Францыск Скарына і Марк Шагал – што іх аб’ядноўвае? Іхныя бацькі гандлявалі селядцом, адной з найбольш распаўсюджаных страваў беларусаў яшчэ зусім нядаўна. Але як селядзец змяніў Еўропу і захапіў Беларусь? Гісторыя ад праграмы «Вусы Скарыны».
«Селядзец водзіцца ў паўночнай частцы Атлантычнага і Ціхага акіянаў, а таксама ў акіяне Паўночна-Ледавітым. Карацей, выглядае, што любіць гэтая рыба, каб было халадней. Для нас жа сёння і для Еўропы ў мінулым важна, што селядзец вадзіўся ў Балтыйскім і Паўночным марах. І не проста вадзіўся, а быў там ці не самым масавым жыхаром», – расказвае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».
Аднак, як ні дзіўна, доўгі час чалавек пакідаў селядзец без належнай увагі і не лавіў яго. Усё змянілася ў 1480 годзе, калі рыбак Якаў Вільям Бэйкельс з Галандыі вырашыў пачысціць селядзец адразу ў моры і засыпаць соллю. Так была вынайдзеная страва, што ўжо ў XVI стагоддзі трапіла на стол большасці жыхароў Еўропы, дабралася яна і да Вялікага Княства Літоўскага. Нездарма і сёння селядзец – адна з найважнейшых страваў на Вялікдзень.
Які шлях прайшоў селядзец, каб трапіць на стол беларусаў і як гэтая рыба назаўсёды змяніла Еўропу: глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».