды.

Ва Украіне святара называюць «Паша Мерседэс» за любоў да раскошы і дарагіх аўто. Падчас ператрусу, звярнулі ўвагу ўкраінскія журналісты, святар быў у шаліку брэнду «Louis Vuitton», які каштуе каля 400 еўра. Некаторыя медыі нават сцвярджаюць, што гадзіннік, які святар насіў падчас ператрусу, каштуе звыш 36 тысяч еўра. СБУ паказала багаты катэдж святара, на які медыі звярталі ўвагу шмат гадоў.

Падчас суду, перапынку і аднаўлення працэсу пад Лаўнай праходзіла акцыя праціўнікаў Пятра Лебедзя.

Hавiны
Манахі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адмаўляюцца пакідаць Кіева-Пячэрскую лаўру
2023.03.13 22:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў