Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на суддзю Акруговага суда Варшавы Дар’юша Лубоўскага. Яго вінавацяць у распальванні нацыянальнай і сацыяльнай варожасці.
Суддзя Дар’юш Лубоўскі 26 студзеня разгледзеў пазоў Беларусі аб экстрадыцыі заснавальніка сеткі каналаў «Nexta» Сцяпана Пуцілы. У Беларусі супраць яго распачалі справу паводле дзесяці крымінальных артыкулаў.
Падчас паседжання ён выступіў з моцнаю прамоваю, дзе заявіў, што ў Беларусі не існуе судовай сістэмы, і сказаў, што «нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псіхапатычны дыктатар».
У Генпракуратуры заявілі, што суддзя падчас пасяджэння «публічна распаўсюдзіў заведама недакладную інфармацыю, накіраваную на распальванне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці, абразіў і абгаварыў найвышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь», назваўшы такія дзеянні афіцыйнай службовай асобы непрафесійнымі.
АД, belsat.eu