У Гомельскай вобласці беспрацоўным пачалі прапаноўваць пераезд у вёску, прычым за грошы. Улады абяцаюць і новае жытло, і працу, але нават фінансавая матывацыя памерам да 4 тысяч рублёў сітуацыі не ратуе. Заробкі ў глыбінцы дужа малыя, умовы жыцця і працы – цяжкія, а сама праграма пакуль што больш выглядае як адчайная спроба захаваць жыццё ў заняпадных вёсках. На гэтым фоне расце агульнанацыянальная праблема: беспрацоўных робіцца ўсё болей, а дзяржава не ведае, што з імі рабіць. Працаўладкавацца не могуць нават былыя чыноўнікі і прапагандысты.
Чыноўнікі Светлагорскага раёну, што на Гомельшчыне, запусцілі новую праграму для беспрацоўных: тым, хто жыве ў горадзе ды не мае працы, пачалі прапаноўваць пераехаць у сельскую мясцовасць і атрымаць за гэта матэрыяльную дапамогу – да 9 бюджэтаў пражыткавага мінімуму. Гэта больш за 4 тысячы беларускіх рублёў. Грошы выдаюць адзін раз, але з умоваю: перасяленец мусіць адпрацаваць на новым месцы сама меней год. Інакш сродкі давядзецца вярнуць у поўным аб’ёме.
Праграма «рэлакацыі» дзейнічае паводле той самай інструкцыі, што ўступіла ў сілу з 7 лютага 2025 года. Такім чынам Міністэрства працы Беларусі спрабуе зрэалізаваць новую «стратэгічную» ідэю: заахвочваць беспрацоўных з гарадоў пераязджаць у вёскі. За гэта беспрацоўныя могуць атрымаць да 4,2 тысячы рублёў аднаразовай дапамогі – пры ўмове, што знойдуць працу на вёсцы і адпрацуюць там не менш за год.
Пераезд паводле праграмы афармляецца трохбаковаю дамоваю паміж упраўленнем працы, беспрацоўным і працадаўцам. Такія прапановы ўжо з’явіліся ў сацыяльных сетках і афіцыйных паведамленнях Светлагорскага райвыканкаму.

У тэорыі – магчымасць някепская. На справе ж – зусім наадварот
Так, паводле афіцыйнага банку вакансіяў, у сельскай мясцовасці раёну сапраўды ёсць дзясяткі свабодных працоўных месцаў. Але большасць з іх – на нізкааплатных спецыяльнасцях, напрыклад, у жывёлагадоўлі, дзе заробкі складаюць ад 800 да 1200 рублёў на месяц. Фактычна ж грошы даюць часткамі, а абяцаны заробак выходзіць нашмат меншы, чым прапаноўваюць.
Жыць людзям прапаноўваюць, зразумела, таксама ў вёсцы. Каб набыць, напрыклад, толькі цеплавы кацёл у прыватную хату без дзяржаўнай дапамогі, трэба ад 1000 рублёў і больш, што ўжо казаць пра штодзённыя выдаткі. Пры гэтым праца цяжкая, са зменным графікам, нярэдка без выходных, бо даіць кароў ці прыбіраць на ферме трэба штодня. Калі чалавек не вытрымае і вернецца ў горад – ён яшчэ і ў даўгах апынецца, бо грошы давядзецца вяртаць.
Самі чыноўнікі не хаваюць, што асноўная мэта ініцыятывы – «прыцягнуць і замацаваць кадры на сяле». Але нават са стымуламі ад уладаў – ад бясплатнага перавозу да вылучэння жытла – ініцыятыва пакуль што не працуе.

Лекцыі ў РАУС і спаннё на прымусовых «кірмашах вакансіяў»
На фоне неэфектыўнасці дзяржаўных праграмаў працаўладкавання ў некаторых раёнах Гомельскай вобласці чыноўнікі звярнуліся да метадаў мінулага – публічнага прымусу і «выхавання» беспрацоўных. У 2025 годзе на базе РАУСаў пачалі праводзіць так званыя кірмашы вакансіяў, на якія выклікаюць людзей з базы «незанятых у эканоміцы».
Напрыклад, у Петрыкаве, Лоеўскім ды Калінкавіцкім раёнах на такія прымусовыя «кірмашы вакансіяў» выклікалі людзей, якіх улады запісалі ў спіс «дармаедаў». Пыталіся: чаму не працуюць, на што жывуць, чаму не плацяць падаткаў.
«Яны сядзелі з панурымі тварамі, нехта – п’яны, нехта зусім не слухаў, нехта нават не разумеў, што адбываецца, – распавядае нашая чытачка з Калінкавіцкага раёну, знаёмая з сітуацыяй. – Старшыня райсавету падчас гэтага "кірмашу" зачытваў нейкія тэксты пра абавязак працаваць на дзяржаву. Але некаторыя слухачы гэтай лекцыі проста заснулі на лаве».
Паводле мясцовай газеты, ім «зачытвалі лекцыі» і «нагадвалі пра канстытуцыйны абавязак удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў» – хаця такі «абавязак» не прапісаны ў Канстытуцыі.
На гэтай жа сустрэчы былі прадстаўнікі лясгасу, чыгункі, лакаматыўнага дэпо. Але і яны прызналіся: знайсці ахвотных працаваць цяжка, нават сярод тых, каго літаральна пад прымусам прывялі на лекцыю.

