Меркаваннi

Кейс для падручніка, або «Ды што ж вы робіце?!»

Ураджай бульбы. Карэлічы, Беларусь. 23 верасня 2017 года
Ураджай бульбы. Карэлічы, Беларусь. 23 верасня 2017 года. Фота: П'ер Кром / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Бульба – гародніна для беларусаў, вядома ж, экзістэнцыяльная, вызначальная. Памятаю: у пачатку 1980-х матуля давала мне адзін рубель і прасіла набыць 10 кг па дарозе са школы дахаты. Для выканання гэтага важнага сямейнага даручэння я крочыў да адмысловай крамы-шапіка, уставаў у чаргу вельмі невясёлых савецкіх грамадзян, і там нешта ў глыбіні грукатала, і пад святло цьмянай лямпачкі вывальвалася яно, брудна-шэрае, мокрае, з вялікай колькасцю зямлі (так ураджаю больш!) і вельмі сумнеўнай якасці. Затое па 10 (або 8?) капеек за 1 кг. На сярэдні заробак грамадзяніна можна было абзавесціся нешта каля 1,4 тоны вось такой бульбяна-земляной сумесі.

Збор бульбы. Хракавічы, Беларусь, 7 кастрычніка 2005 года. Фота: Rolf Schulte/ullstein bild / Getty Images

Аповесць пра двухаблічную сельскую гаспадарку

Меркаваннi

Цяпер яно не так, і заходзячы ў краму, прыдзірлівы беларускі пакупнік пад надпісам «Бульба» чакае пабачыць нешта цалкам прыстойнае – як мінімум сухое, і ўсё такое ж таннае. А там... А там сёння бывае вельмі нават па-рознаму.

Не сказаць, каб бульбы ў краіне няма. Яна, вядома ж, ёсць, аднак... Чым можна патлумачыць імгненны рост максімальна дазволеных коштаў на бульбу «нямытую» з 1,1 рубля да 1,5 рубля? Гэта ж 36 % адным махам, вы што ж творыце, ірады? Гэта ж з якога гэта часу ў нас сацыяльна адрэгуляваная бульба стала па паўдолара? Гэта ж рэкорд, на траціну больш раней назіраных максімумаў.

Ды і простае дзеянне, дзяленне сярэдняга беларускага заробку на кошт нават сацыяльнай бульбачкі дае вельмі непрыемны вынік – 1,6 тоны. Гэта кажа нам пра тое, што вымяральны ў бульбе ўзровень жыцця беларускага грамадзяніна зусім не далёка адʼехаў ад савецкага.

,,

Але гэта ж мы толькі пра рэгуляваную, нямытую бульбу ўзгадалі, а што ж у нас з камерцыйнай, мытай?


І тут подых перахоплівае. Калі ўзяць нармалёвы беларускі клубень, памыць і спакаваць, яго кошт становіцца ўжо чатыры рублі за адзін кілаграм.

І ў той момант, калі мяне ўсё ж адпускае, калі я зноў магу ўдыхаць-выдыхаць, калі выціраю слёзы з вачэй, у мяне нараджаецца зусім шэкспіраўскае пытанне: «Як?! Як у вас так атрымліваецца, што беларуская бульба ў Беларусі (мытая) чамусьці на добрыя 30 % даражэйшая, чым польская ў Польшчы?».

Чарговае практыкаванне з чацвёртага класа, дзяленне сярэдняй зарплаты на кошт мытага (няхай яго порхаўка прабярэ) кілаграма прыводзіць да суадносін адзін да 3,3, альбо 0,6 тоны ў Беларусі і дзве ў Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям'я збірае ўраджай бульбы ў местэчку Карэлічы, Гродзенская вобласць, Беларусь. 23 верасня 2017 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images

Падобна на тое, што «бульбашы» – гэта больш не пра беларусаў

Меркаваннi

Я, вядома ж, ведаю, і адказы. І на шэкспіраўскае пытанне «Як?!», і на пытанне «Хто вінаваты?». І нават на пытанне «Што рабіць?». Не таму, што я такі разумны і ў мяне дзве эканамічныя адукацыі, а таму што гэта вельмі нескладана, гэта паводле падручніка.

Калі пачаць рэгуляваць кошты і пры росце выдаткаў (зарплаты, паліва, угнаенні) паспрабаваць прымусіць вытворцаў працаваць сабе ў страту (не выкарыстоўваючы спецсродкаў прымусу), яны правільна ўспрымуць сігнал і адмовяцца ад вытворчасці такога тавару. Гэтым яны створаць дэфіцыт, які, у сваю чаргу, выкліча неабходнасць рэзкага росту цэнаў. Гэта, уласна, і ўсё. Гэта і адбылося ў Рэспубліцы Беларусь.

Адказ на пытанне «Хто вінаваты?» таксама не складаны. Як толькі вы бачыце грамадзяніна, які хоча ашчаслівіць насельніцтва ўручную рэгуляванымі (а то і пастаяннымі) коштамі, ведайце: ён збіраецца забраць грошы з вашай асабістай кішэні. Паводле дурасці альбо паводле подласці? А якая вам розніца?

Ну і з «Што рабіць?» таксама няма нічога складанага. Адказ ніяк не цягне на Нобеля. Цэны ніжэйшыя, устойлівейшыя, а тавары больш даступныя ў тых краінах, дзе няма ніякага рэгулявання, дзе нармальнае рынкавае цэнаўтварэнне (выключэннем зʼяўляюцца цэны манаполіяў, якія рэгуляваць трэба).

Далей будзе лягчэй. Прэмʼер Турчын, які адпусціў кошты ў (амаль) свабоднае плаванне, робіць усё правільна. І, магчыма, паспеюць яшчэ гаспадаркі і прыватнікі сёлета павялічыць плошчы пад гэтую традыцыйную культуру (нагадаю, нават дзяржцана $ 0,5 за 1 кг павінна іх на гэта натхняць), і да верасня мы забудзем пра гэтую размову, вернемся да стандартнага стану, калі кошты на бульбу не хвалююць рашуча нікога.

Але сам досвед неацэнны. Яго б варта было ўпісаць у праграму выкладання эканамічных дысцыплін у беларускіх ВНУ, у раздзел «Як не трэба рабіць». Але, баюся, да гэтага моманту прыйдзецца яшчэ некаторы час пачакаць.

belsat.eu / МВ

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10