30 сакавіка пасля дамовы паміж прэзідэнтамі Уладзімірам Зяленскім і Доналдам Трампам адбылося падпісанне Угоды пра стварэнне Інвестыцыйнага фонду ўзнаўлення паміж ЗША і Украінаю, якую яшчэ часам называюць пагадненнем аб нетрах або карысных выкапнях. Эксперты называюць дакумент гістарычным.
Пад пагадненнем паставілі подпісы міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт і міністарка эканомікі Украіны Юлія Свырыдэнка.
,,«Гэтае пагадненне выразна сігналізуе Расеі, што адміністрацыя Трампа прыхільная мірнаму працэсу, сканцэнтраванаму на свабоднай, суверэннай і квітучай Украіне ў доўгатэрміновай перспектыве. І, каб было зразумела, ніводная дзяржава ці асоба, якія фінансавалі або рабілі пастаўкі расейскай ваеннай машыне, не атрымае выгады ад аднаўлення Украіны», – прыводзіць словы міністра фінансаў ЗША Скота Бэсэнта выданне «Bloomberg».

ЗША і Украіна наблізіліся да дамовы аб выкапнях. Але ж ці на ўкраінскім баку Штаты?
Паводле Юліі Свырыдэнкі, створаны фонд будзе «прыцягваць глабальныя інвестыцыі» ва Украіну.
Асноўныя прынцыпы, прапісаныя ва ўгодзе, можна звесці да некалькіх асноўных пунктаў, якія сфармулявала міністарка фінансаў Украіны.
- Украіна цалкам захоўвае ўласнасць на свае рэсурсы – нетры, тэрыторыі, прадпрыемствы.
- Фонд ствараецца на ўмовах раўнапраўнага партнёрства (50/50) з супольным кіраваннем без перавагі аднаго з бакоў.
- Угода не прадугледжвае зменаў у працэсах прыватызацыі або ўпраўлення дзяржаўнымі кампаніямі, яны і надалей належаць Украіне.
- Дакумент не прадугледжвае ніякіх пазыковых абавязкаў Украіны перад ЗША.
- Угода адпавядае Канстытуцыі і не змяняе курсу Украіны на еўраінтэграцыю, адпавядаючы ўсім яе міжнародным абавязкам.
- Усе даходы фонду будуць паступаць выключна з новых ліцэнзіяў на здабыванне.
- Для функцыянавання фонду прадугледжваюцца толькі кропкавыя заканадаўчыя змены (у прыватнасці, у бюджэтны кодэкс), сам дакумент будзе ратыфікавацца Вярхоўнаю Радай Украіны.
- ЗША дапамогуць прыцягваць дадатковыя інвестыцыі і тэхналогіі ва Украіну праз агенцтва DFC.
- Угода надае падатковыя гарантыі. Даходы і ўнёскі фонду не абкладаюцца падаткамі ні ў ЗША, ні ва Украіне, каб інвеставанне прынесла як мага больш вынікаў.
Свырыдэнка адзначыла: Украіна і ЗША сфармавалі версію ўгоды, што прадугледжвае ўзаемавыгадныя ўмовы для абедзвюх дзяржаваў.
,,«Гэта ўгода, у якой ЗША адзначаюць сваё імкненне спрыяць дасягненню доўгатэрміновага міру ва Украіне і прызнаюць унёсак, які Украіна зрабіла ў глабальную бяспеку, адмовіўшыся ад ядравага арсеналу. Угода, у якой ЗША адзначаюць сваю адданасць пытанням украінскай бяспекі, аднаўлення і рэканструкцыі», – напісала міністарка фінансаў Украіны.
Нагадаем, што цырымонія падпісання дакументу адбылася ў соты дзень прэзідэнцтва Доналда Трампа, яна завершыла напружаныя перамовы, поўныя непаразуменняў, што пачаліся ў лютым падчас прыезду Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон. Падпісанне мусіла адбыцца яшчэ тады, але пасля спрэчкі ўкраінскага прэзідэнта з Трампам у Авальным кабінеце было адкладзенае.
Раман Шавель belsat.eu