Аналітыка

Што адбываецца з «Wildberries»? Лукашэнка «жэстачайшэ» ўзяўся за найбагацейшую бізнесоўку Расеі

Пункт выдачы замоваў «Wildberries»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пункт выдачы замоваў «Wildberries». Учалы, Башкыртастан, Расея. 5 кастрычніка 2024 года. Фота: Artyom Vasilyev / Flickr, CC BY-SA 2.0
podpis źródła zdjęcia

«Жорсткая падтрымка» бізнесу, абяцаная Лукашэнкам, выглядае як спроба запужаць уладальніцу «Wildberries». Чаго Лукашэнка хоча ад «Wildberries» і чаму так цікавіцца расейскай сеткай?

Аляксандр Лукашэнка сабраў 17 лютага нараду з прыватнымі бізнесоўцамі. Самай прыкметнай сярод запрошаных была Таццяна Кім – расейская прадпрымальніца і заснавальніца інтэрнэт-маркетплэйсу «Wildberries». З боку Лукашэнкі прагучала дзіўная камбінацыя пагрозаў і абяцанняў дапамогі, а што сказаў бізнес у адказ, не перадавалі. Але пасля сустрэчы «наезды» на «Wildberries» не спыніліся.


Лукашэнка даводзіў бізнесоўцам, што з ім трэба сябраваць


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камароўскі рынак, Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
«Сітуацыя крызісная». Чаму Лукашэнка пачаў абяцаць бізнесу «жорсткае падтрыманне» Аналітыка

На нарадзе Лукашэнка паабяцаў, што будзе «жорстка падтрымліваць» прыватны сектар. Пераконваў, што ў яго «няма нейкага негатыўнага стаўлення да прыватніка». Сказаў нават, каб яму скардзіліся на сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў, якія «перашкаджаюць» бізнесоўцам. 


Ды камбінаваў абяцанні падтрымкі з пагрозамі тым, хто не пойдзе на нейкія неакрэсленыя ўмовы: «Ніхто ў вас бізнес не адбярэ, ніхто вас нахіляць не будзе, дзяліць нешта не будзе. Гэта я вам гарантую. Але дзяржаўны інтарэс перш за ўсё». «Не бярыце чужое, асабліва не залазьце ў дзяржаўную кішэню»; «Мы вас не пакараем, пакуль не знойдзем, за што»; «Усе сёння рванулі ў бізнес: „Ах, бізнес, вялікія грошы!“ Але перш чым туды лезці, ты падумай, ці зможаш ты там працаваць. Гэта няпростая дарога». 


Лукашэнка раіў выбудоўваць адносіны з ім асабіста: «Усё законамі, нарматыўна-прававымі актамі не адрэгулюеш, таму ёсць яшчэ вось гэтыя рэгулятарныя прынцыпы чалавечых адносінаў»; «У мяне дастаткова ўлады, каб паставіць любога на месца». 

Таццяна Кім на сустрэчы бізнесоўцаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 17 лютага 2025 года. Фота: president.gov.by
Таццяна Кім на сустрэчы бізнесоўцаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 17 лютага 2025 года. Фота: president.gov.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Сям'я. Як клан Лукашэнкаў ператварыў Беларусь ва ўласны бізнес навіны

Таксама ён прапанаваў скласці «спіс прыстойных бізнесменаў, добрасумленных». Тым, каго ўнясуць у спіс, ён паабяцаў вызваленне ад праверак Камітэту дзяржаўнага кантролю і падатковай інспекцыі. Сказаў, «мы гатовы не кантраляваць, калі вы будзеце падаткі выплачваць». Прапанаваў ахвочым асабістую падтрымку ў прасоўванні інтарэсаў «у Амане, Эміратах, у Саудаўскай Аравіі, у Афрыцы». 


Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў пасля падкрэсліваў: з гледзішча Лукашэнкі, нельга раздзяляць бізнес на прыватны і дзяржаўны, бо ўсё дзяржаўнае. Дадаў, што заканадаўства «лібералізаваць не трэба», дастаткова «дэбюракратызацыі» і «радыкальнай працы па рэгулярторным асяроддзі». Паскардзіўся, што не атрымлівае зваротнай сувязі ад бізнесу, і назваў сябе «мосцікам у будучыню» для бізнесу.


