Топ-10 абяцанак ад забудоўнікаў, якія не здарыліся ў 2022-м


Перыядычна ўлады анансуюць нейкія будоўлі (свае і камерцыйных забудоўнікаў), ды так прыгожа, што ўжо ў думках візуалізуеш горад-сад. Але абяцаць – не значыць ажаніцца. Склаў топ-10 абяцанняў, якія так і засталіся нявыкананымі.

  1. «Новая Баравая» ў Сухараве

Ёсць у Сухараве пустка, які прымыкае да вуліцы Гарэцкага. Пляцоўку выкарыстала Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна для складавання грунту, вывезенага пры пракладцы падземных тунэляў. Грунт утварыў гару вышынёй некалькі дзясяткаў метраў. За гады гара абрасла абляпіхай, бярозамі і травой, прыгажосці пазайздросцяць азеляніцелі Левады.

Яшчэ ў 2019 годзе Менгарвыканкам распрацаваў план дэталёвай планіроўкі (ПДП), згодна з якім на гэтым месцы з’явіцца некалькі новых вуліц і жылы квартал з 15 дзесяціпавярховак у канструкцыях МАПІД, але па выглядзе – як дамы ў Новай Баравой. Адпаведна з канцэпцыяй яны таксама мусілі быць падобнымі – з закрытымі дварамі. Абяцалі, што жыллё тут будзе будавацца як для ўсіх ахвотных, так і для чаргавікоў.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Новая Баровая ў Менску.

Старт будоўлі абяцалі некалькі гадоў запар, і ў 2022-м – зноў. На жаль, год скончыўся, а будаўнічая тэхніка на планернай гары так і не аб’явілася. Цяпер МАПІД кажа, што спадзяецца выйсці на пляцоўку ў другім паўгоддзі 2023-га.

 2. Невысотныя дамы ля Грушаўкі – для шматдзетных

На Дзяржынскага/Шчорса УКБ «Захад» абяцаў у 2022-м прыступіць да будаўніцтва жытла для шматдзетных. На першых малюнках былі на дзіва сімпатычныя 6-10-павярховыя панэльныя дамы з панарамнымі вокнамі, усяго 5 штук. Потым, мабыць, вырашылі, што гэта занадта шчодра для шматдзетных – і лакацыя прэстыжная, і дамы добра выглядаюць, і паверхавасць «фрэндлі». Планы перайгралі і паказалі новыя карцінкі – два 17-павярховыя слупкі-панэлькі і стандартныя шматпадʼездныя дзевяціпавярхоўкі з вострымі дахамі над кватэрамі з эркерамі, размаляваныя а-ля «фахверк», адзін дом з паркінгам у стылабаце. У 2022-м абяцалі: «Ужо дакладна скончым рассяленне і знос», але не зраслося. Знос яшчэ не завершаны.

3. «Элітка» ад Менскбуда на Захарава

На Захарава-Андрэеўскай, на месцы аднаго з філіялаў фабрыкі «Мінскдрэў», абяцалі пачаць будаўніцтва 30 тысяч квадратных метраў жылля ў цікавай архітэктуры. Дзяржзабудоўнікі анансавалі, што гэта будзе камерцыйнае жытло па даступнай цане. Месца прэстыжнае. Ад жалезнай дарогі планавалася зрабіць шумаабарончую заслону. Але і тут будаўнікі не зʼявіліся.

4. «Залатое кальцо» каля ад плошчы Перамогі

Не толькі дзяржзабудоўнікі ўдзельнічалі ў распаўсюдзе казачных планаў, але і «набліжаныя». Камерцыйны забудоўнік «СкиСтройИнвест» (за будаўніцтва крытага лыжнага манежу) атрымаў участак паблізу плошчы Перамогі, ля сквера імя Сымона Балівара, на Чапаева-Платонава, і абяцаў пачаць будаваць 32 тысячы метраў жытла (панэлек і маналіту ў 13-19 паверхаў) у комплексе з пафаснай назвай «Залатое кальцо». Жытло абяцалі пабудаваць да 2025-га. На дадзены момант яшчэ не прыступілі нават да зносу незапатрабаваных вытворчых будынкаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: prometr.by

5. Белыя сады на Чыгуначнай

На месцы завода «Сантехдеталь» той жа «СкиСтройИнвест» ужо пяць гадоў як «сёлета пачынае будаўніцтва» панэльнага – недарагога, але сімпатычнага – ЖК. У 2022-м зноў не пачаў.