Адным з самых паказальных прыкладаў стаў Андрэй Шышкін – былы галоўны рэдактар рагачоўскай раёнкі «Свободное слово», член Савету Рэспублікі, дэпутат «парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы», старшыня раённай «Белай Русі», «заслужаны журналіст» і чалавек з цэлым букетам граматаў ды падзяк ад Лукашэнкі.
У 2024 годзе ён застаўся без працы. І пастанавіў – як «звычайны грамадзянін» – зарэгістравацца беспрацоўным. Аказалася, нават з усімі «паперамі» і сувязямі гэта – місія не з простых.
«Зарэгістравацца з першай спробы не атрымалася. Папрасілі яшчэ і даведкі аб даходах з усіх месцаў працы. І атрымліваць іх трэба асабіста – у кожнай арганізацыі. Прынцып "аднаго акна»" не працуе», – напісаў Шышкін у сваім тэлеграм-канале.
Пасля складанага шляху праз бюракратыю яго чакалі наступныя вакансіі: трактарыст за 850 рублёў, прадавец у «Еўраопце» за 1000 і страхавы агент за 900. Для работы прадаўцом трэба было прайсці навучанне. А яшчэ Шышкіну прапанавалі пайсці на курсы цырульніка.
«З маім 30-гадовым стажам у журналістыцы, вопытам працы ў парламенце найлепшая прапанова – цырульнік або трактарыст? Гэта і ёсць вяртанне на зямлю», – з іроніяй адзначыў экс-чыноўнік.
І хоць ягоны выпадак можна расцэньваць як спробу сарказму, сітуацыя – цалкам рэальная і паказальная. Так выглядае беларуская сістэма працаўладкавання, у якой нават пры жаданні немагчыма знайсці прыстойную працу – ні простаму чалавеку, ні «людзям з сістэмы». Нагадаем, што такім жа непатрэбным стаў і Раман Пратасевіч – як і тысячы іншых беларусаў, ён апынуўся ў статусе беспрацоўнага.

«Дармаедамі» сталі нават фермеры ды індывідуальныя прадпрымальнікі
Паводле афіцыйных звестак, толькі ў Светлагорскім раёне статус «не занятых у эканоміцы» атрымалі ўжо больш за 9 тысяч асобаў. Гэта амаль кожны сёмы жыхар раёну, а калі ўлічваць працаздольны ўзрост – то кожны пяты. Але галоўны парадокс у тым, што сярод гэтых «дармаедаў» шмат тых, хто ў рэальнасці працуе.
Згодна з пастановамі ўраду, у спіс трапляюць не толькі тыя, хто не працуе паводле працоўнай дамовы, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія не плацяць падаткаў (напрыклад, часова спынілі дзейнасць); рамеснікі і фермеры, якія не маюць юрыдычнай рэгістрацыі; уладальнікі асабістых падвор’яў, нават калі яны прадаюць прадукцыю на рынку; людзі, якія выехалі з Беларусі больш чым на 30 дзён за квартал, калі толькі яны не вучацца або не працуюць у краінах ЕАЭС.
Такім чынам, улады Беларусі стварылі парадаксальную сітуацыю: чалавек, які працуе на сябе, корміць сям’ю і не просіць ад дзяржавы нічога, трапляе ва ўмоўны «чорны спіс», плаціць падвышаныя тарыфы на ЖКГ, а ў перспектыве можа быць пазбаўлены і іншых правоў.
«Мы з мужам трымаем гаспадарку: свіней, курэй, гарод. Усё сваё. Але мяне запісалі ў «дармаеды», бо нідзе не аформленая, – распавядае жыхарка Светлагорскага раёну. – Спрабавала ісці ў службу занятасці, дык мне прапанавалі працу на птушкафабрыцы за 700 рублёў і працаваць 6 дзён на тыдзень, без працоўнага транспарту. То бок да працы не падвозяць. Дзякуй, не…»
,,«Такі падыход не толькі нікога не матывуе да працы, а наадварот, дыскрэдытуе саму ідэю працаўладкавання як годнага і свабоднага выбару. Дзяржава не стварае ўмоваў для развіцця прадпрымальніцтва, затое кляйміць тых, хто спрабуе жыць самастойна. Напэўна, таму лепей прывезці ў краіну пакістанцаў», – каментуе сітуацыю муж той самай жанчыны, якую дзяржава прызнала «дармаедкай».
Паводле апошніх звестак Белстату, узровень афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі застаецца нібыта надзвычай нізкім – каля 0,3-0,4 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Але нават самі чыноўнікі часам прызнаюць: гэтыя лічбы нічога не значаць, бо не ўлічваюць людзей, якія не звяртаюцца ў службы занятасці, бо не бачаць у іх сэнсу.
Пры гэтым незалежныя эксперты ацэньваюць рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі на 8–12 %, а ў некаторых рэгіёнах – яшчэ вышэй. І гэта – без уліку прыкметаў «схаванага беспрацоўя», калі людзі фармальна працуюць, але атрымліваюць настолькі нізкі заробак або занятыя на паўстаўкі, што фактычна не могуць забяспечыць сябе.
Надзея Вольная belsat.eu