Шуфлядка

Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна нават праз казінае малако. Кляшчы абудзіліся!

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Erik Karits / Pexels
podpis źródła zdjęcia

Праз пацяпленне клімату сезон кляшчоў у Беларусі пачынаецца раней і доўжыцца амаль увесь год. Медыкі паведамляюць: да іх у самых розных кутках краіны ўжо пачалі прыходзіць пацыенты, якіх пакусалі кляшчы. Разбіраемся, чым яны небяспечныя і як ад іх засцерагчыся.

Штогод у Беларусі рэгіструецца больш за 2000 выпадкаў хваробы Лайма і больш за 200 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. Са словаў загадчыцы супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улады Запольскай, у паўднёвых рэгіёнах Беларусі сёлета ўжо зафіксаваныя першыя звароты з нагоды ўкусаў кляшчоў.

«На сённяшні дзень такіх эпізодаў ужо сямнаццаць», – паведаміла чыноўніца на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Усяго ў свеце існуе больш за 50 000 відаў кляшчоў. На шчасце, небяспечныя толькі іксодавыя (іх адрознівае характэрны шчыток на спінцы). Яны паразітуюць на свойскай, дзікай жывёле, чалавеку і сілкуюцца крывёй «гаспадара».

У Беларусі зарэгістравана больш за 10 відаў кляшчоў, якія могуць пераносіць дзевяць узбуджальнікаў інфекцыяў, такіх як клешчавы энцэфаліт, Лайм-барэліёз, анаплазмоз, эрліхіёз, Ку-ліхаманка, рыкетсіёз і іншыя. Пры гэтым штогод на тэрыторыі Беларусі з клешчавых інфекцыяў рэгіструюць толькі Лайм-барэліёз і клешчавы вірусны энцэфаліт.

Як раней паведамляла энтамолаг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова, захворванне барэліёзам рэгіструецца практычна па ўсёй краіне, але найбольш высокія паказнікі фіксуюцца ў Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай вобласцях. Клешчавым энцэфалітам часцей хварэюць жыхары Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў, на якія прыпадаюць 62 % усіх выпадкаў захворвання.

Як праяўляецца хвароба Лайма?


Узбуджальнікам захворвання ёсць бактэрыі роду барэлій. Пасля ўкусу кляшча хвароба можа развівацца незаўважна: інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 10 да 30 дзён. Першая прыкмета, што праяўляецца ў 75 % хворых, – эрытэма, якая мігруе. Гэта ружовая пляма, аточаная чырвоным колцам, якое з часам павялічваецца.

Пачырваненне ад укусу кляшча на перадплеччы мужчыны. Фота: Creative Touch Imaging Ltd / NurPhoto via Getty Images
Пачырваненне ад укусу кляшча на перадплеччы мужчыны. Фота: Creative Touch Imaging Ltd / NurPhoto via Getty Images

Іншыя магчымыя сімптомы: агульнае недамаганне, павышэнне тэмпературы, галаўныя, цяглічныя і сустаўныя болі. У некаторых выпадках захворванне адразу пераходзіць у хранічную стадыю ды праяўляецца праз месяцы ці нават гады пасля ўкусу. Можа закрануць суставы, сэрца, скуру і нервовую сістэму – ажно да інваліднасці.

Чым небяспечны клешчавы энцэфаліт?

Клешчавы энцэфаліт выклікаецца вірусам, які атакуе нервовую сістэму. Заразіцца можна не толькі праз укус кляшча, але нават спажываючы негатаванае малако казы ці каровы, інфікаваных у выніку ўкусаў кляшчоў.

Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 8 да 30 дзён. Затым развіваецца першая хваля хваробы: дрыжыкі, рэзкае павышэнне тэмпературы, галаўны боль, млоснасць, ваніты, галавакружэнне, болі ў канцавінах. Сімптомы могуць мінуць за тыдзень, але праз 1–2 тыдні надыходзіць другая хваля хваробы, якая заўсёды цяжэйшая. У гэты момант рэзка падымаецца тэмпература, узмацняецца галаўны боль, вяртаецца млоснасць, з'яўляюцца парушэнні сну і цяжкія неўралагічныя разлады.

,,

Клешчавы энцэфаліт – найбольш небяспечнае захворванне, якое перадаецца кляшчамі. Нават пры своечасовым лячэнні ён можа прывесці да інваліднасці, а ў запушчаных выпадках – да смерці.




Як не зрабіцца ахвярай кляшча?

Распаўсюджаны міф, што кляшчы падаюць ці скачуць з дрэваў. Насамрэч яны не падымаюцца вышэй за 50 см ад зямлі і чакаюць ахвяру ў траве або на кустах. Калі чалавек праходзіць побач, клешч чапляецца за адзенне і пачынае рухацца ўверх, пакуль не знойдзе месца з тонкай скурай – часцей за ўсё гэта пахвіна, падпахі, шыя, за вушамі і валасяная частка галавы. Кусаючы, клешч упырсквае абязбольвальнае рэчыва, таму момант укусу незаўважны.

Топ-5 простых правілаў абароны:

  1. Правільнае адзенне: насіце высокі абутак, адзенне з доўгімі рукавамі і нагавіцы, запраўленыя ў шкарпэткі. Светлая тканіна без узораў дапаможа хутчэй заўважыць кляшча.
  2. Галаўны ўбор: кепка, шапка або хустка закрыюць галаву і шыю.
  3. Ахоўныя сродкі: выкарыстоўвайце акарыцыдныя прэпараты, апрацоўвайце імі вопратку і адкрытыя ўчасткі скуры.
  4. Асцярожнасць на прыродзе: не сядзіце на траве без подсцілкі, пазбягайце хмызняку і высокай расліннасці.
  5. Рэгулярны агляд: правярайце сябе і спадарожнікаў кожныя 30–40 хвілінаў. Клешч можа паўзці па вопратцы каля гадзіны, перш чым прысмактацца. Удома таксама агледзьце адзенне і цела, лепш за ўсё – патрасіце адзене над ваннай.

Памятайце, кляшчы сустракаюцца не толькі ў лесе. Яны ёсць у парках, на лецішчах і лугах, асабліва ля рэчак.

Дарэчы, можна пераняць добры досвед у Польшчы. Там існуе інтэрактыўная мапа клешчавай актыўнасці, якая абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу. На ёй можна праверыць, дзе вышэйшыя рызыка ўкусу, а таксама дадаць звесткі пра знойдзеных кляшчоў.

Што рабіць, калі клешч прысмактаўся?

Асноўнае правіла – выдаліць кляшча як мага хутчэй. Чым даўжэй ён застаецца на скуры, тым вышэйшыя рызыка заражэння небяспечнымі інфекцыямі. Ідэальны варыянт – звярнуцца ў медустанову, дзе кляшча не толькі выдаляць правільна, але і адправяць на аналіз. Калі такой магчымасці няма, зрабіце гэта самастойна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News

Як выдаліць кляшча?

Ніткай – зрабіце вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча, акуратна зацягвайце, выконваючы кругавыя рухі, і павольна выцягвайце ўгору.

Пінцэтам або «клешчавёртам» – зацісніце кляшча ля асновы, не цісніце на брушка, асцярожна пракручвайце ў зручны бок. Праз 1–3 абароты ён выйдзе цалкам.

Іголкай – апрацаваўшы іголку, падчапіце кляшча, як стрэмку, і акуратна выцягніце.

Пасля выдалення апрацуйце месца спіртам або ёдам, старанна вымыйце рукі. Не выкарыстоўвайце алею, крэмаў, газы ці спірту, каб задушыць кляшча: гэта толькі справакуе выкід у кроў небяспечных рэчываў.

Пасля выдалення кляшча беларускія медыкі рэкамендуюць захаваць яго і, калі магчыма, здаць у лабараторыю для аналізу.

Цікава, але «пратакол рэагавання на кляшча» ў Беларусі і суседніх еўрапейскіх краінах адрозніваюцца. Да прыкладу, у Польшчы пасля ўкусу кляшча на інфекцыі яго адразу не правяраюць, а раяць назіраць за станам здароўя ўкушанага цягам 30 дзён. І толькі пры з'яўленні эрытэмы (пачырванення, якое расце) – звяртацца да лекара. У еўрапейскіх аптэках прадаюцца наборы для самастойнага тэставання кляшчоў на барэліёз.

,,

Для абароны ад укусаў у Еўропе папулярныя рэпеленты з IR3535, пікарыдзінам, алеем лімоннага эўкаліпту (OLE), 2-undekanon.


Куды можна аднесці кляшча на аналіз у Беларусі?

У Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (Менск) – асноўны цэнтр для аналізу кляшчоў. Адрас: вул. Казінца, 50. Тэл.: +375 (17) 209-12-54.

У Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Адрас: вул. Платонава, 10. Тэлефон: +375 (17) 292-13-02.

У абласныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (Берасце, Горадня, Віцебск, Гомель, Магілёў) – яны прымаюць кляшчоў на аналіз. Кантакты можна ўдакладніць у найбліжэйшай паліклініцы або санстанцыі.

У лабараторыі пры інфекцыйных бальніцах – у некаторых рэгіёнах праводзяць экспрэс-тэсты на інфекцыі.

У прыватныя лабараторыі – некаторыя могуць прапаноўваць аналіз на барэліёз, але перад візітам удакладніце, ці прымаюць яны саміх кляшчоў.

Як правільна даставіць кляшча ў лабараторыю?

Для транспартавання кляшча падыходзіць герметычная бутэлечка (напрыклад, з-пад лекаў), туды трэба змясціць крыху змочаную вату. Калі кляшча не ўдалося выцягнуць жывым, яго фрагменты можна пакласці ў пакет і транспартаваць у тэрмасе з лёдам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News

Калі здаць кляшча на аналіз можна толькі праз некалькі гадзінаў або на наступны дзень, то захоўвайце інсэкта ў лядоўні, але ўсё ж старайцеся даставіць яго ў лабараторыю як мага хутчэй.

