Літоўская армія адказала на пытанні, што хвалююць грамадзянаў. Адное з іх – наколькі імаверны напад з боку РФ і Беларусі.
Вораг ужо за брамаю, а мы ўсё хаваем гэта? – пытаюць літоўцы ў вайскоўцаў. Аднак літоўскія ўзброеныя сілы не бачаць адкрытай пагрозы з боку Расеі ці Беларусі.
,,«Каб напад на Літву адбыўся, мусяць быць выкананыя дзве ўмовы: па-першае, варожыя сілы мусяць быць разгорнутыя каля межаў Літвы. І, па-другое, мусіць быць вядомы намер іх выкарыстоўваць. На гэты момант вайсковая выведка адсочвае дзеянні Расеі ва Украіне – і няма ніякіх прыкметаў перадыслакацыі сілаў і сродкаў бліжэй да Літвы. Сітуацыя ў Беларусі застаецца нязменнай: інтэнсіўнае, але стабільнае вайсковае рыхтаванне. Такім чынам, ніводная з вышэйпералічаных умоваў не выконваецца», – сцвярджаюць узброеныя сілы Літвы.
На пытанне, ці вырасла пагроза ад Расеі, вайскоўцы адказваюць, што ніколі не было так, каб гэтай пагрозы не было, яна паўстала недзе ў ХV стагоддзі, калі адбылася першая вайна ВКЛ з Масквой.
«І з гэтым проста трэба навучыцца жыць, – гаворыцца ў паведамленні арміі. – Вайсковы патэнцыял у Расеі сёння большы, чым у 2022 годзе, назіраецца рост узброеных сілаў, але наваствораныя вайсковыя падраздзяленні ніякім чынам не разгортваюцца ў мясцінах, што ствараюць для нас адкрытую пагрозу».
Распавялі ўзброеныя сілы і пра войскі ЗША ў Літве – два батальёны, што трэнуюцца як самастойна, гэтак і разам з літоўскімі жаўнерамі. Некалькі тыдняў таму прыбыла новая ратацыя амерыканскіх вайскоўцаў.
Агулам, што датычыць замежных кантынгентаў, сёння ў Літве перабываюць некалькі тысяч саюзніцкіх жаўнераў, большасць з якіх уваходзіць у склад шматнацыянальнай баявой групы NATO пад кіраўніцтвам Нямеччыны.
Літоўская армія распавяла, што ў сітуацыі ўсеагульнага напружання яна штодня трэнуецца, узмацняе магчымасці выведкі, а таксама «ўдзень і ўначы» рыхтуецца да пераходу на ўсеагульны прызыў і забеспячэнне магчымасці праходзіць службу ўсім ахвочым і здольным, бо на гэты момант колькасць месцаў у войску абмежаваная.
,,«Мы баімся, што на нас нападуць, што рабіць?», – пытаюцца літоўцы.
«Рыхтавацца», – адказвае армія.
Паводле вайскоўцаў, жаўнеры мусяць узбройвацца і трэнавацца, а цывільнае насельніцтва – ствараць універсальную абарону.
«Універсальная абарона не азначае, што ўсе рыхтуюцца страляць. Гэта азначае, што той, хто ўмее страляць, рыхтуецца да стральбы. Хто не ўмее, вучыцца і, калі трэба, гатовы замяніць тых, хто страляе. А хто не ўмее і не вучыцца, той займаецца справай, якую можа рабіць лепш за ўсіх і гатовы выконваць яе пры любых абставінах. Гэта ўніверсальная абарона і непрыступная крэпасць. Вораг гэта добра разумее і спрабуе прымусіць нас рабіць крокі, прадыктаваныя страхам. Мы мусім супрацьстаяць гэтаму. Пераводзім дух і спакойна рыхтуемся да ўсеагульнай абароны, гэта наш шлях да міру», – рэзюмуюць узброеныя сілы Літвы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu