Дзе спатыкнулася ўначы, чарговы раз, кульгавая кабыла беларускай эканомікі?
У Беларусі ёсць дзве эканомікі: адна – здаровая, прыватная, якая стварае сёння практычна палову ВУП і якая існуе ў вельмі цяжкім, канкурэнтным асяроддзі. Яна вырасла насуперак жаданню Лукашэнкі, пра яе ён гаворыць выключна зняважліва. Ён не верыць, што прыватны бізнес можа быць сумленным.
Але менавіта гэтыя людзі, гэты клас са 100 тысяч уласнікаў прыватных кампаніяў і 230 тысяч прадпрымальнікаў і захоўваюць эканоміку ў адносна здаровым стане. Пра іх не гавораць па тэлевізары, ім не даюць бясплатных грошай, не пляскаюць па плячы, але яны – працягваюць працу.
Ёсць другая частка, тая самая, дзяржаўная, якая ў нас як бы і галоўная. Вось пра яе і ідзе звычайна размова. МАЗ, «Камунарка», «Атлант», «Беллегпрам» і АЭС. І, такім чынам, як выглядае ідэальны лад эканомікі паводле Лукашэнкі?
Дзяржава, як адказны, ашчадны і руплівы гаспадар, вылучае грошы, інвестуе, і эфектыўныя і амаль бясплатныя кампетэнтныя дзяржаўныя службоўцы хутка і танна будуюць канкурэнтаздольныя заводы, і ўсе шыхтуюцца ў чаргу – па нашыя трактары, гадзіннікі, малочныя прадукты і лядоўні. Жыццё ўладкаванае трошкі інакш.
Па-першае, няма ніякіх кампетэнтных дзяржаўных кіраўнікоў. Яны могуць распараджацца бясплатнымі дзяржаўнымі грашыма, дурыць людзям галовы – і яны, у лепшым выпадку, крадуць.
,,Апошні прыклад – эпізод на Беларускай чыгунцы. Там амаль усё кіраўніцтва павязалі.
І гэта ўсё – ягоныя прызначэнцы, найлепшыя з лепшых, іншыя ж не ідуць. Гісторыі ж з мільярднымі дзяржаўнымі інвестыцыямі, якія так і не здолелі пачаць працаваць у прыбытак – яны нашмат страшнейшыя. За гэтыя грошы можна было пабудаваць другую эканоміку.
А захаваныя савецкія заводы? Гэта яшчэ адна прорва, што жарэ грошы падаткаплатнікаў. «Гомсельмаш» зноў шукае крэдыт. У яго зноў страты. У 2020-м было мінус 150 мільёнаў долараў. 150 мільёнаў. І вось зноў, нягледзячы на тое, што, як выхваляецца Лукашэнка, – расейскі рынак адкрыты. Адкрыты… быў. Толькі там цяпер эфектыўныя азіяты, а не мы. Давайце спытаем у металургічнага заводу пра затрыманыя заробкі і немагчымасць разлічыцца з пастаўнікамі? У сумленныя часы выраблялі да 70-ці тысяч трактароў, цяпер – у два разы менш.
І, вядома, экспарт. Мы палаяліся з усім цывілізаваным светам. Беларусы сказалі Лукашэнку «Сыходзь», а яму – не вельмі хацелася. А ніякіх іншых рынкаў у нас і няма. Кітай прадае нам утрая больш, чым купіць у нас.
Была яшчэ адна ідэя, вы памятаеце – Мʼянма, Зімбабвэ, Куба з Нікарагуа, Венесуэлай, Чадам. Ірвануць, з нашай падтрымкаю, пойдуць у рост, і мы – заробім… Гэта – ілюзіі, хлусня, міф. Гэтыя краіны незалежныя ўжо гадоў так шэсцьдзесят. Яны маюць такі нізкі ўзровень жыцця з уласных, унутраных прычынаў. І там ужо і былі, і ЗША, і Еўразвяз, і нават сышлі. Проста – грошы на чарговую дозу. І чарговыя спісанні даўгоў Кубе і Венесуэле – лішняе пацвярджэнне.
,,Рэзюмэ? Няма ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі. Дзяржаўная частка нашай эканомікі – цяжкая, неканкурэнтаздольная, стратная – і чым раней мы тое прызнаем, тым раней пачнем лячыць.
Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- Планы Лукашэнкі з трэскам праваліліся
- Самаўзгаральныя аўтобусы МАЗ – сімвал беларускай эканомікі