Адчувае сябе японкаю. Пагутарылі з украінкаю, якая перамагла ў конкурсе «Міс Японія»


У конкурсе «Міс Японія», які ладзяць з 1950 года, упершыню перамагла натуралізаваная грамадзянка. Карону атрымала нарадзінка Украіны Караліна Сііно. У размове з «Белсатам» яна прызналася, што акурат праз сваё паходжанне перамогі не чакала, а падчас рыхтавання да імпрэзы сутыкнулася з хейтам.

«Я была проста ў шоку, не магла паверыць і не магла стрымаць эмоцыяў», – сказала Караліна Сііно карэспандэнту «Белсату».

Дзяўчына не чакала, што пераможа, а таму ўжо была радая, калі трапіла ў фінал:

«Я вельмі хацела быць «Міс Японія», але думала, што мяне не выберуць, бо я ўсё-ткі не выглядаю як японка. Думала, будзе вялікі жах выбраць мяне. Таму я была вельмі радая, што прайшла ў фінал і прайшла навучанне».

Заяўку на ўдзел у конкурсе можна падаваць або звычайнай поштаю, або праз інтэрнэт. Пасля першага правярання кандыдатак запрашаюць на сумоўе, дзеляць на дзве групы паводле геаграфічнай адзнакі – на Усходнюю і Заходнюю Японію. Потым ладзяць некалькі семінараў, і затым узгадняюць фіналістак.

«Фіналісткі спачатку навучаліся 4 месяцы, было 30 заняткаў. Мы вывучалі японскую гісторыю, мастацтва, ікебану, усё пра Японію, а таксама дэфіле, мэйкап, красамоўства. Штотыдзень рэпетавалі, рыхтаваліся. На конкурсе маглі задаць пытанне на любую тэму, і мы мусілі быць гатовыя адказаць», – згадвае дзяўчына.

Пераможца конкурсу «Міс Японія – 2024» Караліна Сііно.
Фота: karolina0824 / Instagram

Караліна пераехала ў Японію ў 5-гадовым узросце, калі яе маці выйшла замуж.

«Памятаю, калі я толькі прыехала ў Японію, усё было вельмі цікава, усё новае. Сама вучыла японскую мову, і мне не было занадта цяжка, калі я пачала хадзіць у школу, бо магла размаўляць і чытаць па-японску», – пахвалілася ўкраінка.

Час ад часу яна прыязджае на радзіму, апошні раз была 6 гадоў таму: «Ва Украіне жыве маміна сястра, мая цётка, маміны стрыечныя браты. Багата сваякоў ва Украіне, мы лістуемся, размаўляем праз тэлефон».

Пераможца конкурсу «Міс Японія – 2024» Караліна Сііно.
Фота: karolina0824 / Instagram

Зрэшты, нягледзячы на ўкраінскія карані, Караліна адчувае сябе японкаю. Сваім удзелам у конкурсе прыгажосці хацела даказаць: галоўнае, як асобы сябе ідэнтыфікуюць, а не выглядаюць вонкава.

«Я хацела, каб людзі больш даведаліся пра мяне, што ёсць такая: выглядае як украінка, але жыве як японка, што ёсць такія людзі, і не толькі я, яшчэ багата такіх людзей. Я хацела, каб больш пра гэта ведалі ў Японіі і больш зразумелі пра нас, каб людзі пачалі глядзець углыб. Хацела спраўдзіць, ці ўспрымуць мяне як японку», – апавяла суразмоўца «Белсату».

Падчас рыхтавання да імпрэзы яна сутыкнулася з хейтам: маўляў, нельга, каб не нарадзінка Японіі ўдзельнічала ў конкурсе.

«Я чула, што пра мяне рознае гавораць, але не ўспрымала гэта негатыўна, бо ведаю, што ў розных людзей ёсць розныя думкі. Мяркую, мая перамога нешта зменіць. Людзі пачнуць думаць пра ідэнтычнасць, што не ўсе людзі адчуваюць сябе так, як яны выглядаюць. Можа быць так, што асоба мае якуюсь хваробу, але не выглядае хворай. Можа быць так, што асоба пачувае сябе дзяўчынай, але яна не дзяўчына. Розныя сітуацыі. Цяпер час прымаць усіх і разумець адно аднаго», – адзначыла Караліна Сііно.

Агляд
«Міс Беларусь» і «сяброўка» Колі. Хто гэтыя жанчыны ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі?
2023.12.08 20:53

belsat.eu

Стужка навінаў