Мытны камітэт Беларусі прапанаваў абмеркаваць змены ў закон «Аб мытным рэгуляванні». Беларусам не спадабалася норма, якая абавязвае замежныя кампаніі мець у Беларусі мытных прадстаўнікоў.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі вынес на грамадскае абмеркаванне праект закону аб зменах у закон «Аб мытным рэгуляванні». Абмеркаванне будзе трываць да 2 траўня.
Законапраект прадугледжвае парадак сплаты мытных збораў за тавары электроннага гандлю, вызначае ўмовы для атрымання статусу аператара электроннага гандлю, скарачае колькасць дакументаў у адміністратыўных працэдурах адносна мытаў.
Асобны раздзел апісвае, хто такі «аператар электроннага гандлю» і якія ён мае абавязкі. Такога аператара хочуць абавязаць мець у штаце не менш за двух працаўнікоў, якія выконваюць мытныя аперацыі; мець сваю тэрыторыю для захоўвання тавараў; застрахавацца на не менш як 10 тысяч базавых велічыняў і гэтак далей. Гэты аператар, падобна, мае быць прадстаўніком замежных маркетплэйсаў кшталту «AliExpress» у Беларусі.
У каментарах да законапраекту наракаюць на пункт аб рэестры мытных прадстаўнікоў. У гэты рэестр прапаноўваюць дадаваць толькі юрыдычных асобаў, якія месцяцца ў Беларусі; заснавальнікамі якіх ёсць асобы з дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюзу; такія, у якіх дзяржаўная доля складае больш за 50 %. З фармулёўкі ў законапраекце незразумела, ці можна ўключаць у рэестр пры выкананні ўсіх трох умоваў ці толькі пры выкананні толькі адной з іх.
Каментатары непакояцца, што праект выключае залічэнне ў рэестр недзяржаўных мытных прадстаўнікоў, і адзначаюць, што гэта супярэчыць ранейшым абяцанням Аляксандра Лукашэнкі пра спрыянне развіццю камфортнага бізнес-асяроддзя. Заўважаюць, што з усіх кампаніяў у рэестры толькі 19 % складаюць дзяржаўныя, рэшта – прыватныя, у тым ліку з замежным капіталам. Удзельнікі грамадскага абмеркавання непакояцца, што гэта паралізуе большую частку рынку мытных паслугаў.
Гэта не адзіная навінка для электроннага гандлю. Ужо ўхваленыя нормы, якія з 11 ліпеня абавяжуць інтэрнэт-пляцоўкі адказваць на электронныя звароты пакупнікоў. Да таго ж, збіраюцца абавязаць інтэрнэт-крамы вяртаць грошы за няякасны тавар, але таксама плануюць даць інтэрнэт-крамам права прымаць толькі безнаяўную аплату.
Дзяржаўная «Белпошта» ўсё яшчэ працуе над стварэннем уласнай пляцоўкі інтэрнэт-гандлю, абяцае прадаваць беларускія і замежныя тавары, дастаўляць іх па ўсёй Беларусі праз паштовую інфраструктуру. Але «Белпошце» давядзецца канкураваць з гандлёвымі пляцоўкамі родам з Расеі, такімі як «Wildberries» і «Ozon», што ўжо працяглы час актыўна развіваюцца.
Алесь Наваборскі belsat.eu