У вучэбныя планы ў беларускіх школах унеслі пункт пра тое, што з 2026 года для 10-класнікаў будуць праводзіцца вучэбна-палявыя зборы. Навіна была нечаканасцю для многіх і выклікала шматлікія пытанні з боку бацькоў. Прапагандзе давялося выклікаць экспертаў, каб заспакоіць расхваляваных беларусаў. Але ці ўдалося ўладам адказаць на ўсе пытанні і пра што сведчыць увядзенне такіх зменаў у школьным навучанні?
Як паведаміла БелТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі, прынцып збораў быў пазычаны ў сувораўцаў і кадэтаў, якія выязджалі на такія мерапрыемствы «цягам некалькіх гадоў».
«Такі фармат добра сябе зарэкамендаваў і будзе распаўсюджаны на ўсіх», – адзначылі ў міністэрстве.
Праводзіцца гэтыя вучэнні будуць цягам 10 дзён, адразу пасля заканчэння навучальнага года – з 26 траўня да 5 чэрвеня.
Чуйныя апошнім часам да тэмаў, звязаных з вайсковымі мерапрыемствамі і вайной, людзі хутка зрэагавалі на сціплы абзац, згаданы ў хроніцы падзеяў. У сацсетках з’явіліся відэа з абмеркаваннямі гэтай тэмы. Таму для тлумачэнняў прыйшлося прыцягваць спецыялістаў.
«Унесці яснасць» папрасілі намесніцу начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, начальніцу галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыну Каржову.
Яна адзначыла, што навучальны прадмет «Дапрызыўная і медычная падрыхтоўка», які ўключае вучэбна-палявыя зборы пасля 10-га класу, праводзіцца ў школах і цяпер. Паводле Каржовай, юнакі праходзяць вучэбна-палявыя зборы, дзяўчаты – медычную практыку. Пры гэтым, каб перайсці ў 11-ы клас, вучні мусяць прайсці гэтае мерапрыемства, бо «выніковая адзнака за 10-ы клас уключае абавязковую адзнаку за вучэбна-палявыя зборы і медычную практыку».
,,«Як бачыце, нейкіх істотных зменаў не плануецца. Адзінае новаўвядзенне датычыць працягласці збораў: цяпер яны павялічаныя з пяці да дзесяці дзён. Такая форма паспяхова выкарыстоўваецца кадэцкімі і сувораўскім вучылішчамі, спецыялізаванымі ліцэямі. Аднак, у адрозненне ад іх, школьнікам неабавязкова кругладзённа заставацца на зборах», – заявіла Ірына Каржова.
Яна патлумачыла, што вучэбныя заняткі будуць арганізаваныя на базах найбліжэйшых вайсковых частак, вайсковых кафедраў ВНУ або ў спецыялізаваных цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі. Заняткі будуць праводзіць настаўнікі «з прыцягненнем кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу вайсковых частак».
Чыноўніца падкрэсліла, што ўся арганізацыя мерапрыемстваў «будзе адпавядаць звычайнаму адукацыйнаму працэсу, уключаючы развязанне пытанняў харчавання згодна з заканадаўствам».
Такім чынам, калі перадаць адказ чыноўніцы простымі словамі: супакойцеся, нічога новага тут няма, вашых дзяцей ужо даўно адпраўляюць на падобныя зборы. Зараз проста гэта будзе даўжэй.

Асваенне абавязкаў абаронцы Айчыны
І сапраўды, такая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, як вучэбна-палявыя зборы, прапісаная Кодэксе аб адукацыі ад 2011 года. Там гэтая форма азначаецца як «вучэбныя заняткі, накіраваныя на фармаванне ўменняў і асноваў культуры, вайсковай службы, неабходных для асваення абавязкаў абаронцы Айчыны».
Правядзенне такіх збораў для спецыялізаваных вучэльняў і праўда мае пэўную традыцыю. У 2023 годзе на базе вядомай вайсковай часткі ў Печах (Аб’яднаны вучэбны цэнтр 72) праводзіліся першыя сумесныя вучэбна-палявыя зборы з навучэнцамі сістэмы кадэцкай адукацыі (для кадэтаў і сувораўцаў). У дзевяцідзённую праграму ўваходзілі конкурсы страявой песні, заняткі па вайсковых дысцыплінах, правядзенне вайскова-тактычнай гульні «Захоп сцяга», вайскова-спартовая эстафета «Ураган», спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і інш. Тады начальнік АВЦ 72 Вадзім Сураў нават хваліўся, што з дзецьмі будуць працаваць інструктары, якія прайшлі навучанне ў вучэбным цэнтры Расейскай Федэрацыі.
Што да праграмы, якая будзе чакаць навучэнцаў 10-х класаў у 2026 годзе, Ірына Каржова адзначыла, што дзесяць дзён будуць уключаць у сябе 60 вучэбных гадзінаў, у тым ліку заняткі па тактычнай, фізічнай, вайскова-медычнай падрыхтоўцы, наданні першай дапамогі. Увагу будуць надаваць таксама страявой і агнявой падрыхтоўцы, абароне ад зброі масавага паражэння, вывучэнню вайсковых статутаў.