6. Дом-карабель у Пятроўскіх верфях

УКБ Захад абяцаў здаць трэці дом жылога комплексу на Сямашка сёлета. Ступень гатоўнасці дома-карабля дае нагоды сумнявацца, што навасельцы ўбачаць ключы хоць бы ў 2023-м. Спачатку УКБ казаў, што праблема ў генпадрадчыку, маўляў, млява будуе, мы яго заменім. Замянілі. Новы будуе гэтак жа млява. У чым праблема, грамадзянам не паведамляюць.

7. Mod House на Дзяржынскага

Гэта праект Тапаса і Паўла Белага – 23-павярховы дом насупраць гасцініцы Рэнесанс – пачалі будаваць у 2019-м, здаць мусілі ў 2021-м. Павел Белы – той, хто гуляў у хакей з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымліваў неабмежаваныя правы на забудову. Напрыклад, проста ў заказніку Лебядзіны пабудаваў рэстаран.

Гмах Mod хакеіст-бізнэсмэн будаваў без мінулага экспертызы праекта. Будынак дасягнуў 22 паверха, калі на будоўлі адбылося надзвычайнае здарэнне – загінуў, упаўшы з вышыні, малады будаўнік. Так супала, што пачалася чорная паласа ў самога хакеіста – запаў у няласку. Правяраючыя прыйшлі на аб’ект і былі шакаваныя нахабствам. Праект адправілі на экспертызу, якая паказала – ужо пабудаваны будынак не ўстойлівы. Год перараблялі праект, вырашаючы пытанне ўмацавання канструкцый. Потым ўзгаднялі, праходзілі экспертызу. Цяпер усе работы, якія ідуць на будоўлі – па ўмацаванні падмурка і апорных канструкцый – завяршаюцца.

8. Дом на Купрэвіча

Шматпавярхоўка ля Музея валуноў ад Менскага домабудаўнічага камбіната вырасла хутка, але да здачы выявілася, што частка дома хіліцца. Экспертыза паказала, што яе пабудавалі адным краем на няўстойлівым грунце. З пачатку года распавядалі, што зробяць праект па ўмацаванні будынка. Дольнікі пад падʼездамі запісвалі адзін зварот за адным з заклікамі да Лукашэнкі разабрацца. Не дапамагло. Нядаўна высветлілася, што МДК не спраўляецца, умацаваць не атрымаецца. Не выключана, што ўпершыню менчукі будуць назіраць, як разбіраюць частку ўжо пабудаванай шматпавярхоўкі.

9. Паўночны Бераг

Забудову сельгасполяў ля Цнянскага вадасховішча анансавалі ў траўні 2021-га. Кампаніі Emaar Properties (у твары «Рывэрсайд Дэвэлапмент Холдынгз Лімітэд») дзяржава аддала пад забудову 1000 га зямлі. Забудоўнік на прэс-канферэнцыях кожны раз распавядае, што будаўніцтва ідзе. Журналісты штораз пасля прэс-канферэнцый едуць глядзець і выяўляюць пару сяк-так абгароджаных пляцовак, на якіх няма руху. Нават катлавана.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ганна Іванова/ onliner.by
  1. Вішанька на торце «абяцанак» – Нотынгем

Пабудаваць рэспектабельны малапавярховы раён каля Калодзішчаў абяцалі аж з 2009 года. Потым штогод рапартавалі, што распрацоўваецца дакументацыя па сетках, камунікацыях, што вось ужо пачынаюць весці туды дарогу. Сёлета стала вядома, што Нотынгема не будзе.

Дзяніс Бетонны /ММ  belsat.eu

Стужка навінаў