Падобна, усё гэта было адрасавана «Wildberries»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё 50-й крамы «Віталюр». Менск, Беларусь. 28 красавіка 2018 года. (Фота: Vitalur.by)
Сілавікі супраць гандлю. Хто ў беларускім рытэйле правініўся, «зажэрся» і «страх згубіў» навіны

Лукашэнка расказаў, што атрымаў з ураду ліст, які тычыцца развіцця «Wildberries» у Беларусі: 


«Яны гатовы пашырацца тут і прадаваць. Пытанне: што прадаваць? Мы імкнёмся да імпартазамяшчэння. Наш рынак невялікі, але мы хацелі б заняць гэты рынак сваёй вытворчасцю. І гэтак далей, і да таго падобнае. Калі так – калі ласка. Але яшчэ трэба ўлічыць адну рэч. 


Я не хачу, каб зніклі крамы крокавай дасяжнасці, маленькія крамы і гэтак далей. Я не хачу, каб была манаполія буйных сетак. І не хачу, каб у кагосьці былі такія ўмовы, а ў гэтых – гэтакія. Але калі нехта мадэрнізаваўся і рушыў наперад у будучыню, а Wildberries працуе менавіта так… Я ўжо баюся, што ўвесь гандаль хутка пяройдзе ў інтэрнэт. Такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць».

,,

«Але любое прадпрыемства павінна працаваць на Беларусь, на дзяржаву, – сказаў Лукашэнка, згадаўшы «Wildberries». – Тады ў мяне не будзе да вас прэтэнзіяў».


У дзяржаўных медыях заснавальніцу «Wildberries» Таццяну Кім паказвалі больш за іншых – менш толькі за Лукашэнку і Снапкова, заўважыла «Наша ніва». На яе магло быць скіраванае ўсё мерапрыемства, сказаў выданню чалавек, якога «Наша ніва» назвала «адным са старажылаў менскага дэвелапменту». Кім, паводле яго, улезла ў вялікі бізнэс-праект у Беларусі, «але можа не аддаваць яшчэ сабе справаздачы, што тут не робіцца чысты бізнес, і на кожны рубель ільготы спрос на два». Чытаць натацыі адной толькі расейскай бізнес-вуман было б непрыгожа, таму склікалі «салянку блатных і жабракоў». Паводле выдання, сход планавалі яшчэ да выбараў, «і пра гэта ўсе ведалі, нават канкрэтную дату», але ў Кім не атрымлівалася ў прызначаную дату, дзеля яе сход перанеслі.


Прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч кажа ў перадачы «Zoom»: на ягоную думку, улады Беларусі дазволяць развівацца «Wildberries», але зробяць усё, каб Таццяна Кім «разумела, ад каго залежыць ейны бізнес у Беларусі», «хадзіла тым жа самым строем». 


Кныровіча здзівіла карцінка, як расейская мільярдэрка сядзела ў атачэнні беларускіх чыноўнікаў і слухала, што яна такая ж, як беларускія прадпрымальнікі. Калі не лічыць Лукашэнку, то рэшта прысутных у пакоі разам не мела і дзясятай часткі фінансаў Таццяны Кім. Сам факт таго, што яна прысутнічала на такой сустрэчы, наводзіць Кныровіча на думку:

,,

«Мы бачым, што Таццяна з гэтым цалкам пагадзілася гуляць у гэтую гульню».


Ды пасля сустрэчы, 18 і 19 лютага «Wildberries» нагадалі пра дзяржаўны кантроль: Міністэрства гандлю спачатку прадпісала «Wildberries» ліквідаваць парушэнні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, затым – спыніць рэалізацыю забароненых тавараў. Міністэрства заявіла, што з 2022 года на сетку паступіла больш як 4,6 тысячы скаргаў. Але і дасюль там прадавалі парфуму і касметыку з краінаў, якія праводзяць «несяброўскую» палітыку ў дачыненні Беларусі, адсутнічала інфармацыя пра шмат вытворцаў тавараў, на галоўнай старонцы інтэрнэт-крамы не было звестак пра спосабы аплаты тавараў, а грошы вярталіся на баланс асабістага кабінету, а не на рахунак спажыўца.


