Інтарэсы ўладаў Беларусі становяцца ўсё больш уразлівымі: цяпер ім могуць нашкодзіць нават літаратура, даменныя імёны і суполкі ў «Тэлеграме» на некалькі дзясяткаў чалавек.
Міністэрства інфармацыі Беларусі забараніла продаж яшчэ 30 друкаваных выданняў, бо там былі «інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Апошні раз спіс папаўнялі ў лістападзе 2024 года.
Цяпер у спіс увайшлі «Такійскі гуль» Суі Ісіда, «Маленькае жыццё» Хані Янагіхары, «Калыханка» Чака Поланіка і іншыя творы. У адноўленым спісе забароненага ўжо 65 радкоў самых нечаканых публікацыяў. Нагадаем таксама, што спампоўваць аніякія спісы з сайту Міністэрства інфармацыі нельга: яны маюць у сабе вірусы.
Тым часам забароненую літаратуру на паліцах крамаў замяняе выданне пад назваю «Наш прэзідэнт». Сярод аўтараў пазначаная прэс-сакратарка галоўнага героя Наталля Эйсмант. Чарговая цаглінка ў культ асобы Лукашэнкі – кажуць незалежныя эксперты. Прапаганда ж сустрэла падзею загалоўкамі накшталт: «Першая партыя кніг прадалася за гадзіну».
Тэса Анэйда belsat.eu