Падобныя формы выхавання моладзі ў вайсковым духу існуюць і ў суседняй з намі Расейскай Федэрацыі. Там для вучняў сярэдніх школаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных установаў арганізоўваюцца адмысловыя вучэбныя зборы па асновах вайсковай службы. Гэта прадугледжвае загад Міністэрства адукацыі і навукі РФ ад 24 лютага 2010 года № 96/134. Паводле гэтага дакументу, кіраўніцтва навучальных установаў адказвае за правядзенне пачатковай падрыхтоўкі грамадзянаў у сферы абароны і ўдзел у арганізацыі вучэбных збораў.
Але, у адрозненне ад Беларусі, зборы доўжацца пяць дзён і ўключаюць 35 вучэбных гадзінаў. Іх арганізацыя ажыццяўляецца супольна органамі мясцовага самакіравання, вайсковымі камісарыятамі, кіраўніцтвам навучальных установаў і камандаваннем вайсковых частак, на тэрыторыі якіх праводзяцца заняткі. Вучэбны працэс падчас збораў вядзецца згодна з вучэбна-тэматычным планам і раскладам заняткаў для вызначаных дысцыплінаў.
Выходзіць, што ў Беларусі шкаляры будуць праходзіць зборы на пяць дзён больш, чым нават у Расеі – краіне, якая вядзе вайну.

Да чаго гэта прывядзе
На думку акадэмічнага дырэктара Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Андрэя Лаўрухіна, з’яўленне ў навучальных планах для школьнікаў 10-х класаў вучэбна-палявых збораў сведчыць пра паступовую мілітарызацыю адукацыі і ўбудаванне яе ў зусім іншую сістэму каардынатаў і каштоўнасцей, звязаных менавіта з мабілізацыяй грамадства і падпарадкаваннем яго мілітарысцкім мэтам і каштоўнасцям. Гэтыя каштоўнасці, на думку суразмоўцы «Белсату», супрацьлеглыя гуманістычным, гуманітарным каштоўнасцям і наўпрост жыццю без вайны.
Лаўрухін адзначае, што падобныя зборы былі і раней, але хутчэй як несістэмныя падзеі. Цяпер жа ўлады спрабуюць легалізаваць іх у якасці абавязковага кроку, што ніяк нельга абмінуць.
Адсюль, адзначае суразмоўца, з’яўляецца і абсалютна абгрунтаванае хваляванне бацькоў, якіх чыноўнікі спрабуюць заспакоіць. Бо людзі не разумеюць, што гэта за зборы, хто будзе імі займацца, ці будуць яны праводзіцца пры беспасярэднім удзеле вайскоўцаў, і калі так, то ці ёсць у іх неабходныя педагагічныя кампетэнцыі.
Сама ж рэакцыя на бацькоўскія хваляванні з боку чыноўнікаў, на думку Андрэя Лаўрухіна, таксама паказальная.
,,«Тып камунікацыі такі: не сталі неяк раскладаць гэта ўсё “па палічках”. Бо маглі б супакоіць бацькоў: вось у нас будуць такія выкладчыкі, вось такая праграма, дзеці будуць займацца тым і гэтым. Вы можаце нават паглядзець прыклады распарадку дня, які будзе ў гэтыя дзесяць дзён, – і ўсё. Гэта ж магло б супакоіць усіх! Але гэтага няма. Камунікацыя адбываецца, як у арміі. Загад не абмяркоўваецца. У гэтым сэнсе сістэма адукацыі і яе працаўнікі прымаюць гэты тып вайсковай, мілітарысцкай камунікацыі», – адзначае Андрэй Лаўрухін.
У такіх умовах, на думку суразмоўцы, усе, хто працуе ў сістэме адукацыі, баяцца праяўляць ініцыятыву, каб не падставіць саміх сябе.
«Яны бачаць і адчуваюць, што ўвогуле гэта ненармальная сітуацыя – для грамадства, якое не знаходзіцца ў стане вайны, у стане такой дзікай мабілізацыі і мілітарызацыі. Звычайна, вядома, трэба ўсё тлумачыць. Але цяпер сітуацыя незвычайная, экстраардынарная, анамальная, у якой за кожны нармальны крок і нават за такое тлумачэнне можна сабе стварыць праблему. А таму зразумела, што чыноўнікі ў сістэме адукацыі паводзяцца так, як паводзяцца: моўчкі адседжваюцца і нічога не кажуць», – заўважае Андрэй Лаўрухін.
Ён пагадзіўся, што апошнім часам бачна, што школа пачала займацца выхаваннем будучых салдатаў, якія могуць спатрэбіцца найбліжэйшым часам. На думку суразмоўцы, сістэма адукацыі не змагла знайсці патрэбных словаў, мірных прыкладаў і гуманітарных каштоўнасцяў і таму перадала справу выхавання дзяцей вайскоўцам. Гэта такі даволі адназначны і зразумелы выбар беларускіх палітычных элітаў: даверу сістэме адукацыі няма, таму гэтыя функцыі перададзеныя сілавікам.
,,«А для сілавікоў грамадства – гэта матэрыял, з якога трэба ляпіць салдатаў, медсясцёр, медбратоў. І менавіта да гэтага рухаецца адукацыя, якая фактычна на аўтсорс аддае сваю галоўную функцыю, місію, звязаную з канструяваннем каштоўнаснага свету, паводзінаў, сацыяльных роляў», – кажа Лаўрухін.
Пры гэтым суразмоўца са шкадаваннем рэзюмуе, што грамадства цяпер прымае на сябе сацыяльную ролю «расходнага матэрыялу ў надзвычайных умовах, калі трэба ахвяраваць сваім жыццём».
Раман Шавель belsat.eu