Гэта не першы «знак увагі» да «Wildberries»: у кастрычніку 2024 года Генпракуратура дала пастанову дырэктару інтэрнэт-крамы «Wildberries» у Беларусі, згодна з якой яна мусіць спыніць продаж беспілотных лятальных апаратаў, авіямадэляў і запасных частак да іх. А ў пачатку 2023 года старшыня Дзяржкантролю расказваў, што Лукашэнка асабіста даручыў разабрацца з пытаннем платнага вяртання тавару на «Wildberries».


З другога боку, «Wildberries» адкрыта супрацоўнічала з уладамі Беларусі: заклікала ісці на выбары надпісамі на пакетах.


Чым так важныя Кім і «Wildberries»?

Адзін з ключавых трэндаў электроннай камерцыі ў Беларусі – гэта развіццё буйных маркетплэйсаў з расейскім капіталам, такіх як «Wildberries» і «Ozon». Улады Беларусі спрабуюць стварыць ім канкурэнцыю праз запуск маркетплэйсу «Белпошты». Мінгандлю таксама рэкламавала маркетплэйс «EMall» ад «Еўраопту». Але не выглядае, каб яны змаглі пацясніць «Wildberries»: як адзначала радыё «Свабода», доля расейскіх гульцоў на беларускім рынку онлайн-гандлю пастаянна расце і можа цяпер перавышаць 40 %. 


Канкурэнцыі з боку сусветных гігантаў кшталту «Amazon» і «Ebay» няма: з 2022 года першы прыпыніў пастаўкі тавараў у Беларусь і Расею, другі – абмежаваў. Для кітайскага «AliExpress» у 2023 годзе ўвялі падатак на даданую вартасць у 20 %, замаўляць там некаторыя рэчы стала нявыгадна, на «Wildberries» і «Ozon» стала танней.


Кныровіч нагадвае, што ў Беларусі ёсць і іншы онлайн-рытэйл: 21vek.by, Oz.by і гэтак далей. Але яны не могуць канкураваць з «Wildberries»:

,,

«Гэта бізнес на такія грошы, такія тэхналогіі, якіх зараз няма цалкам у Беларусі», – кажа Кныровіч пра «Wildberries».


Беларускія кампаніі не змаглі за час, які быў на самастойнае развіццё, выйсці на такія аб’ёмы, каб канкураваць з расейскімі сеткамі, не таму, што ім не давалі развівацца, лічыць Кныровіч. Проста суадношанне насельніцтва Беларусі і Расеі – 1 да 15, суадношанне прадпрымальніцкай актыўнасці і наяўнасці грошай – 1 да 2.


«Wildberries» будуе ў Беларусі вялікі лагістычны хаб: размеркавальны цэнтр для дастаўкі тавараў у кітайска-беларускім парку «Вялікі камень». Продаж участку пад хаб стаў найбуйнейшай угодай у гісторыі парку. Аб’ём інвестыцыяў у цэнтр, як сцвярджаецца, блізкі да 124 млн долараў.

Офіс «Wildberries». Фота: fin-az.ru
У Расеі велізарны скандал вакол «Wildberries». Чаго чакаць беларусам і да чаго тут Прыгожын з Кадыравым? навіны

«Wildberries» і «Ozon» – сапраўдныя гіганты. «Forbes» ацэньвае іх адпаведна ў 6,6 і 8 млрд долараў. Даражэй толькі «Яндэкс»: 16,4 млрд. 


Багацце самой Таццяны Кім летась ацэньвалі летась у 7,4 млрд долараў – яна была на 22-м месцы ў рэйтынгу расейскіх мільярдэраў. Пасля канфлікту з мужам (са стралянінай і кадыраўцамі) пара падала на развод. Развод завяршыўся 10 лютага, але суд аб раздзеле маёмасці толькі пачаўся, ідзе ў закрытым рэжыме.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10