навіны

«Палітыка ў дачыненні Менску не зменіцца». Польшча рыхтуецца да выбараў прэзідэнта

img
Галасаванне на выбарах у Сейм Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года. Фота: Attila Husejnow/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Выбары прэзідэнта Польшчы пройдуць 18 студзеня, і, падобна, гэта будзе толькі першы тур, бо ніводны з кандыдатаў, паводле апытанняў грамадскай думкі, не здабудзе больш за 50 % галасоў, неабходных для абрання. Чаго чакаць беларусам са зменаю прэзідэнта суседняй краіны?

У Польшчы дакладна будзе новы прэзідэнт: для Анджэя Дуды гэта другі тэрмін на пасадзе, а больш – нельга. Трынаццаць асобаў, сярод якіх дзве жанчыны, змагаюцца за пасаду прэзідэнта нашай суседняй краіны.


Агітацыйныя матэрыялы на вуліцах, а на тэлебачанні і ў сацыяльных сетках – гарачыя дэбаты: шмат і ў розных фарматах.


Рэйтынгі паказваюць, што цяпер ніхто не здольны перамагчы ў першым туры, таму выбары пройдуць за два этапы. Лідаруе Рафал Тшаскоўскі, у якога 32 % прыхільнікаў. Мэр Варшавы, прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі, які на мінулых выбарах саступіў дзейнаму прэзідэнту Дуду ўсяго 2 % галасоў. Тшаскоўскі – за еўраінтэграцыю як гарантыю нацыянальнай бяспекі.

Кандыдат на прэзідэнцтва ў Польшчы Рафал Тшаскоўскі на перадвыбарчым мітынгу ў Катавіцах. 23 красавіка 2025 года. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images
Кандыдат на прэзідэнцтва ў Польшчы Рафал Тшаскоўскі на перадвыбарчым мітынгу ў Катавіцах. 23 красавіка 2025 года. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images

На перадвыбарчым мітынгу ў горадзе Еленя Гура 12 красавіка палітык згадаў Беларусь, калі гаварыў пра бяспеку. Ён заявіў, што ўсходняя мяжа Польшчы мусіць быць сёння самаю бяспечнай мяжою ў Еўропе:

,,

«Гэта мяжа паміж двума светамі, паміж светам дэмакратыі і светам дэспатыі. Сёння на нашай мяжы трывае цывілізацыйная вайна і вызначаецца, будзем мы ў бяспецы ці не».


Рафал Тшаскоўскі на сустрэчы з прыхільнікамі. Коньске, Польшча. 11 красавіка 2025 года. Фота: NurPhoto / Getty Images
Фаварыт прэзідэнцкай гонкі ў Польшчы назваў мяжу з Беларуссю «мяжою паміж дэмакратыяй і дэспатыяй» навіны

Галоўны супернік Тшаскоўскага – гісторык, антыкамуніст Караль Наўроцкі. Ён мае 25,5 %. Заручыўся падтрыманнем нацыянальна-кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць».


У снежні летась на перадвыбарчай сустрэчы ў Любліне палітык запэўніў, што будзе падтрымліваць палякаў, якія жывуць за межамі Польшчы, у тым ліку ў Беларусі:


«У Беларусі палякі рэпрэсаваныя і маюць патрэбу не толькі ў дыпламатычнай, але і ў рэальнай дапамозе з боку Польшчы. Я хачу, каб вы ведалі, што я буду падтрымліваць польскую грамаду ў Беларусі і ўва ўсім свеце».


Як заўважыў у размове з «Белсатам» палітолаг Павел Усаў, «зацятая барацьба з выкарыстаннем розных тэхналогіяў адбываецца менавіта паміж гэтымі двума кандыдатамі». У выніку выбарнікі, «стомленыя змаганнем паміж гэтымі двума сіламі», могуць пайсці да альтэрнатыўнага кандыдата.

Кандыдат на прэзідэнцтва ў Польшчы Караль Наўроцкі на перадвыбарчым мітынгу ў горадзе Гарволіне. 5 траўня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images
Кандыдат на прэзідэнцтва ў Польшчы Караль Наўроцкі на перадвыбарчым мітынгу ў горадзе Гарволіне. 5 траўня 2025 года. Фота: Omar Marques/Getty Images

Ёсць імавернасць, што ў другі тур замест Наўроцкага пройдзе кандыдат ультраправай Канфедэрацыі «Вольнасць і незалежнасць» Славомір Мэнцэн, востры крытык першых двух кандыдатаў. Еўраскептык і антыліберал выступае за развіццё Польшчы асобна ад Еўразвязу.


Зрэшты, калі пераможа адзін з двух сённяшніх фаварытаў, ён будзе глядзець на Беларусь і беларусаў «з пункту гледжання ўнутранай бяспекі Польшчы, росту напружанасці на мяжы», кажа Усаў:


«І гэта ўсё будзе адбівацца на палітыцы ў дачыненні беларусаў і міграцыі беларускай у Польшчы».


Пры гэтым Кацпэр Ваньчык з польскага Акадэмічнага цэнтру стратэгічнай аналітыкі ў каментары «Белсату» адзначае, што палітыка Польшчы агулам не можа радыкальна змяніцца пад уплывам прэзідэнта:


«У Польшчы ўлада прэзідэнта моцна абмежаваная. Лічыцца, што ён ёсць галоўным чынам прадстаўніком дзяржавы. Галоўная прэрагатыва, якою прэзідэнт можа карыстацца, – гэта вета. Прэзідэнт можа не падпісаць закону, які быў прыняты парламентам».


Аналітык таксама падкрэсліў, што палітыка Польшчы ў дачыненні Беларусі наўрад ці зменіцца з новым прэзідэнтам:

,,

«Варшава найбліжэйшым часам, нягледзячы на вынік выбараў, не будзе мяняць палітыкі ні ў адносінах санкцыяў, ні ў плане нейкіх крокаў у бок Менску ці Масквы».


Юлія Цяльпук, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10