Здарылася тое, пра што вяліся размовы яшчэ з лістапада 2024 года: прэзідэнт ЗША Доналд Трамп спыніў дапамогу Украіне. Гэтая сітуацыя выклікала шмат заканамерных пытанняў: што будзе далей з Украінай, ці здолее яна супрацьстаяць расейскай агрэсіі і ці ўбачым мы ўзнаўленне супрацоўніцтва паміж Кіевам і Вашынгтонам?
Трамп спыніў дапамогу
3 сакавіка прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прыняў рашэнне прыпыніць пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне. Паводле паведамленняў агенцтва Reuters і газеты The Wall Street Journal, гэтае рашэнне будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль Трамп не пераканаецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы шчыра весці мірныя перамовы. Пра гэта паведаміў ананімны прадстаўнік Белага дому.
«Прэзідэнт [Доналд Трамп. – Заўв. «Белсата»] ясна даў зразумець, што ён імкнецца да міру і чакае таго ж ад нашых партнёраў. Мы прыпыняем і пераглядаем нашу дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе вырашэнню праблемы», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве Белага дома, якую цытуе CNN.
Паводле інфармацыі, прыпыненыя пастаўкі ахопліваюць усе віды ўзбраення, боепрыпасаў і абсталявання, якія яшчэ не дастаўленыя ва Украіну, у тым ліку грузы, што знаходзяцца ў Польшчы. Дакладны аб'ём прыпыненай дапамогі не раскрываецца, аднак «Bloomberg» сцвярджае, што на момант уступлення Трампа на пасаду ва Украіну не паступілі пастаўкі на 3,85 мільярда долараў, ухваленыя ягоным папярэднікам Джо Байдэнам.
Паводле The Wall Street Journal, гэтае рашэнне падтрымалі ўсе галоўныя дарадцы Трампа па нацыянальнай бяспецы пасля некалькіх нарадаў. Адзначаецца, што прэзідэнт ЗША быў незадаволены заявамі Зяленскага пра тое, што «да заканчэння вайны яшчэ вельмі далёка» і палічыў неабходным паказаць сур'ёзнасць свайго намеру прымусіць Украіну да перамоў.

Якую дапамогу аказвалі Штаты
Сумы дапамогі Злучаных Штатаў, што называюцца рознымі крыніцамі, могуць адрозніваюцца паміж сабой. Аднак як бы там ні было, аб’ёмы гэта сапраўды значныя, хоць, безумоўна, і не 350 мільярдаў, як кажа Доналд Трамп.
Трэба разумець, што дапамога Злучаных Штатаў уключала ў сябе ваенную і бюджэтную. Агульная лічба дапамогі па стане на верасень 2024 года – гэта 175 мільярдаў долараў, паводле дадзеных Рады па міжнародных адносінах.
З іх 65,9 мільярда долараў – гэта толькі ваенная дапамога, якую Украіна атрымала ад ЗША пасля 24 лютага 2022 года, адзначае выданне «The Guardian».
ЗША перадалі Украіне сучасныя сістэмы супрацьпаветранай абароны для адбіцця расейскіх паветраных атак, у тым ліку тры батарэі зенітных ракет Patriot, адзначае выданне. Еўрапейскія саюзнікі таксама перадалі падобныя сістэмы. Акрамя таго, Украіна атрымала 12 комплексаў NASAMS, сістэмы і боепрыпасы Hawk, а таксама больш за 3000 зенітных ракет Stinger.
Для паляпшэння эфектыўнасці СПА былі перададзены 21 радар паветранага назірання і абсталяванне для інтэграцыі заходніх пускавых установак і ракет ва ўкраінскія сістэмы.
ЗША таксама перадалі Украіне ракеты ATACMS, больш за 200 гаўбіц калібру 155 мм з трыма мільёнамі артылерыйскіх снарадаў, 72 гаўбіцы калібру 105 мм і мільён снарадаў да іх, а таксама сотні тысяч мінамётаў. Таксама было дастаўлена больш за 40 сістэм HIMARS з адпаведным боезапасам.
Украіна атрымала больш за 10 тысячаў супрацьтанкавых ракет Javelin, якія сталі сімвалам супраціву ў першыя тыдні вайны, больш за 120 тысячаў іншых відаў супрацьтанкавай зброі і 10 тысячаў ракет Tow. Акрамя таго, былі пастаўлены мільёны патронаў да стралковай зброі.
Хоць Пентагон адмовіўся перадаваць баявыя самалёты, ЗША паставілі 20 ваенных верталётаў савецкай распрацоўкі Мі-17. Пачынаючы са студзеня 2023 года, Вашынгтон перадаў Украіне 31 танк Abrams і 45 танкаў Т-72Б савецкай распрацоўкі.
Таксама ўкраінская армія атрымала 300 баявых машын Bradley, 1300 бронетранспарцёраў, больш за 5 тысячаў ваенных аўтамабіляў Humvee і 300 браніраваных медыцынскіх машын.
Акрамя гэтага, у лік дапамогі, перададзенай ЗША Украіне, уваходзілі патрульныя катары, сістэмы берагавой абароны, міны, сістэмы спадарожнікавай сувязі, прыборы начнога бачання і больш за 100 тысячаў камплектаў бронекамізэлек.

Як рэагавалі ў свеце
Неўзабаве пасля абвяшчэння рашэння амерыканскай адміністрацыі аб прыпыненні паставак зброі ў СМІ былі спробы прадэманстраваць, што нібыта ўсе заявы засталіся на словах. Пра гэта, у прыватнасці, пісала выданне «The Economist»: яно адзначала, нібыта не адбылося ніякіх змен у ключавых аспектах ваеннай падтрымкі і што пакуль усе заявы абмяжоўваюцца публікацыямі ў СМІ.
Тым не менш пацвярджэнні прыйшлі ад прэм’ер-міністра Дональда Туска. Ён заявіў, што звесткі, якія прыходзяць з польска-ўкраінскай мяжы, пацвярджаюць заявы амерыканскага боку аб спыненні паставак.
,,«Паведамленні, якія паступаюць з мяжы, з нашага хабу ў Ясёнцы, пацвярджаюць заявы амерыканскага боку», – заявіў прэм’ер-міністар Дональд Туск, дадаўшы, што ў сувязі з гэтай сітуацыяй урад павінен будзе прымаць рашэнні ў пэўным сэнсе «неардынарна».
Наступствы, якія могуць чакаць Украіну пры спыненні паставак, найбольш яскрава апісала выданне «The Economist». Паводле аўтараў, без ракет для сістэм супрацьракетнай абароны «Patriot» многія ўкраінскія гарады апынуцца без надзейнай абароны, што прывядзе да масавых разбурэнняў і павелічэння колькасці ахвяр сярод вайскоўцаў і мірных жыхароў, падобных да тых, што назіраюцца ў Харкаве. Адсутнасць ракет GMLRS з GPS-навігацыяй дазволіць Расеі свабодна перамяшчаць войскі і тэхніку ў тыле, што створыць дадатковую пагрозу на фронце і ўскладніць абарону.
Страта амерыканскіх баявых машын Bradley, кажуць аўтары, аслабіць магчымасці Украіны для контрнаступлення і абарончых дзеянняў. Асаблівую небяспеку ўяўляе перапыненне доступу да звестак амерыканскай і NATO-выведкі – без гэтай інфармацыі Украіна не зможа своечасова адсочваць перасоўванні расейскіх войскаў, запускі ракет і пастаўкі зброі з Расеі, Ірана і Паўночнай Карэі. Гэта значна абмяжуе магчымасці для нанясення дакладных удараў па важных аб’ектах у тыле праціўніка і павялічыць рызыку нечаканых атак.
Важна адзначыць, што паводле крыніц выдання «РБК-Украіна», станам на раніцу 4 сакавіка 2025 Злучаныя Штаты не спынілі перадачы або абмену разведвальнай інфармацыяй – у гэтай сферы ўсё заставалася без змен. Хаця іншая крыніца ўвогуле засумнявалася, што такое абмежаванне можа адбыцца, нават калі пастаўкі ўзбраення сапраўды спыняцца, бо нібыта «гэта іншая лінія супрацоўніцтва».
На гэтым фоне Еўрапейская камісія абвясціла маштабную ініцыятыву па ўзмацненні абароннага патэнцыялу Еўропы. План прадугледжвае мабілізацыю 800 мільярдаў еўраў, з якіх 150 мільярдаў вылучаць у выглядзе крэдытаў для абаронных патрэб. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на вытворчасць сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны і мадэрнізацыю вайсковай інфраструктуры ў краінах ЕЗ. Ініцыятыва, якую Урзуля фон дэр Ляйен назвала «пераўзбраеннем Еўропы», прадугледжвае пашырэнне дзяржаўнага фінансавання для развіцця новых абаронных тэхналогій і ўмацавання нацыянальных армій.
