Трывожная тэндэнцыя: колькасць выпадкаў клешчавога энцэфаліту расце з кожным годам, а формы хваробы становяцца ўсё больш цяжкімі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму пра гэты вірус ведалі пераважна медыкі і турысты, то цяпер гэта праблема агульнанацыянальнага ўзроўню, якая ўсё часцей закранае гараджанаў.
З пачатку года – дзясяткі цяжкіх выпадкаў
Паводле Міністэрства аховы здароўя, колькасць выпадкаў клешчавога энцэфаліту (КЭ) вырасла з 108 у 2021 годзе да 368 у 2023-м. І гэта толькі паводле афіцыйных звестак. За першае паўгоддзе 2024 года зафіксавана ўжо не менш за 80 выпадкаў, і, як паведамляе ініцыятыва беларускіх медыкаў у выгнанні «Белыя халаты», шматлікія з іх працякаюць цяжка. Паступаюць паведамленні пра людзей, якія трапляюць у рэанімацыі пасля звычайнай прагулкі ў лесе ці працы на лецішчы. Медыкі канстатуюць: усё часцей фіксуюцца цяжкія формы хваробы – менінгаэнцэфаламіеліт і поліяміелаэнцэфаліт.
,,Клешчавы энцэфаліт – найбольш небяспечнае захворванне, якое перадаецца кляшчамі. Нават пры своечасовым лячэнні ён можа прывесці да інваліднасці, а ў запушчаных выпадках – да смерці.
Хваробу выклікае вірус, які атакуе нервовую сістэму. Заразіцца можна не толькі праз укус кляшча, але нават спажываючы негатаванае малако казы ці каровы, інфікаваных у выніку ўкусаў кляшчоў.
Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 8 да 30 дзён. Затым развіваецца першая хваля хваробы: дрыжыкі, рэзкае павышэнне тэмпературы, галаўны боль, млоснасць, ваніты, галавакружэнне, болі ў канцавінах. Сімптомы могуць мінуць за тыдзень, але праз 1–2 тыдні надыходзіць другая хваля хваробы, якая заўсёды цяжэйшая. У гэты момант рэзка падымаецца тэмпература, узмацняецца галаўны боль, вяртаецца млоснасць, з'яўляюцца парушэнні сну і цяжкія неўралагічныя разлады.

Чаму хвароба становіцца больш небяспечнаю?
Як адзначаюць медыкі, сітуацыю ўскладняюць некалькі фактараў. У Беларусі ўжо выяўлены небяспечны далёкаўсходні падтып віруса – менавіта ён часцей за ўсё выклікае цяжкія формы хваробы. Апроч гэтага, шматлікія выпадкі не выяўляюцца своечасова: беларусы не звяртаюць увагі на першасныя сімптомы, а медыкі часта не лічаць клешчавы энцэфаліт імавернаю прычынай ліхаманкі. Асобная праблема – заражэнне праз непастэрызаванае малако, асабліва казінае. Такія выпадкі таксама не рэдкасць, і выяўляюцца яны занадта позна, калі дапамога ўжо малаэфектыўная.
Нагадаем, у Беларусі зарэгістравана больш за 10 відаў кляшчоў, якія могуць пераносіць дзевяць узбуджальнікаў інфекцыяў, такіх як клешчавы энцэфаліт, Лайм-барэліёз, анаплазмоз, эрліхіёз, Ку-ліхаманка, рыкетсіёз і іншыя. Пры гэтым штогод на тэрыторыі Беларусі з клешчавых інфекцыяў рэгіструюць больш за 2000 выпадкаў хваробы Лайма і больш за 200 выпадкаў клешчавога энцэфаліту.
Гарадзеншчына і Берасцейшчына – лідары захваральнасці
Асабліва высокія паказнікі захваральнасці – у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях. Гэта звязана як з актыўнасцю пераноснікаў (кляшчы відаў Ixodes ricinus і Dermacentor reticulatus), так і з пашырэннем арэалу іх распаўсюджання. Калі ў 2020 годзе хвароба фіксавалася ў 30 адміністрацыйных раёнах, то ўжо ў 2022-м – у 48 раёнах Беларусі. Нават узімку кляшчы ўжо не спяць: зафіксаваныя звароты людзей, укушаных у студзені. Клімат змяняецца, і кляшчы адаптуюцца хутчэй, чым сістэма аховы здароўя.

