Палата прадстаўнікоў напісала толькі 3 % законапраектаў, ухваленых ёй за мінулае скліканне


Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка прымаў кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі і чальцоў Палаты прадстаўнікоў з нагоды мінулага «адзінага дня галасавання». Усе яны казалі пра важнасць Палаты прадстаўнікоў, а старшыня Палаты раскрыў лічбавы паказнік дзейнасці дэпутатаў, які перадало дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паседжанне Палаты прадстаўнікоў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.
Фота: House.gov.by

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заклікаў зрабіць усё, каб дэпутаты новага склікання Палаты прадстаўнікоў, выбранага 25 лютага, неадкладна пачалі працу – не пазней за 25 сакавіка. Прысутных на сходзе – а там былі прадстаўнікі ягонай адміністрацыі, прадстаўнік ЦВК і дэпутаты мінулага складу Палаты – Лукашэнка прасіў «дапамагчы» новым дэпутатам выбраць кіроўныя органы, хоць згодна з Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў, выбіраць кіраўніцтва мусяць самі дэпутаты.

Лукашэнка таксама прасіў прысутных на паседжанні паглядзець, які план дзеянняў прапісаны ў законах адносна фармавання Усебеларускага народнага сходу: казаў, «працы хопіць усім», бо ў кіраўніка ЦВК «няма шалёнага апарату». Акрамя таго, Лукашэнка распарадзіўся выплаціць новым дэпутатам першыя заробкі на месцах жыхарства, бо «ўсе мы людзі, жыць трэба, сем’і карміць».

«Парламент быў як ніколі салідны, прыстойны, праблемаў нікому не ствараў, працаваў так, як трэба, – казаў Лукашэнка пра мінулы склад. – Таму павінны быць узнагароджаныя тыя дэпутаты, якія гэтага заслугоўваюць».

Тое, што Лукашэнка называе парламентам, не толькі не стварала праблемаў, але і амаль не стварала законаў. Старшыня Палаты мінулага склікання Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Лукашэнкам расказаў, што з 364 законапраектаў, ухваленых Палатай прадстаўнікоў мінулага склікання, толькі 11 былі распрацаваныя непасрэдна дэпутатамі. Гэта 3 % ад усіх законапраектаў.

Як і ў мінулых скліканнях, галоўны «суб’ект заканадаўчай ініцыятывы» – Савет Міністраў. Найчасцей менавіта ўрад уносіць у Палату прадстаўнікоў законапраекты, якіх дэпутаты практычна ніколі не адхіляюць.

Права заканадаўчай ініцыятывы маюць таксама Савет Рэспублікі (верхняя палата Нацыянальнага сходу), Аляксандр Лукашэнка асабіста і народ Беларусі. Народ можа ўнесці законапраект, калі за яго збяруць не менш за 50 тысяч подпісаў. За ўвесь час працы мінулага склікання ніводнага такога законапраекту ад народу не было, таксама як і за ўвесь час працы пазамінулага. Знайсці ў архівах Палаты прадстаўнікоў апошні выпадак, калі законапраект уносіў народ, «Белсату» не ўдалося.

Заходнія назіральнікі ніводнага разу не прызнавалі выбары ў Палату прадстаўнікоў свабоднымі і справядлівымі. Гэтым разам на выбары не запрасілі замежных назіральнікаў, але беларускія праваабаронцы адзначылі шматлікія парушэнні.

Тэст
Калі Лукашэнкі не стане, што далей? Правер, ці ведаеш палітычную сістэму Беларусі
2023.05.14 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў