навіны

Лукашэнка балансуе Качанаву Крутым. Арцём Брухан – пра апаратную барацьбу і рыхтаванне транзіту

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Менск, Беларусь. 10 верасня 2024 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Пасля студзеньскіх выбараў Лукашэнка мае прызначыць новы ўрад. Падбор кадраў ён даручыў радзе на чале з Крутым. Сказаў: «Каб не ўчынілі чахарды». І стаў распытваць аб працы камісіі не Крутога, а Качанаву. Што б гэта значыла? «Белсат» спытаў аналітыка Арцёма Брухана.

Раман Галоўчанка на сустрэчы з губернатарам Пскоўскай вобласці Расеі. Пскоў, Расея. 29 жніўня 2024 года. Фота: БелТА

Галоўчанка – усё? Ці зменіць Лукашэнка прэм’ер-міністра і хто можа заняць пасаду

Аналітыка

Аляксандр Лукашэнка 3 лютага распусціў урад, як таго патрабуе Канстытуцыя пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ды ўрад з Раманам Галоўчанкам на чале працягвае працаваць да прызначэння новага.


16 лютага Лукашэнка надумаў стварыць камісію для выпрацоўвання прапановаў для фармавання новага складу ўраду. На чале камісіі паставіў кіраўніка сваёй адміністрацыі Дзмітрыя Крутога. Але 25 лютага стаў распытваць аб працы той камісіі старшыню Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву, быццам за падбор ураду адказная найперш яна і экспертная рада пры Савеце Рэспублікі. Дык хто галоўны?

Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, аналітык Арцём Брухан у эфіры «Белсат Zoom» адзначае, што сітуацыя з Качанавай і Крутым цікавая: выглядае, што ідзе апаратная барацьба.

,,

«Лукашэнка не хоча зрабіць стаўку на кагосьці аднаго, – мяркуе Брухан. – Ён паміж імі трохі гуляе. То спачатку Крутой выходзіць наперад, цяпер Качанава».


Раней Качанава была фаварыткай, якая заўсёды была на першых старонках дзяржаўных медыяў, адзначае ён. І яна праводзіла сустрэчы на высокім узроўні ў Маскве, давала палітычныя каментары. Нарадзілася тэорыя, што Качанава – пераемніца, ухваленая Масквою. Тым больш, згодна з абноўленай Канстытуцыяй, у выпадку смерці Лукашэнку замяняе старшыня Савету Рэспублікі, у выпадку забойства – Савет бяспекі са старшынёю Савету Рэспублікі на чале. 


Але паступова апаратны ўплыў паменшыўся, мяркуе Брухан. Падчас апошніх на сёння выбараў гэта асабліва праявілася: Качанавай не было відаць, яна не рабіла шмат заяваў, тады як Крутой «падняўся». 


Цяпер, думае Брухан, Лукашэнка хоча прадэманстраваць, што ён будзе «балансаваць» галіны ўлады: адміністрацыя Лукашэнкі – ключавая структура ў кадравых пытаннях, але Качанава будзе захоўваць свой апаратны ўплыў.

Пасяджэнне міждзяржаўнага савету Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі. Кіраўнікі дзяржаваў злева направа: Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў, Аскар Акаеў, Барыс Ельцын. Масква, Расея. 22 кастрычніка 1997 года. (Фота: Аляксандр Сянцоў, Аляксандр Чумычаў / Yeltsin.ru)

Колькі кіраўнікоў суседніх дзяржаваў змянілася за апошнія 30 гадоў – і колькі прэзідэнтаў у Беларусі?

навіны

За апошнюю перадвыбарчую кампанію, мяркуе аналітык, была адказная адміністрацыя Лукашэнкі: Крутой, Наталля Пяткевіч і іншыя, а таксама, хутчэй за ўсё, кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Наталля Эйсмант і міністр інфармацыі Марат Маркаў, магчыма, крыху міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў. У нейкай ступені кампанія атрымалася: інфармацыйную прастору «проста завалілі крынджам».


Кадравы ж рэзерв, з якога Качанавай, Крутому ды іншым трэба падбіраць міністраў, відавочна малы. На думку Брухана, стаўку будуць рабіць на перспектыўныя рэгіянальныя кадры: у цэнтральным апараце людзей бракуе, шмат міністраў сядзяць шмат гадоў, бо няма кім замяніць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці новага ўчастку трэцяй лініі Менскага метрапалітэну. Менск, Беларусь. 30 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by

Гэта апошні тэрмін Лукашэнкі? Ці здольны ён аддаць уладу пераемніку

Аналітыка

Цяпер, на думку Брухана, могуць адчувальна абнавіць урад: змяніць міністраў, прызначаных у 2020 годзе і раней, на тых асобаў, якіх «вырасцілі» за апошнія два-тры гады і якія не дэманстравалі ніякага іншадумства ў цяжкі час. Прафесійныя якасці, кантакты і сувязі будуць на другім месцы: стаўка будзе на лаяльнасць, на «салдатаў Лукашэнкі». Аналітык ставіць на змену ў тым ліку прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў, хіба нядаўна прызначаны віцэ-прэм’ерам Юрый Шулейка застанецца.


Сярод новых прызначэнцаў усё больш сілавікоў. Брухан згадвае, як да 2020 года працаваў у Берасцейскім аблвыканкаме і бачыў, што сілавікі – «не найлепшыя спецыялісты», бо «яны не прывыклі працаваць насамрэч». Павелічэнне колькасці сілавікоў ва ўладзе павялічыць нагрузку на чыноўнікаў, якія сапраўды ёсць спецыялістамі ў сваёй сферы. Ды сілавікі за рэдкімі выключэннямі прадэманстравалі лаяльнасць, паказалі сябе «апораю рэжыму», таму іх ва ўладзе будзе рабіцца больш.


Размовы Лукашэнкі пра павелічэнне ролі мясцовых уладаў і пра «змену пакаленняў», на думку Брухана, азначаюць рыхтаванне да транзіту ўлады.

,,

«Падчас транзіту ўлады не трэба моцных спецыялістаў і экспертаў, – кажа Брухан. – Патрэбныя лаяльныя асобы, якія забяспечаць гэты транзіт улады».


Няўжо Лукашэнка захоча аддаць камусьці ўладу? Аналітык пагаджаецца: Лукашэнка не з такіх. Ды ўплывае ўзрост: Лукашэнку ўсё цяжэй кантраляваць усё ўручную, проста не стае сілаў. І ён адчувае, што без яго збудаваная ім сістэма пасыплецца, таму робіць першыя крокі, каб «закласці падмурак» больш устойлівай сістэмы. І пачынае дэманстраваць некалі кулуарную кадравую працу, каб прадэманстраваць, што «ёсць людзі, якія штосьці пастанаўляюць».


Брухан згадвае нядаўнія кадры з ананімнага Telegram-каналу «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Раней не паказвалі такога, каб Лукашэнка ішоў уздоўж шэрагу чыноўнікаў і ўсім ціснуў рукі. Гэта, мяркуе аналітык, наўмысная дэманстрацыя таго, што «ёсць наменклатура», «ёсць эліты, якія атрымліваюць зарад бадзёрасці, запітваюцца ўладай ад Лукашэнкі». 


Пакуль гэта, хутчэй, канспіралагічная тэорыя, прызнае Брухан. Трэба пачакаць наступных навінаў, як то «ўсенароднага беларускага сходу» і інаўгурацыі Лукашэнкі. Але ёсць першыя сігналы калі не пра транзіт улады, то пра яго рыхтаванне.


Зміцер Міцкевіч, Алесь Наваборскі belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10