Андрэй Казакевіч: Пад выглядам вучэбна-баявых цэнтраў Расея стварае ў Беларусі вайсковыя базы


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС РФ прыняць прапанову аб стварэнні навучальных цэнтраў для беларускіх і расейскіх вайскоўцаў, але міністры абароны дзвюх краінаў амаль два гады таму заявілі, што гэтыя цэнтры ўжо функцыянуюць. Эксперт у размове з «Белсатам» выказаў меркаванне, што пад выглядам вучэбных цэнтраў у Беларусі паўстаюць расейскія вайсковыя базы.  Да таго ж, паводле дамоваў, расейскія войскі за свой кошт мае ўтрымліваць краіна, якая іх прымае.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі.
Фота: modmilby / Telegram

Міністры абароны Расеі і Беларусі ўпершыню заявілі пра стварэнне вучэбна-баявых цэнтраў супольнага рыхтавання ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі яшчэ ў 2021 годзе. 5 сакавіка Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін дамовіліся, што ў Расеі і Беларусі з’явіцца тры такія цэнтры. Адзін размесціцца ў Горадні, а два будуць у Расеі.

Літаральна праз паўгода пасля заяваў міністраў, у жніўні 2021-га, Мінабароны Беларусі адрапартавала, што ў Гарадзенскую вобласць прыбылі падраздзяленні зенітных ракетных войскаў Расейскай Федэрацыі для фармавання вучэбна-баявога цэнтру супольнага рыхтавання Вайскова-паветраных сілаў і войскаў Супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. А ў верасні 2021 года ў Баранавічах на аэрадроме прызямліліся самалёты Су-30СМ ВКС Расеі. Пасля гэтага расейскі міністр Сяргей Шайгу пачаў казаць, што ў Беларусі будзе не адзін, а два вучэбныя цэнтры. Беларускі бок, у сваю чаргу, ніяк не адрэагаваў на словы расейскага чыноўніка. Мала таго, Віктар Хрэнін у кастрычніку 2021 года заявіў, што ў Беларусі створаны адзін баявы цэнтр рыхтавання і што ён ужо нават функцыянуе.

«На тэрыторыі Беларусі і Расеі вядзецца праца для стварэння трох вучэбна-баявых цэнтраў супольнага рыхтавання падраздзяленняў узброеных сілаў Беларусі і Расеі. Апрабацыю пытанняў арганізацыі нясення супольнага баявога дзяжурства ў супрацьпаветранай абароне ў межах адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі, што ладзіцца ў гэтым месяцы, ужо можна запісаць у актыў».

Праз 10 дзён пасля словаў міністра ягоны падначалены, кіраўнік Дэпартаменту міжнароднай ваеннай супрацы Мінабароны Беларусі Валерый Равенка распавёў ужо пра існаванне ў нашай краіне двух цэнтраў.

«Цяпер два з іх рыхтуюць вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі і адзін – на тэрыторыі Расеі», – напісаў кіраўнік дэпартаменту ў сваім Twitter.

Пры гэтым грамадскасці не кажуць, дзе месціцца другі цэнтр і ці існуе ён увогуле, бо вайскоўцы супярэчаць адзін адному.

Hавiны
У Горадню прыбылі расейскія вайскоўцы для фармавання расейска-беларускага вучэбна-баявога цэнтру
2021.08.28 23:24

Спачатку прывезлі вайскоўцаў, а пасля пішуць дамовы

Толькі пасля таго, як расейцы прыбылі ў Беларусь, прывезлі зброю і самалёты і замацаваліся на тэрыторыі нашай краіны, чыноўнікі і ўлады загаварылі пра падпісанне дамоўленасцяў у справе стварэння вайсковых вучэбных цэнтраў. Першым дакументы падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ ў кастрычніку летась зʼявіўся ўказ, што ўхваліў праект пагаднення з РФ аб стварэнні і функцыянаванні вучэбна-баявых цэнтраў супольнага рыхтавання вайскоўцаў. Ва ўказе таксама абазначаецца, што перамовамі і падпісаннем пагаднення зоймецца Міністэрства абароны Беларусі.

Крыніца: uniannet/Telegram

21 студзеня сёлета ўрад Расеі ўхваліў пагадненне з Беларуссю аб стварэнні гэтых вучэбна-баявых цэнтраў супольнага рыхтавання вайскоўцаў. Адпаведную пастанову апублікаваў  расейскі Электронны фонд прававых і нарматыўна-тэхнічных дакументаў. Інфармацыі пра колькасць і пра месцы размяшчэння вайскоўцаў у пастанове няма. Але затое з дакументу вынікае, што расейскія вайскоўцы атрымліваюць у Беларусі бясплатна ацяпленне, газ ды ўсе іншыя паслугі ЖКГ. Бок, што прымае, гэта значыць Беларусь, мусіць забяспечыць вайскоўцаў з Расеі паліўна-змазачнымі матэрыяламі, палівам. Акрамя гэтага і харчамі, медыцынай.

Пастанова ўраду Расеі. Скрыншот з сайту Электроннага фонду прававых і нарматыўна-тэхнічных дакументаў.
Фота: docs.cntd.ru/

31 студзеня сёлета ў справе навучальных цэнтраў для беларускіх і расейскіх вайскоўцаў зʼявілася распараджэнне і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Ён даручыў Міністэрству абароны і МЗС РФ прыняць прапанову аб стварэнні гэтых цэнтраў.

Пад выглядам вучэбных цэнтраў ствараюць вайсковыя базы

На думку доктара палітычных навук, дырэктара інстытуту «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, вайсковыя цэнтры насамрэч ёсць не зусім тым, чым іх называюць афіцыйныя асобы.

«Справа ў тым, што Крэмль даўно хацеў мець вайсковую базу ў Беларусі. І гэтыя вучэбныя цэнтры стануць фармальнай назвай для базы. Таму цяпер улады ствараюць юрыдычную базу, каб замацаваць статус гэтых вайскоўцаў, якія застануцца ў краіне на сталай аснове. Паколькі сюды прыязджаюць людзі, для іх неабходная інфраструктура. Таму гэтыя пастановы, на маю думку, ёсць юрыдычным афармленнем сталай, бестэрміновай вайсковай расейскай прысутнасці ў Беларусі», – кажа палітолаг.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

Што да блытаніны наконт колькасці вучэбных цэнтраў у Беларусі і да адсутнасці афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага, Андрэй Казакевіч выказвае меркаванне, што пакуль бакі не дасягнулі канчатковых дамоўленасцяў.

«Для беларускага боку стварэнне такой сталай вайсковай прысутнасці – гэта праблемы. Бо гэта скарачае суверэнітэт краіны. Стварае арганізацыйную аснову для таго, каб войскі заставаліся ў нашай краіне бестэрмінова. Да таго ж, гэта ўзмацняе напружанасць з суседнімі краінамі, бо расейскія войскі каля мяжы ўспрымаюцца як пагроза бяспецы. Таксама гэта стварае праблему кантролю над тэрыторыяй. Таму можна меркаваць, што беларускі бок спрабуе абмежаваць колькасць расейскіх войскаў. У сваю чаргу, Крэмль жадае атрымаць ад сітуацыі максімум», – кажа Андрэй Казакевіч.

Паводле палітолага, павелічэнне колькасці расейскіх вайскоўцаў у Беларусі аўтаматычна прыводзіць да скарачэння суверэнітэту Беларусі. Расея намагаецца кантраляваць краіну, пры гэтым намагаецца рабіць гэта незаўважна.

Hавiны
«Reuters» паведаміў пра намер ЗША ўпершыню перадаць Украіне далёкабойныя ракеты
2023.02.01 09:52

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў