Кадравы чацвер у Лукашэнкі атрымаўся цікавым.
Спачатку выплыў з небыцця той самы Валерый Вакульчык, былы грозны старшыня КДБ, які здолеў прамаргаць 2020-ты год і паехаў інспектаваць Берасцейскую вобласць: як з вачэй, то і з думкі.
І вось вярнуўся Валерый на пасаду ўсяго толькі кіраўніка апарату Савету Міністраў. А быў калісьці вельмі важным, вельмі грозным. Потым мы назіралі цікавае перамяшчэнне таварыша Караніка.
Былы міністр аховы здароўя, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, віцэ-прэм’ер у сацыяльных пытаннях. І ўсё гэта – за 5 гадоў. Цяпер ён у нас – старшыня Нацыянальнай акадэміі навук. Неяк награшыў. Ну і папярэдні, таварыш Гусакоў, які ўсё электрамабіль абяцаў… кудысьці раптам знік.
Потым – з-пад старшыні Нацыянальнага банку Галоўчанкі вынеслі двух намеснікаў. А вось гэта – дрэнна. Была надзея, што аптымістычны спадар Раман будзе ў Нацбанку вясельным генералам, не будзе кнопкі чапаць. Але, як бачым, каманду папярэдняга кіраўніка, Паўла Калавура, практычна зачысцілі з Нацбанку. І ад гэтага трывожна за рубель.
,,Але самае галоўнае прызначэнне. Сустракайце – нашая зорачка, аматарка жакетаў «Gucci», рамянёў ад «Hermes», касцюмаў «Chanel» і торбачак «Birkin» за 7 тысяч долараў. Нашая элегантная Наталля Пяткевіч цяпер цэлы віцэ-прэм’ер у сацыяльных пытаннях.
Так, вы маеце рацыю, гэта парадокс: чалавек, на якім штодня надзеты гадавы заробак беларуса, будзе займацца сацыяльнай абаронаю насельніцтва. Як думаеце: блізкія Наталлі праблемы беспрацоўных, пенсіянераў і ў цэлым сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва?
Яшчэ не будучы прызначанаю віцэ-прэм’ерам, яна з’явілася ў Смалявічах, асляпіла ўсіх рэменем коштам пад тысячу еўраў і заявіла, што менавіта гэты горад-спадарожнік можна назваць амаль ідэальным, і засмуцілася, маўляў, павольна разгойдваемся, 10 гадоў.
Ну, ейны смутак я можна зразумець, 11 гадоў таму прынялі праграму, да гэтага моманту насельніцтва 6-ці гарадоў спадарожнікаў павінна было павялічыцца на 130 тысячаў чалавек. А атрымалася? У 6 разоў менш. Гэта – поўны правал. І гэтыя цудоўныя Смалявічы паказалі рост усяго з 15-ці да 23-ох тысячаў. Хацелі ж 50, інфраструктуру пабудавалі. Гэта ж правал. Што тут ідэальнага? Дарэчы, не ведаеце, краму «Dior» у ідэальных Смалявічах адкрылі?
Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- Чаму ніхто не хоча ні працаваць у сельскай гаспадарцы?
- Лукашэнка шукае, каго б пасадзіць.
- Колькі шэнгенскіх візаў атрымалі беларусы?