Указ № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 21 лютага. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба. Гэта той самы ўказ, які дазволіць кіраўнікам выканкамаў прызначаць дырэктараў прыватных прадпрыемстваў.
Указ пашырае фінансавыя магчымасці выканкамаў. Таксама «з мэтай выканання мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання нададзеныя правы актыўна далучаць грамадзянаў і арганізацыі ў агульную справу для навядзення парадку ў краіне».
Па ўзгадненні з райвыканкамамі і гарвыканкамамі цяпер будуць прымацца пастановы пра спыненне дзейнасці важных для раёну аб'ектаў або прыпыненне дзейнасці арганізацыяў.
Указ істотна пашырае кадравыя паўнамоцтвы мясцовых выканкамаў і іх старшыняў у дачыненні дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў, якія працуюць на адпаведнай тэрыторыі.
Старшыні райвыканкамаў і гарвыканкамаў атрымалі права выносіць пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні) аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства і аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў. Невыкананне такіх патрабаванняў пацягне адміністратыўную адказнасць.
Пры гэтым на старшыняў выканкамаў базавага ўзроўню ўскладаецца персанальная адказнасць за распараджэнні і пастановы аб кадравых узгадненнях, іншыя вынесеныя пастановы (даручэнні) і пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні).
Паводле заявы прэс-службы Лукашэнкі, названыя захады дазволяць умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сітуацыю ў рэгіёне, павысіць эфектыўнасць працы выканаўчых камітэтаў і іх старшыняў, раскрыць рэзервы для якаснага росту ўзроўню жыцця ў краіне.
Поўны тэкст указу яшчэ не апублікаваны. Дакумент набудзе моц 1 сакавіка 2025 года.
Арсен Рудэнка belsat.eu