навіны

Вайсковыя вучэнні «Захад-2025» – пагрозы і рэчаіснасць

Лётна-тактычныя вучэнні Узброеных сілаў Беларусі і Расеі на Берасцейскім палігоне
Лётна-тактычныя вучэнні Узброеных сілаў Беларусі і Расеі на Берасцейскім палігоне. 26 студзеня 2023 года. Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

20 лютага 2025 прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі, памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка агучыў, што ў сярэдзіне верасня 2025 года адбудуцца супольныя з Расеяй вучэнні «Захад-2025».

Паводле Равенкі, у часе вучэнняў будуць задзеяныя больш за 13 000 вайскоўцаў. Пры такой колькасці, згодна з Венскім дакументам 2011 года, мусяць быць запрошаныя прадстаўнікі краінаў-падпісальніц. Нагадаю, што ў V раздзеле Венскага дакументу прадугледжана, што дзяржавы-ўдзельніцы мусяць паведамляць пра вучэнні не пазней як за 42 дні да іх пачатку. Гэта неабходна, калі колькасць удзельнікаў і тэхнікі перавышае пэўны ўзровень. Напрыклад, калі задзеяныя больш за 9000 асобаў, 250 баявых танкаў, 500 баявых браняваных машынаў ці 250 гарматаў. Або калі ў вучэннях бяруць удзел больш за 13 000 асобаў, 300 баявых танкаў, 500 ББМ ці 250 гарматаў.

 

Сапраўды, 18 сакавіка ў Менску праводзілася паседжанне кансультацыйнай групы міністэрстваў абароны РБ і РФ з адпаведнымі пытаннямі. У выніку, напрыклад Польшчы было прапанавана даслаць сваіх назіральнікаў, але таксама – даць допуск прадстаўнікам Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі да інспекцыі 80-кіламетровай зоны ўздоўж беларуска-польскай мяжы, каб спраўдзіць стан Узброеных сілаў Польшчы ў гэтай зоне. З паведамленняў польскай прэсы мы даведаліся, што кіраўніцтва Польшчы палічыла немэтазгодным пускаць беларускіх і расейскіх інспектараў на сваю тэрыторыю. Таксама прэса паведамляла, што назіральнікі на вучэннях «Захад-2025» усё-ткі будуць запрошаныя, але, падобна, выключна з ліку краінаў АДКБ.

Чарговыя вучэнні ў Беларусі. Фота: МУС Беларусі
Чарговыя вучэнні ў Беларусі. Фота: МУС Беларусі

З аналізу інфармацыі, даступнай нам з адкрытых крыніцаў, і сведчанняў крыніцаў унутры Беларусі, на гэтым этапе нічога не сведчыць, што вучэнні «Захад-2025» стануць «самымі буйнымі». Застаецца 4 месяцы да абвешчанага пачатку вучэнняў, але няма інфармацыі пра масавы завоз на тэрыторыю Беларусі разыходных матэрыялаў – снарадаў, набояў і гэтак далей. Нагадаю, што Беларусь не мае сваёй вытворчасці снарадаў. Больш за тое, не мае вытворчасці так званага бяздымнага пораху. 

,,

Тое, што было на беларускіх складах, расейцы выграблі, калі пачалі з беларускай тэрыторыі агрэсію супраць Украіны. На складах блізкай да Украіны Гомельскай вобласці, са словаў нашых сяброў, засталіся адно мінамётныя міны ды снарады для РСЗА тыпу «Град». Дагэтуль ідзе ўтылізацыя тары з-пад забранага расейцамі ўзбраення.


Падчас падобных вучэнняў «Захад-2021» Міністэрства абароны РБ рэзервавала вялізную колькасць рухомага чыгуначнага саставу (грузавыя вагоны, паўвагоны, платформы і г. д.). Сёлета такой інфармацыі няма. Больш за тое, расейцы забіралі частку сваіх зенітна-ракетных комплексаў С300 і С400, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, назад на сваю тэрыторыю – для пільнавання паветранай бяспекі вакол Масквы напярэдадні параду 9 траўня.

 

Адзінае, што ўскосна можа сведчыць пра рыхтаванне чыгункі да буйных транспартаванняў, гэта замена драўляных шпалаў на бетонныя, што павялічвае дапушчальную нагрузку. Але гэтая замена можа быць і планавай, у сувязі з заканчэннем тэрміну эксплуатацыі драўляных шпалаў (праз гніенне).

,,

Падсумоўваючы: пакуль няма пацверджання інфармацыі, асабліва ўкраінскіх СМІ, што вучэнні «Захад-2025» нясуць пагрозу Украіне і могуць стаць паўтарэннем вучэнняў «Захад-2021», калі расейцы завезлі свае войскі на тэрыторыю Беларусі, пакінулі іх там і ў 2022 пайшлі наступам на Украіну.



Сяргей Бульба для belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10