Мова Ашмяншчыны прэтэндуе на статус асобнага дыялекту беларускай мовы. Пра гэты рэгіён Беларусі пагутарылі ашменчукі Аляксей і Віктар. А з граматычнай часткі вы даведаецеся, колькі існуе дыялектаў беларускай мовы і ці ёсць сярод іх расейская.
Госць праграмы – культурніцкі і грамадскі дзеяч Аляксей Лукашэвіч. Ён жартуе, што грамадская дзейнасць паглынула яго цалкам, трымае і не адпускае. Такі ўжо ён чалавек – цікавіцца тым, што адбываецца вакол, імкнецца дапамагчы людзям, «душа цягнецца да актыўнасці».
Адзін з паспяховых праектаў Аляксея – «Кава з гісторыкам». Ён увасобіў цікавасць да гісторыі ды культуры роднага краю і жаданне ёю падзяліцца:
,,«Лакальнасць важная тым, што ты захоўваеш сябе і не размываешся ў вялікім свеце. Плюс гэта цікава іншым: калі ўсе мы розныя – цікава паглядзець, як у суседзяў. Калі мы паедзем на Пастаўшчыну – там цымбалы, нейкія фестывалі праводзяцца. Прыедзем на Ашмяншчыну – у нас мотакрос і штосьці яшчэ сваё можам паказаць. Гэта натуральна: гэта сваё і трэба сваё прамаваць».
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч апавёў пра родную ашмянскую гаворку.
У беларускай мове існуюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. А між імі – пераходныя сярэднебеларускія гаворкі. На іх аснове пераважна і фармавалася ды развіваецца беларуская літаратурная мова. Дарэчы, адсюль паходзяць Францішак Багушэвіч і стваральнік першай беларускай граматыкі для школаў Браніслаў Тарашкевіч. На паўднёвым захадзе Берасцейскай вобласці таксама вылучаюць асобную палескую дыялектную групу. Пра беларускія гаворкі за межамі Беларусі мы гутарылі ў адным з мінулых выданняў праграмы:
Родная гаворка Віктара – ашмянская – трапіла ў зону сярэднебеларускіх гаворак. Яна мае шэраг характэрных рысаў.
Поўнае аканне і пераднаціскное яканне, якое перайшло ў беларускую літаратурную мову.
Адметныя формы дзеясловаў другога спражэння ў 3-й асобе маюць форму без -ць толькі тады, калі націск не падае на канчатак. Напрыклад: (ён) носе, робе, гавора, але дрыжыць.
Шырока ўжываюцца дзеепрыслоўныя формы замест прошлага часу: паехаўшы замест паехаў, ён быў пайшоўшы замест быў пайшоў.
У Месным склоне множнага ліку назоўнікаў замест -ах маецца канчатак -ох: сядзець у кустох, лазіць па палёх, вісець на дзвярох (выключэнне тут – назоўнікі жаночага роду, бо ў іх няма такога).
Шэраг словаў мае свае варыянты націску. Да прыкладу, Ашмяна́ – а не Ашмя́ны, мыша́ – а не мыш, гуся́ – а не гусь, куры́ца – а не ку́рыца, а́грэст – не агрэ́ст, п'яны́ – не пʼя́ны, яйко́ – не я́йка і г. д.
Лексіцы Ашмяншчыны характэрнае шырокае выкарыстанне балтызмаў і паланізмаў: лупы – гэта губы; лупаты – гэта губасты, а не з вылупленымі вачыма, як у літаратурным варыянце; міжджэць – гэта асабовая форма «карцець», да прыкладу, я аж міжджэў нешта зʼесці – так мне карцела паесці; клундзюк – гэта вяленае мяса; жэргаць – гэта перакрочваць; мітрэнга, калейка – гэта чарга; абцэнгі – гэта абцугі; жэбры – гэта рэбры; квецень – назва месяца красавіка; жалязка – гэта прас; Вельканац – гэта Вялікдзень.
Слынны беларускі лінгвіст Янка Станкевіч, які таксама паходзіць з гістарычнай Ашмяншчыны, у сваіх працах вылучаў нават асобны віленска-ашмянскі дыялект. Нездарма ашменчукі лічаць сваю мову сталічнаю.
А месца для расейскай мовы сярод дыялектаў беларускай не знайшлося.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».