Сілавікі і так могуць атрымаць звесткі пра пасылкі беларусаў, але толькі на запыт да паштовага аператара. Новы законапраект прадугледжвае наўпроставы доступ сілавікоў да базы пасылак.
Палата прадстаўнікоў 14 траўня зацвердзіла ў другім чытанні законапраект аб змене закону «Аб паштовай сувязі». Закон яшчэ не прыняты: зараз ён пойдзе на разгляд у Савет Рэспублікі, і калі той яго ўхваліць, то на подпіс (ці адхіленне) да Аляксандра Лукашэнкі. Выданне «Zerkalo» звярнула ўвагу на адзін з пунктаў праекту: пра базу звестак аб пасылках.
Законапраект прадугледжвае стварэнне «Белпоштай» базы ўліку і захавання звестак пра паштовыя адпраўленні: хто адкуль і каму куды перасылае. Гаворка не толькі пра высланае праз «Белпошту», але і пра высланае праз іншых паштовых аператараў, якія працуюць у Беларусі. Таксама «Белпошта» мае быць аператарам базы і забяспечваць яе працу.
«Белпошта», згодна з праектам, абавязаная даць «кругладзённы доступ да сістэмы ўліку і захоўвання звестак органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць», а таксама дзяржаўным органам, якім гэта дазваляюць іншыя заканадаўчыя акты.
Цяпер сілавікі і так могуць атрымаць звесткі пра пасылкі, але для гэтага мусяць звяртацца да паштовых аператараў. Калі законапраект ухваляць, сілавікі будуць мець пастаянны доступ да адзінай базы звестак пра пасылкі.
Сілавікі ў Беларусі могуць (і ўмеюць) легальна праслухоўваць тэлефанаванні з мабільных і гарадскіх тэлефонаў, тэарэтычна могуць спрабаваць праслухоўваць тэлефанаванні праз мэсэнджары і сацсеткі. Мяркуецца, што мэсэнджары кшталту Telegram і Signal дастаткова абароненыя ад праслухоўвання, але сілавікі могуць узламаць не пратаколы перасылкі звестак, а акаўнты карыстальнікаў. «Белсат» пытаў «Кіберпартызанаў», як абараніцца ад узлому.
Алесь Наваборскі belsat.eu