Улады паскардзіліся на балючы пошук новых рынкаў для дрэваапрацоўкі праз санкцыі


Кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіл Касько прызнаў, што шмат якія прадпрыемствы галіны «балюча шукаюць новыя рынкі збыту». Складанасці ўзніклі праз санкцыі ЕЗ, а таксама адмову шведскай кампаніі IKEA ад супрацы з Беларуссю.

Прадпрыемства «Мастоўдрэў». Горадня, Беларусь. 14 красавіка 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Пра леташнюю працу «Беллеспаперапраму» кіраўнік канцэрна Міхаіл Касько паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску. Асобна ён распавёў пра прадпрыемствы, што рабілі мэблю для IKEA:

«Прадпрыемствы сёння працуюць. Яны балюча, але перабудоўваюць сваю вытворчую праграму і шукаюць новыя рынкі збыту. Трэба наладзіць па-новаму лагістыку на новыя рынкі, трэба выбудоўваць свой мэблевы рад. Там ёсць абсталяванне, якое трэба проста пераналадзіць і даць магчымасць гандлю, маркетынгу зразумець, што трэба рабіць рынку».

Чыноўнік патлумачыў, што раней заводы не думалі пра збыт, бо атрымлівалі буйныя замовы, і толькі іх і выконвалі. Вытворцы мусяць часткова заняць расейскі, а таксама свой, беларускі рынак.

Ён запэўніў, што некаторыя прадпрыемствы ўжо развязалі праблемы, таму аб’ёмы вытворчасці ад чацвёртага квартала летась пачалі аднаўляцца.

Таксама праз еўрапейскія санкцыі ўзніклі складанасці з экспартам пэлетаў – грануляванага паліва:

«Спрабуем шукаць новыя рынкі і замяшчаць часткова на ўнутраным рынку ўжо традыцыйнае паліва. Пакуль пытанне не простае. Новыя рынкі збыту шукаюцца складана».

У «Беллеспаперапраме» разлічваюць, што на пэлеты перавядуць кацельныя, а дзякуючы пастанове ўрада, якая цяпер рыхтуецца, і насельніцтва стане больш выкарыстоўваць гэтае паліва для ацяплення.

У красавіку летась Міхаіл Касько казаў, што санкцыі ЕЗ закранулі больш за 40% экспарту дрэваапрацоўчай галіны.

Hавiны
«Беллеспаперпрам»: «Санкцыі закранулі больш за 40 % экспарту»
2022.04.18 11:12

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў