Актывістка параўноўвае самвыд на «Amazon» з вынаходствам друкарскага станка: выдаваць кнігі яшчэ ніколі не было так лёгка. Але ж рабіць кнігі па-беларуску там нельга, а адміністрацыя сэрвісу не ідзе на кантакт. Таму запускаюць петыцыю і кампанію ў сацыяльных сетках.
На сайце Change.org з’явілася петыцыя за даданне беларускай мовы на сэрвіс «Amazon Kindle Direct Publishing» («Amazon KDP»). А ў сацсетках з’явілася кампанія #BezosGiveMeMyBook – просьба «даць мне маю кнігу», скіраваная да заснавальніка «Amazon» Джэфры Бэйзаўса.
Сёння праз гэты сэрвіс любы ахвочы можа выдаць сваю кнігу, прадаваць яе ў электроннай версіі ці (на запыт) у друкаваным выглядзе. Існуюць кароткія і простыя інструкцыі, як там публікаваць кнігі – нават ад беларусаў. Але кнігі на «Amazon KDP» нельга выдаваць па-беларуску: такая мова не дазволеная.
Гэта не проста яшчэ адно выдавецтва
Ініцыятарка акцыі Марыя Грыц параўноўвае «Amazon KDP» са з’яўленнем друкарскага станка, рэвалюцыяй у кнігавыданні:
,,«Гэта штосьці вельмі блізкае да вынаходства станка Гутэнбэргам. Напэўна, гэта, можа, занадта патэтычна. Але напраўду мне падаецца, што гэта так. Для друкаванага слова, для бусту культуры гэта недзе вельмі блізка».
На «Amazon KDP», тлумачыць яна, можна выдаваць і вялікія сур’ёзныя творы, і маленькія лёгкія – хоць маляванкі для дзяцей ці зборнік вершаў для каханага чалавека. А сам «Amazon» – найбуйнейшая онлайн-кнігарня і найбуйнейшая онлайн-крама агулам, адзін з самых наведвальных сайтаў у свеце.
Самвыд існаваў і да таго, як з’явіліся друкарскія станкі, а людзі, якія хочуць данесці сваё слова, данясуць. Але тыя, хто не вельмі мэтанакіраваны, могуць не данесці, бо выданне кнігі – складаны працэс. А ў «Amazon KDP» ёсць простыя канструктары вокладак і шыхтоўлі. Калі хочацца выдаць кнігу якаснай, лепш звяртацца ў прафесійныя выдавецтвы. Ды, як кажа Марыя, могуць быць тыя, хто захоча ахвяраваць прафесійным аздабленнем і карэктурай.
Да таго ж, выданне друкаванай кнігі праз звычайнае выдавецтва – рызыкоўная справа, бо наклад можа разляцецца, а можа гадамі ляжаць на складзе. «Amazon KDP» дазваляе замовіць колькі заўгодна кніг без выдаткаў загадзя: спатрэбілася надрукаваць адзін асобнік – можна замовіць адзін. Трэба тысяча – можна тысячу. Марыя смяецца: «Не марнуеш паперу, не шкодзіш асяроддзю!»
Хоць па-каталанску, але не па-беларуску
Марыя расказвае, як пачалася гісторыя з акцыяй: яна натрапіла на чалавека, які прапаноўваў курсы ў выдаванні маляванак на «Amazon». Падумала: было б выдатна там выдаць беларускамоўныя маляванкі для беларускіх дзяцей у Беластоку. Сабрала сяброў, пачалі ладзіць працэс выдання. Усё было амаль гатовае, ды аказалася, што выдаваць кнігі па-беларуску на «Amazon KDP» проста нельга. Як нельга і па-расейску.
Сэрвіс падтрымлівае выданне кніг на 46 мовах ці варыянтах моваў: напрыклад, падтрымліваюцца два правапісы нарвежскай. Ёсць некаторыя абмежаванні. Так, кітайская – толькі традыцыйная (класічны варыянт, якім карыстаецца Тайвань, але не рэфармаваны спрошчаны з камуністычнага Кітаю), па-кітайску – толькі выданне электронных кніг. А па-польску ці па-ўкраінску – толькі выданне фізічных кніг у цвёрдай ці мяккай вокладцы.
«Калі паглядзець лічбы ў той жа Украіне, там амаль удвая больш кніг выдаецца на "Амазоне", чым у самой Украіне! – кажа Грыц. – Я маю на ўвазе не наклады, а колькасць выданняў. Гэта можа быць адзін асобнік ці тысяча асобнікаў. Для кагосьці гэта натуральна: выдаць адзін асобнік, неяк свае думкі зафіксаваць. А для кагосьці гэта можа быць і бізнес. Але для мяне самае галоўнае, каб гэта было менавіта пра раўнапраўе: калі каталонцы могуць, то чаму б і нам не?»
Каталанская – не самая «маленькая» ў спісе моваў, якія падтрымлівае сэрвіс: там можна друкаваць кнігі і на люксембургскай, і на шатландскай гэльскай і на ўсходнефрызійскай, нават на правансальскім дыялекце, які далёка не ўсімі прызнаецца асобнай мовай. Але чамусьці ў спісе няма мноства «буйных» моваў накшталт бенгальскай, в’етнамскай ці турэцкай.
,,«Скантактавацца з "Эмазанам" не так проста, – наракае Марыя. – Гэта напраўду людзі, якія сядзяць у высокім палацы. У іх ёсць чат, у іх ёсць мэйл, да пэўнай ступені яны ідуць на кантакт. А калі ўжо пытанні "Эмазан, чаму няма беларускай мовы, што мне рабіць з маёй беларускай мовай", – яны проста перастаюць ліставацца».
Як гэта выправіць
Марыя пастанавіла распачаць шырокую кампанію, калі на звароты ў «Amazon» перасталі адказваць. Петыцыя запушчаная чатыры дні таму, на гэты момант сабрала ўсяго сем сотняў подпісаў. Але Марыя толькі пачала сваю кампанію.
Яна кажа, што ідэю падтрымалі Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Рада культуры, якія рыхтуюць свае звароты ў падтрымку петыцыі. Будзе не толькі «нізавы» запыт, але і пацверджанне патрэбы ад грамадскіх арганізацыяў.
Марыя расказвае, што звярталася да розных установаў і «амбасадараў» беларускай культуры і літаратуры, каб прымеркаваць акцыю да Дня роднай мовы 21 лютага:
,,«Звычайна на Дзень роднай мовы людзі чытаюць вершы ці спяваюць песні, распавядаюць пра свае любімыя кнігі. Гэта класна, але мне падаецца, мы ўжо гатовыя да таго, каб зрабіць нейкі больш грунтоўны крок, якое-небудзь дзеянне, якога мы потым будзем бачыць вынік».
Калі вышлюць зварот і тым больш калі на яго атрымаюць адказ, Марыя пакуль не ведае. Але падкрэслівае: каб беларускую мову дадалі ў «Amazon KDP», патрэбная «палітычная і чалавечая воля», бо Беларусь цяпер «не ў найлепшым святле». Таму трэба паказаць, што Беларусь – гэта не толькі «мапа трох шляхоў, адкуль рыхтаваўся напад».
Марыя заклікае не толькі падпісваць петыцыю, але і пісаць у сацсетках пра акцыю з тэгам #BezosGiveMeMyBook, расказваць пра любімыя кнігі, заклікаць сяброў далучацца.
Алесь Наваборскі belsat.eu