Вакцына ёсць, але карыстаюцца ёю адзінкі
Больш за 99 % тых, хто захварэў, не былі прышчэпленыя, адзначаюць медыкі. Пры гэтым у Беларусі ёсць зарэгістраваныя вакцыны: «TICOVAC», «Клещ-Э-Вак», «Энцевир». Трэба прайсці тры этапы вакцынацыі: першыя дзве прышчэпкі ўводзяцца з інтэрвалам ад аднаго да трох месяцаў, трэцяя – праз 5–12 месяцаў у залежнасці ад тыпу вакцыны. Пасля гэтага кожныя 3–5 гадоў праводзіцца рэвакцынацыя.
Спіс медустановаў, дзе ў Беларусі можна прайсці вакцынацыю супраць клешчавога энцэфаліту, можна знайсці на сайце сэрвісу 103.by. Кошт адной дозы вагаецца ад 28 да 120 рублёў у залежнасці ад вытворцы.
Аднак у большасці выпадкаў прышчэпку робяць толькі паводле месца рэгістрацыі, а саму вакцыну трэба замаўляць загадзя праз тэрапеўта. Таму тэрміны атрымання прышчэпкі могуць зацягнуцца. У рэгістратурах раяць звяртацца менавіта ва ўласную раённую паліклініку.
У прыватных і дзяржаўных платных цэнтрах працэдура праходзіць хутчэй – у некаторых выпадках прышчэпку можна зрабіць ужо на наступны дзень, але кошт еўрапейскай вакцыны можа перавышаць 100 рублёў.
Дзіўна, але інфармацыі пра вакцынацыю ад клешчавых інфекцыяў на сайтах беларускіх паліклінік і медычных цэнтраў практычна няма. На жаль, масавая вакцынацыя таксама не адбываецца. Людзі не інфармаваныя або ставяцца да праблемы занадта легкадумна. А дарма.
«Калі вы ездзіце на лецішча, гуляеце ў лесе ці маеце дзяцей, якія праводзяць канікулы на прыродзе, варта хаця б разгледзець магчымасць платнай вакцынацыі. Гэта не раскоша, а інвестыцыя ў бяспеку, – пракаментаваў «Белсату» медык з Менску. – А калі на працягу месяца пасля ўкусу кляшча, які, як вы былі ўпэўненыя, быў бяспечны, у вас ці вашых блізкіх з’яўляюцца такія сімптомы, як галаўны боль, падвышаная тэмпература цела, пачырваненне на месцы ўкусу і іншыя прыкметы дрэннага самаадчування – не марудзьце, звяртайцеся да доктара. Чым раней пастаўлены дыягназ, тым больш шанцаў на поўнае выздараўленне».

Як не зрабіцца ахвярай кляшча?
Распаўсюджаны міф, што кляшчы падаюць ці скачуць з дрэваў. Насамрэч яны не падымаюцца вышэй за 50 см ад зямлі і чакаюць ахвяру ў траве або на кустах. Калі чалавек праходзіць побач, клешч чапляецца за адзенне і пачынае рухацца ўверх, пакуль не знойдзе месца з тонкай скурай – часцей за ўсё гэта пахвіна, падпахі, шыя, месцы за вушамі і валасяная частка галавы. Кусаючы, клешч упырсквае абязбольвальнае рэчыва, таму момант укусу незаўважны.
Топ-5 простых правілаў абароны:
- Правільнае адзенне: насіце высокі абутак, адзенне з доўгімі рукавамі і нагавіцы, запраўленыя ў шкарпэткі. Светлая тканіна без узораў дапаможа хутчэй заўважыць кляшча.
- Галаўны ўбор: кепка, шапка або хустка закрыюць галаву і шыю.
- Ахоўныя сродкі: выкарыстоўвайце акарыцыдныя прэпараты, апрацоўвайце імі адзенне і адкрытыя ўчасткі скуры.
- Асцярожнасць на прыродзе: не сядзіце на траве без подсцілкі, пазбягайце хмызняку і высокай расліннасці.
- Рэгулярны агляд: правярайце сябе і спадарожнікаў кожныя 30–40 хвілінаў. Клешч можа паўзці па вопратцы каля гадзіны, перш чым прысмактацца. Удома таксама агледзьце адзенне і цела, лепш за ўсё патрасіце адзежу над ваннай.
Памятайце, кляшчы сустракаюцца не толькі ў лесе. Яны ёсць у парках, на лецішчах і лугах, асабліва ля рэчак.
Што рабіць, калі клешч прысмактаўся?
Асноўнае правіла – выдаліць кляшча як мага хутчэй. Чым даўжэй ён застаецца на скуры, тым вышэйшыя рызыка заражэння небяспечнымі інфекцыямі. Ідэальны варыянт – звярнуцца ў медустанову, дзе кляшча не толькі выдаляць правільна, але і адправяць на аналіз. Калі такой магчымасці няма, зрабіце гэта самастойна.
Як выдаліць кляшча?
Ніткай – зрабіце вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча, акуратна зацягвайце, выконваючы кругавыя рухі, і павольна выцягвайце ўгору.
Пінцэтам або «клешчавёртам» – зацісніце кляшча ля асновы, не цісніце на брушка, асцярожна пракручвайце ў зручны бок. Праз 1–3 абароты ён выйдзе цалкам.
Іголкай – апрацаваўшы іголку, падчапіце кляшча, як стрэмку, і акуратна выцягніце.
Пасля выдалення апрацуйце месца спіртам або ёдам, старанна вымыйце рукі. Не выкарыстоўвайце алею, крэмаў, газы ці спірту, каб задушыць кляшча: гэта толькі справакуе выкід у кроў небяспечных рэчываў.
Кляшча беларускія медыкі рэкамендуюць захаваць і, калі магчыма, здаць у лабараторыю для аналізу. Адвесці можна сюды:
- Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (Менск) – асноўны цэнтр для аналізу кляшчоў. Адрас: вул. Казінца, 50. Тэл.: +375 (17) 209-12-54.
- Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Адрас: вул. Платонава, 10. Тэлефон: +375 (17) 292-13-02.
- Абласныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (Берасце, Горадня, Віцебск, Гомель, Магілёў) – яны прымаюць кляшчоў на аналіз. Кантакты можна ўдакладніць у найбліжэйшай паліклініцы або санстанцыі.
- У лабараторыі пры інфекцыйных бальніцах – у некаторых рэгіёнах праводзяць экспрэс-тэсты на інфекцыі.
- У прыватныя лабараторыі – некаторыя могуць прапаноўваць аналіз на барэліёз, але перад візітам удакладніце, ці прымаюць яны саміх кляшчоў.
Надзея Вольная belsat.eu