У той жа час новы пакет ваеннай дапамогі Украіне ад Еўразвязу на 20 мільярдаў еўраў апынуўся пад пагрозай праз катэгарычную пазіцыю Вугоршчыны. Нягледзячы на тое, што ЕЗ ужо вылучыў 60 мільярдаў еўраў на падтрымку Украіны ў 2025 годзе, Будапешт выступае супраць дадатковага фінансавання. Перамовы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам не прынеслі выніку, і кіраўніцтва Еўразвязу прызнала, што існуюць сур’ёзныя разыходжанні ў падыходах да падтрымкі Украіны і ўмацавання бяспекі Еўропы.

Сумнае і негатыўнае рашэнне
«Вельмі сумным і негатыўным» рашэннем назваў спыненне паставак ЗША Украіне палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.
На яго думку, магчыма, такая эмацыйная рэакцыя была выклікана падзеямі, якія адбыліся ў Авальнай зале Белага дома ў пятніцу, 28 лютага, калі Уладзімір Зяленскі і Доналд Трамп размаўлялі на падвышаных танах, не дамовіўшыся ў выніку на падпісанне ўгоды па карысных выкапнях і гарантыях бяспекі для Украіны.
У любым выпадку, адзначае суразмоўца «Белсата», гэта можна назваць працягам палітыкі «буры і націску» Доналда Трампа, то бок прымушэння да міру – і ў першую чаргу Украіны, бо паўплываць зараз на Расею Трамп не можа. На думку Віталя Цыганкова, зараз увесь негатыўны ціск скіраваны на Украіну, бо Трампу патрэбнае хоць нейкае рашэнне для забеспячэння міру, які ён абяцаў.
Прывесці спыненне паставак узбраення можа да таго, лічыць суразмоўца, што афіцыйны Кіеў будзе яшчэ больш разлічваць на ваенную, палітычную і фінансавую дапамогу Еўропы.
,,«Прызнаюся, я застаюся ў гэтым сэнсе вялікім скептыкам не толькі з пункту гледжання расейска-ўкраінскай вайны, а з пункту гледжання ролі Еўропы, якая сваю ролю знайшла трошкі ў іншым: як я гэта назваў, «добры санаторый з сацыяльным забеспячэннем», а не сусветны лідар у палітыцы, бізнесе, тэхналогіях і тым болей у ваеннай справе. Ну не хоча Еўропа траціцца на абарону і сваю, і тым больш Украіны. Таму я не бачу, каб яна перахапіла сцяг падтрымкі Украіны, які падае з рук Амерыкі», – кажа палітычны аналітык.
Акрамя таго, адзначыў Віталь Цыганкоў, у Еўропе не вельмі вераць у ідэю, якая прасоўваецца Украінай і яе прыхільнікамі, аб тым, што Пуцін не спыніцца на Украіне, а пойдзе ў Берлін і Парыж. Усе разумеюць, кажа суразмоўца, што гэта мала рэальная сітуацыя, таму не давяраюць такім «страшылкам», хаця і кажуць пра неабходнасць падтрымкі Украіны.
Галоўная мэта саміту, які адбыўся ў Лондане 2 сакавіка, на думку палітычнага аналітыка, заключаўся ў тым, што многія еўрапейскія лідары сказалі Зяленскаму, каб ён яшчэ раз паспрабаваў дамовіцца з ЗША, а не разлічваў, што Еўропа возьме на сябе ўсю адказнасць.
У сувязі з гэтым Віталь Цыганкоў лічыць, што рэальнасць у рэшце рэшт вымусіць Кіеў ісці на нейкія саступкі, і таму неўзабаве мы можам убачыць чарговы раўнд перамоваў Кіева і Вашынгтона.
І быццам бы ў пацвярджэнне словаў суразмоўцы ў акаўнце «Х» Уладзіміра Зяленскага з’явілася паведамленне: «Сустрэча ў Белым доме ў пятніцу прайшла не так, як планавалася. Прыкра, што так здарылася. Прыйшоў час усё выправіць і зрабіць стасункі канструктыўнымі».
Украінскі прэзідэнт напісаў, што Украіна гатовая як мага хутчэй сесці за стол перамоваў, каб наблізіць надзейны мір, і гатовая падпісаць пагадненне аб карысных выкапнях і бяспецы ў любы час і ў любым зручным фармаце.
Раман Шавель belsat.eu