Лукашэнка паказаў увесь свой клан. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Лукашэнкаўскія сыны, іхныя жонкі і ўнукі сядзелі ў спецыяльнай ложы, пад вокам ахоўнікаў. Чаму Лукашэнка адкрыта паказаў усю сям’ю? Ці выбраў ён пераемніка?

Не таемна, але і не легітымна.

У Менску «інаўгуравалі» Лукашэнку. Гэткае відовішча для ўнутранага гледача. Для астатніх – спроба прапаганды нагадаць, хто, маўляў, у выніку выйграў бітву. Што агулам хацеў сказаць рэжым і ці ўдалося яму гэта? У нашым сюжэце.

Японія змагаецца з Лукашэнкам

Сем гадоў калоніі прызначыў рэжым Лукашэнкі грамадзяніну Японіі. Маўляў, той доўгі час працаваў на японскую выведку. Цяпер за ягонае вызваленне змагаюцца дыпламаты. У нашым сюжэце.

З балгаркай у Еўропу

У інтэрнэце завірусілася відэа, на якім група мігрантаў балгаркаю распілоўвае памежны плот і прабіраецца на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу. Памежны плот паміж нашымі краінамі ўжо стаўся часткай абарончай праграмы «Усходні шчыт», прынятай у Польшчы. А прэм’ер-міністр Дональд Туск днямі наведаў беларуска-польскую мяжу. Да чаго рыхтуецца Польшча? У матэрыяле Насты Ільіной.

Перамовы пра замірэнне

Расея цягне час, мяркуе амерыканскі прэзідэнт Доналд Трамп. І нездарма: пакуль Масква агучвае свае ўмовы для замірэння, расейскія войскі наносяць масаваныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры. Паралельна з перамовамі еўрапейскія лідары думаюць, як можна задзеяць гэтак званую кааліцыю ахвочых у якасці міратворчых сілаў. Да іх прыглядаецца і Кітай. Падрабязней – Віталь Бабін.

Рубрыка Змітра Міцкевіча «Лінія Фронту»

Міністр абароны Лукашэнкі Віктар Хрэнін паехаў у М’янму. Афіцыйная мэта візіту – удзел у парадзе з нагоды 80-годдзя стварэння збройных сілаў гэтай краіны. Аднак запланаваны і шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі мясцовай хунты. Дарэчы, м’янманскую дэлегацыю яшчэ раней запрасілі ўзяць удзел у парадзе на 9 траўня ў Менску. На гэты момант М’янма – у стане грамадзянскай вайны: уладу ў сталіцы – Нэп’ідо – і некаторых рэгіёнах утрымлівае хунта, якая ў выніку дзяржаўнага перавароту зрынула дэмакратычна абраны ўрад у 2021 годзе, пасля чаго пачала масавыя рэпрэсіі ў краіне.


Хунту падтрымлівае Расея ды яе проксі кшталту Лукашэнкі. У той жа момант большая частка М’янмы кантралюецца разнастайнымі паўстанцкімі групоўкамі, якія даволі паспяхова вядуць баявыя дзеянні супраць войскаў хунты. Якая, імаверна, пры падтрыманні Лукашэнкі і ягонай зброі хоча пераламіць хаду вайны.

Госць праграмы «ПраСвет» – палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.