Студэнты Берасцейскага ўніверсітэту запісалі дасціпную гісторыю беларуса, які пасля службы ў войску пачаў гаварыць удома па-расейску. Усё змяніла здарэнне з удзелам грабель.
Нашая госця, стваральніца беларускага кнігазбору «Жыветэка» Аляксандра Гушча, распавяла нам, як паўстала гэтая беларуская кніжня і якія людзі згуртаваліся вакол яе.
Падрабязней пра «Жыветэку», у фондзе якой цяпер болей за 200 кніг, Аляксандра распавяла Кацярыне Раецкай і Дзянісу Дудзінскаму ў нашым ранішнім шоу «Раніца з «Белсатам».
«Мову нанова» як моўную праграму асабліва цікавіла гаворка роднай вёскі Аляксандры, Велямічаў Столінскага раёну, якая трымаецца, нягледзячы на паўсюднае панаванне расейскай мовы. Нашая госця расказала нам «па-свойму», як там лаюцца старэйшыя людзі, якія не прымаюць расейскіх мацюкоў, і прапанавала некалькі словаў, што прыдадуцца кожнаму беларусу – хвайны і гарушчы.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра Крывію і крыўскую мову.
Як вядома, поўнач Беларусі, ад Менску і вышэй даўней насяляла племя крывічоў. Менавіта яно стала ядром Полацкага княства, першай беларускай дзяржавы. Назва крывічы, паводле адной з версіяў, паходзіць ад пасады вярхоўнага жраца ў старажытнабалцкай міфалогіі – Крывэ-Крывэйты. Паводле іншых версіяў, слова «крывічы» паходзіць ад слова «крэўныя», гэта значыцца – родныя. Або ад «крывой», значыцца, пагорыстай мясцовасці.
Навуковец і дзяржаўны дзеяч беларускага адраджэння Вацлаў Ластоўскі быў вялікім папулярызатарам крывіцкай ідэі. Ён прапаноўваў называць Беларусь Крывіяй. І шырока ўжываў гэта ў назвах сваіх прац – такіх, як «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Пра вынікі забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага ў 1928 годзе Кацярына Ваданосава распавяла ў адным з выданняў праграмы «Нітка-зорка»:
Такія ідэі рухалі бацькамі Адраджэння найперш таму, што тэрмін Белая Русь як палітычная назва быў навязаны за часам уваходжання нашай краіны ў склад Расейскай імперыі. І так ці інакш увесь час адсылаў да панятку Русь у ягоным сучасным (а не гістарычным) значэнні – гэта значыць, да Расеі.
Вярнуцца да гістарычнай назвы Літва і ліцвіны ўжо не выпадала, бо нашыя суседзі першыя ўзялі сабе гэтае слова як назву дзяржавы.
Таму ў пошуках адрознення і ад Літвы, і ад Расеі, Ластоўскі спыняўся на варыянце Крывія, а мову нашую прапаноўваў называць крыўскай.
Да крывічоў адносіў сябе народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, які паходзіў з недалёкіх ад Полацку Вушачаў. Класік сотні разоў згадваў крывічоў у сваіх вершах: «Душою не крывілі крывічы, бо крэўнасць з небадолам адчувалі». Або «Мы – ратаі святла, крывічы, верхачы неўміручай Пагоні».
Зразумела, што сёння ўсе гэтыя дыскусіі можна разглядаць толькі як факты з гісторыі. Бо ўжо вырасла шмат пакаленняў беларусаў, якія ведаюць нашую краіну як Беларусь, а нашую мову як беларускую. Таму размаўляйма ж па-беларуску. Ну або па-крыўску, калі некаму так падабаецца!
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».