Беларусаў завабліваюць арэндным жытлом. Ласка ці пастка?

HTML5 YouTube

Што такое арэнднае жытло? Нармальная з’ява. Інвестар будуе квадратныя метры, каб здаваць іх у арэнду. Такое вельмі распаўсюджана ў свеце. У выпадку Беларусі гаворка ідзе пра дзяржаву як інвестара. Праграмаў абвяшчалася шмат, абяцанні гучалі, але ўсё заўжды ўпіралася ў грошы. Адрозна ад іншых, хоць і льготных, але крэдытаў, тут трэба адразу за кошт бюджэту аплаціць цэлы дом. Таму поспехаў у нас пакуль няма.

Але вось Турчын мае вельмі сур’ёзныя намеры. Кажа, пабудуем мы за 5 гадоў 5 мільёнаў такіх метраў. Магутна. Толькі патрэбны мільярд долараў на год на такі праект. Аднак гэта яшчэ не праблема. Будзе не будзе – пабачым. А вось тое, што на пасяджэнні абмяркоўвалася магчымасць перадаць такое жытло грамадзянам, вось гэта ўжо – цікава. Перадаць – што гэта значыць? 

,,

«Прапануецца даць такім спецыялістам права набываць займанае імі арэнднае жытло пры ўмове працы не менш за 10 гадоў у арганізацыі, якая дала арэнднае жытло, і пражывання ў ім не менш за 10 гадоў. Аплату ўсяго разлічанага кошту прапануецца праводзіць у растэрміноўку на 15 гадоў штомесяц роўнымі долямі без індэксацыі плацяжоў пры ўмове ўнясення першапачатковага ўзносу не менш за 10%», – заявіў Турчын.


Такім чынам, у гарадах, памерам да 20-ці тысячаў насельнікаў, у вас, грамадзяне, будзе магчымасць выкупу. Выкупу! Ніхто нічога вылучыць, то бок – дарыць дзяржава і не збіраецца! Так вось – вам дадуць магчымасць выкупіць жытло, у малым горадзе, не больш за 20 метраў на асобу паводле ацэначнага кошту. У чым ільгота? У тым, што вы, заплаціўшы 10%, зможаце потым, на працягу 15 гадоў, выплачваць роўнымі долямі гэтую самую суму. Ільгота? Ільгота.


Але якія ўмовы? Вам трэба 10 гадоў бесперапынна адпрацаваць на прадпрыемстве там, у рэгіёне, – напрыклад, у Капылі. Як вы, згодныя? Выгадная здзелка? Я нагадваю, цяпер у Беларусі 29 квадратаў на чалавека ў сярэднім, чаму ў праекце вырашылі абмежавацца дваццаццю? Не зразумела. Магчыма, шкада грошай.


Якую праблему спрабуюць вырашыць? Правільна. Людзі з рэгіёнаў разбягаюцца. На такі вось Капыль хуткасць уцёкаў 300–400 жыхароў за год.

Давайце ўявім: вырашылі вы ўладкавацца ў капыльскую жыллёва-камунальную гаспадарку галоўным энергетыкам з заробкам 1000 рублёў. Вось так на сайце напісана. І вам, з сям’ёй, далі арэнднае жытло. І вы павінны ў ім жыць і працаваць у гэтай ЖКГ 10 гадоў запар практычна бясплатна. Каб што? Каб дзяржава згадзілася ўзяць з вас 10% і дазволіла выкупляць гэтую кватэру потым на працягу 15 гадоў.


Сама кватэра такая – тры пакоі, 60 метраў – каштуе 40 тысяч долараў у Капылі, і заплаціўшы 4 тысячы долараў, потым вы будзеце плаціць дзвесце долараў штомесяц на працягу 15 гадоў. Ну можа крыху менш, цана не рынкавая, ацэначная. А можа, і больш выйдзе. Праз 10 жа гадоў. Як вам здаецца, ці годная прапанова?


Падаецца, вам прапаноўваюць рабства. Працу ў дэпрэсіўным рэгіёне, з якога ўцякаюць людзі, прычым працаваць 10 гадоў запар, не менш. Проста каб даць вам ілюзію ўласнай жылой плошчы. Купляюць вашае жыццё нават не за квадратныя метры, а за магчымасць не плаціць адсоткаў банку. Бо нічым іншым гэтая прапанова ад іпатэкі не адрозніваецца. Гэта ашуканства, ці не лічыце?

Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:


  • Ці адменяць у Беларусі прэзідэнцкія выбары?
  • Буйны дзяржаўны вытворца пайшоў у банкруцтва з даўгамі на некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.
  • У Беларусь дазволілі ўвозіць бульбу, цыбулю, капусту ды яблыкі.


belsat.eu