Што рабіць, калі аналіз пацвердзіў клешчавы энцэфаліт?

Пацыенту ўводзяць спецыфічны імунаглабулін. Праз тры тыдні праводзяць спецыфічны сералагічны ІФА-тэст, які пакажа, захварэў чалавек на клешчавы энцэфаліт ці не. Лячэнне ў выпадку станоўчага выніку тэсту праводзіцца ва ўмовах інфекцыйнага стацыянару.


Як не захварэць на барэліёз пасля ўкусу кляшча?

Нават станоўчы вынік аналізу кляшча на барэліёз – не падстава прымаць антыбіётык.

Калі ў кляшчы ёсць бактэрыі, гэта не значыць, што ўкушаны чалавек абавязкова заразіўся. Адмоўны вынік аналізу таксама не гарантуе, што хвароба не разаўецца.

,,

Калі сімптомаў захворвання няма, для прафілактыкі антыбіётыкі пасля ўкусу кляшча прымаць не рэкамендуецца.


Некаторыя людзі ўсё ж баяцца, што хвароба Лайма невылечная, калі не прыняць антыбіётыкаў адразу. Амерыканскае таварыства інфекцыяністаў у выпадку такіх асцярогаў раіць прымаць антыбіётык для прафілактыкі барэліёзу пры наяўнасці наступных умоваў:

  • у першыя тры дні з моманту ўкусу аднаразова прыняць даксіцыклін (напрыклад, «Юнідокс Салютаб») – 4,4 мг/кг (але не больш за 200 мг), калі да яго няма супрацьпаказанняў;
  • цягам месяца назіраць за прыкметамі барэліёзу – пры іх з'яўленні звярнуцца да інфекцыяніста або неўролага як мага хутчэй. Пры высокай тэмпературы, галаўным болі, млоснасці – адразу выклікаць хуткую дапамогу.

Што рабіць, калі аналіз не паказаў, што клешч інфікаваны?

Усё адно трэба сачыць за станам здароўя. Лекар можа парэкамендаваць правядзенне сералагічнай дыягностыкі – даследавання крыві на наяўнасць спецыфічных антыцелаў да барэліяў метадам IFA або імуначыпа з флуарэсцэнтнай дэтэкцыяй.

Вакцыны супраць клешчавых інфекцыяў: што ёсць, а чаго няма ў Беларусі?

Выдатная навіна: ад клешчавага энцэфаліту ёсць вакцына, якая забяспечвае шматгадовую абарону. Але для гэтага трэба прайсці тры этапы вакцынацыі: першыя дзве прышчэпкі ўводзяцца з інтэрвалам ад аднаго да трох месяцаў, трэцяя – праз 5–12 месяцаў у залежнасці ад тыпу вакцыны. Пасля гэтага кожныя 3–5 гадоў праводзіцца рэвакцынацыя.

Папераджальны знак пра кляшчоў ля ўваходу ў лес. Фота: Deposit / East News
Папераджальны знак пра кляшчоў ля ўваходу ў лес. Фота: Deposit / East News

Спіс медустановаў, дзе ў Беларусі можна прайсці вакцынацыю супраць клешчавага энцэфаліту, можна знайсці на сайце сэрвісу 103.by. Кошт адной дозы вагаецца ад 28 да 120 рублёў у залежнасці ад вытворцы.

Аднак у большасці выпадкаў прышчэпку робяць толькі паводле месца рэгістрацыі, а саму вакцыну трэба замаўляць загадзя праз тэрапеўта. Праз гэта тэрміны атрымання прышчэпкі могуць зацягнуцца. У рэгістратурах раяць звяртацца менавіта ва ўласную раённую паліклініку.

У прыватных і дзяржаўных платных цэнтрах працэдура праходзіць хутчэй – у некаторых выпадках прышчэпку можна зрабіць ужо на наступны дзень, але кошт еўрапейскай вакцыны можа перавышаць 100 рублёў.

Дзіўна, але інфармацыі пра вакцынацыю ад клешчавых інфекцыяў на сайтах беларускіх паліклінік і медычных цэнтраў практычна няма. Для параўнання, у Літве звесткі пра прышчэпкі размешчаныя на галоўных старонках медустановаў, а ў паліклініках і аптэках распаўсюджваюцца інфармацыйныя буклеты. Больш за тое, з мінулага года ў Літве людзей ва ўзросце ад 50 да 55 гадоў вакцынуюць бясплатна.

Што тычыцца хваробы Лайма, то ад яе вакцыны не існуе. Лабараторныя тэсты на барэліёз не лічацца дастаткова дакладнымі, таму пасля ўкусу важна ўважліва сачыць за сваім самаадчуваннем і звяртацца да доктара пры першых трывожных сімптомах.

Надзея Вольная / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10