Суд Ленінскага раёну Менску перанёс паседжанне ў справе журналісткі TUT.by Надзеі Калінінай. Дзяўчыну вызвалілі, бо з моманту затрымання ўжо прайшлі тры дні, паведамляе БАЖ.
Надзею Калініну затрымалі 29 студзеня. Журналістка TUT.by спрабавала трапіць у ДК «Камволь», дзе збіраліся сталічныя дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Калініну не пусцілі на сустрэчу з удзелам чыноўнікаў, а неўзабаве затрымалі. Падставы затрымання сталі вядомыя толькі падчас суда. Суддзя агучыла, што журналістку вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні: нібыта яна выкрыквала «правакацыйныя лозунгі». Таксама ў дачыненні Надзеі склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянту падчас незаконнага пікетавання.
На судзе журналістка TUT.by папрасіла паказаць відэа з Дому культуры, дзе адбывалася затрыманне. Суддзя Тацяна Шоцік спачатку хадайніцтва адхіліла, але потым прыйшла да высновы, што неабходна запатрабаваць відэа з ДК. Пасля гэтага судовае паседжанне працягнуць.
СК belsat.eu