Чатыры кнігі, якія змяняюць уяўленне пра беларускую мову

Якія беларускія кнігі натхняюць гаварыць па-беларуску і ганарыцца Беларуссю? Ад якіх кніг узнікае «адчуванне таго, што ў мазгі трапляе новая інфармацыя і ствараюцца новыя нейронныя сувязі»? І як лепш казаць – Маладэчна ці Маладзечна?

Алеся Каролік – прадстаўніца курсаў «МОВА Нанова з Варшавы» (Facebook, Instagram). Раней у Беларусі Алеся наведвала курсы як слухачка. Ёй спадабалася, што яны давалі нашмат больш, чым проста веды па беларускай мове:

,,

«Курсы «Мова нанова» гэта ж не толькі мова (граматыка, лексіка) – гэта людзі, якія туды прыходзяць, і госці. Бо, прызнаюся шчыра, да таго часу (гэта быў канец 2015-га – пачатак 2016 года) я не ведала шмат каго з сучаснікаў беларускіх, беларускай культуры, не ведала пісьменнікаў, паэтаў, дзеячаў, музыкаў – нікога. Нават Андрэя Хадановіча! А цяпер – ну, хто не ведае Андрэя Хадановіча?»


Цяпер Алеся сама, разам з іншымі арганізатарамі, робіць курсы «Мова нанова» за мяжою. У Польшчы заняткі адбываюцца ў Кракаве, Вроцлаве, Варшаве, Гданьску і Беластоку.

Як і належыць выкладчыцы, Алеся прыйшла на здымкі з беларускімі кнігамі, якія яна раіць прачытаць:

  • «Люблю Беларусь. 200 феноменаў нацыянальнай ідэі» Паўла Севярынца
  • Раман у вершах «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча
  • Анталогія гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», укладзеная Уладзіславам Гарбацкім
  • Зборнік дэкаланіяльнага беларускага пісьма «Карані / Лісце»

У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, хто напісаў песню Дзеда-Барадзеда і песню для «Калыханкі».

Калыханка гэта традыцыйны від беларускіх народных песень. Колькі матулі ўкладаюць дзетак спаць, столькі існуюць калыханкі. Народныя калыханкі простыя і меладычныя. Калыханкі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, прыдумляліся самімі людзьмі, таму тэксты маглі адрознівацца нават у межах аднае вёскі.

Аднак нямала аўтарскіх калыханак напісалі і беларускія паэты, якія сваім талентам дапамагалі засынаць беларускім дзеткам. Бадай, дзве самыя вядомыя калыханкі – гэта «Доўгі дзень, цёплы дзень адплывае за аблокі…» і «Дзед-Барадзед». Кожны іх ведае, але не кожны назаве аўтараў.

«Пакрысе на расе патухаюць зоркі-сплюшкі…» – пад гэтыя радкі дзесяцігоддзямі засыналі мільёны беларускіх дзетак. Аўтар калыханкі – слынны паэт Генадзь Бураўкін. Цікавасці дадае факт, што на момант напісання калыханкі Генадзь Бураўкін з’яўляўся кіраўніком Беларускага тэлебачання і радыё. Паэт прыгадваў, што асабліва многім дзеткам спадабаўся нечаканы і смешны радок «спяць машынкі ў гаражы». Быў момант, калі «Калыханку» паспрабавалі замяніць іншай песняй, але яна пратрымалася нядоўга, давялося вяртаць улюбёную старую.

«Хто я? Дзед-барадзед» – «Абышоў белы свет» адкажа вам любы беларус. Тэкст гэтай несмяротнай калыханкі напісаў Артур Вольскі, знакаміты беларускі літаратар, а таксама бацька славутага музыкі Лявона Вольскага. Дарэчы, пэўны час Вольскі таксама працаваў на кіраўнічых пасадах – узначальваў Тэатр юнага гледача, а таксама быў дырэктарам Дому літаратараў.

Але, як бачыце, адміністрацыйная праца не перашкодзіла беларускім паэтам стварыць напраўду культавыя тэксты, якія многія лічаць ужо практычна народнымі.

Адукацыйную праграму «Мова нанова» з Віктарам Шукеловічам глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.