навіны

Як змяняецца рынак электроннага гандлю ў Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Еўразійская эканамічная камісія збіраецца паступова знізіць бязмытныя ліміты на закупы ў замежных інтэрнэт-крамах. Да 2027 года максімальную суму могуць зменшыць да 50 еўраў. Разам з тым беларускі рынак электроннага гандлю працягвае развівацца: пра запуск уласнага маркетплэйсу заяўляе «Белпошта». Але ці вытрымае канкурэнцыю новая пляцоўка і ці не ўмацуюцца на нашым рынку буйныя гульцы, звязаныя з расейскім капіталам?

Еўразійская эканамічная камісія апублікавала праект дакументу. А ў ім – план зніжэння бязмытнага парогу для тавараў электроннага гандлю ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюзу. Новы праект прапануе паступова скарачаць ліміты бязмытнага завозу. Гаворка пра ўсе куплі, што здзяйсняюцца ў міжнародных інтэрнэт-крамах.

Згодна з праектам, ліміт на бязмытны завоз тавараў будзе зніжацца ў некалькі этапаў:

У 2025-м – да 200 еўраў.
У 2026-м – да 100 еўраў.
У 2027-м – да 50 еўраў.

Цяпер бязмытна можна ўвозіць тавары коштам да 500 еўраў. Паводле прэзідэнта Міжнароднага інстытуту Свабоды
Яраслава Раманчука, гэта прывядзе да таго, што цэны ў інтэрнэт-крамах будуць павялічвацца. 

,,

«Гэта спроба манапалізацыі рынку, таму што, калі шмат гэтых крамаў, тады можна і канкурэнцыю зрабіць. А гэта не падабаецца таталітарным сістэмам, якія арыентаваныя на дзяржплан. Таму, ведаеце, замест усіх гэтых маркетплэйсаў будуць там 2-3 вызначаныя структуры, якім будзе можна больш, чым іншым».


Пры гэтым апошнія шэсць гадоў рынак інтэрнэт-гандлю ў Беларусі павялічыўся амаль у два разы. Паводле Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у 2023 годзе аб'ём продажаў праз інтэрнэт-крамы перавысіў 5 мільярдаў рублёў. Блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч лічыць, што гэта цалкам натуральнае развіцце падзеяў:

«Да нас прыйшоў вось гэты гандаль у онлайн-фармаце пазней за развітыя краіны на некалькі гадоў. Ну, мы разумеем, што ў Беларусі не вельмі спрыяльныя інвестыцыйныя магчымасці. Мы невялікі рынак. І мы ведаем, які ціск цяпер дзяржава аказвае на нашых прадпрыемствах. У тым ліку на тых, якія працавалі ў гэтым фармаце».


Адзін з ключавых трэндаў электроннай камерцыі ў Беларусі – гэта развіццё буйных маркетплэйсаў з расейскім капіталам, такіх як
«Wildberries» і «Ozon». Аляксандр Кныровіч падкрэслівае, што яны прынеслі з сабой новы фармат і магчымасці купіць тыя рэчы, якія жадаюць купіць беларусы, але за цэны, значна ніжэйшыя, чым у звычайных крамах, адзінае…

«Тут ёсць пагроза краіне, калі вельмі буйны рынак, а ён будзе развівацца і далей, захопяць толькі дзве кампаніі з адной краіны, з якой у нас не толькі эканамічныя, але і вельмі такія цяжкія палітычныя стасункі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Белпошты». Менск, Беларусь. 17 снежня 2020 гада. Фота: Цімур Котаў / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзяленне «Белпошты». Менск, Беларусь. 17 снежня 2020 гада. Фота: Цімур Котаў / Белсат

На гэтым фоне пра планы запусціць уласны маркетплэйс заяўляе «Белпошта». Паводле кіраўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства, новая платформа мае стаць аналагам буйных міжнародных гульцоў, даючы беларускім карыстальнікам зручныя і даступныя магчымасці для набыцця тавараў праз інтэрнэт. 

,,

«Я бачу, што ўлады пакуль што, напэўна, зацікаўленыя ў тым, каб проста крыху фінансава пасунуць там "Alegro", "Wildberries", расейскія маркетплэйсы. І частку проста грошай у іх забраць», – разважае беларускі прадпрымальнік Зміцер Завадскі.


Пакуль жа ў планах «Белпошты» прапанаваць як айчынныя, так і міжнародныя тавары, стымулюючы развіццё беларускага інтэрнэт-гандлю.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:


Руслан Ігнатовіч, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10