Сёння стала вядома, што трое палітвязняў, якія знаходзіліся за кратамі ў Беларусі, атрымалі свабоду. У Вільню ўжо прыбылі журналіст Андрэй Кузнечык, актывістка Алена Маўшук і грамадзянін ЗША, чыя асоба пакуль не раскрываецца.
Старэйшы дарадца Франак Вячорка расказаў «Белсату», што вызвалены грамадзянін ЗША сам пажадаў застацца невядомымм.
Паведамленне аб вызваленні палітвязняў з’явілася ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.
Як паведаміла беларуская дэмакратычная лідарка, вызваленых сустрэлі прадстаўнікі амерыканскай амбасады, а таксама сябры Офіса і Аб’яднанага пераходнага кабінета. Усе яны атрымліваюць неабходную падтрымку.
Ціханоўская падзякавала адміністрацыі ЗША, у тым ліку Прэзідэнту Доналду Трампу, дзяржсакратару Марка Рубіа і Дзярждэпартаменту за намаганні, якія зрабілі гэтае вызваленне магчымым.
«Радая, што зняволеныя зноў змогуць пабачыць сем’і і блізкіх пасля доўгіх дзён за кратамі. Нарэшце кожны абдыме сваіх родных. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага», – падкрэсліла дэмакратычная лідарка.
У тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай таксама з'явілася відэа, у якім Франак Вячорка знаходзіцца ў машыне разам з вызваленай Аленай Маўшук.
Асоба трэцяга вызваленага не раскрываецца, але, магчыма, пад ім маецца на ўвазе Юрась Зянковіч, інтэрв’ю з якім нядаўна выходзіла на беларускім тэлебачанні. У ім Зянковіч здымаўся ў цывільным адзенні і знаходзіўся не ў камеры (журналістам удалося высветліць, што гэта магло адбыцца ў гатэлі «Еўропа» у Менску).
Журналіст Андрэй Кузнечык супрацоўнічаў у якасці фрылансера з радыё «Свабода», яго затрымалі 25 лістапада 2021 года, а ў чэрвені 2022-га асудзілі на шэсць гадоў зняволення за «кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем». У сярэдзіне студзеня інтэрв’ю з ім паказалі на тэлеканале АНТ пад здзеклівай назвай «Свабода слова».
Сёння ён упершыню за доўгі час змог абняць родных. У Вільні ён сустрэўся з сям’ёй.
«Радыё Свабода» апублікавала першыя кадры, дзе журналіст на волі.
Акрамя Андрэя Кузнечыка, такія інтэрв’ю давалі яшчэ два іншыя супрацоўнікі радыё «Свабода» Ігар Лосік і Ігар Карней. Пра іх вызваленне пакуль нічога невядома.
Алена Маўшук – шматдзетная маці, фігурантка так званай «пінскай справы», затрыманая за пратэсты ўначы 10 жніўня 2020 года ў Пінску. Да таго, як яна была рэпрэсаваная, Алена працавала ў харчблоку гарадской бальніцы Пінска.
Алена правяла за кратамі 4,5 гады. Яе пакаралі на 6 гадоў пазбаўлення волі. Паводле міліцыянераў, жанчына нібыта замахвалася палкай на АМАП. Пасля яе затрымання сукамерніца жанчыны распавяла, што Алену трымаюць у камеры «голую, босую і збітую».

Алена распавяла «Зеркалу», што яе вызваленне было спантанным і з умовай, што яна з'едзе з Беларусі. Падчас вячэры да яе падышоў канваір і сказаў ісці з ім.
«Дзяжурны памочнік начальніка калоніі павёў мяне ў штаб. Там быў пракурор, які сказаў: "Уладзіміраўна, ваша памілаванне разглядалася". Я вельмі знервавалася, таму што не зразумела: ці то яно разглядалася, ці то яшчэ толькі будзе разглядацца. Затым пракурор сказаў, што яно ўжо разгледжана, але з умовай, што мне трэба пакінуць Беларусь. Ён спытаў, ці былі ў мяне такія намеры. Я адказала, што ўжо прагаварыла тое, што не хачу жыць у Беларусі. Вось і ўсё. Я на волі», – сказала Алена.
Затым яе з калоніі №24 У Зарэччы, якая для рэцыдывістаў, адвезлі ў Менск у СІЗА КДБ. Ноч яна правяла там, а раніцай канваіры адвезлі яе на мяжу. Па словах жанчыны, дарогі яна не бачыла, бо была ў масцы. Яе знялі ля самай мяжы і аддалі Алёне пашпарт.
Жанчына дадала, што ў калоніі яна не выходзіла з ШІЗА, часам персанал калоніі прасіў іншых асуджаных штосьці ёй падкінуць, каб чарговым разам пакараць Алену. Таксама яна адзначыла праблемы з медыцынскай дапамогай.
«Немагчыма было дамагчыся атрымання нейкага лекі або ўколаў. У мяне пагоршыўся слых, я прасіла вывезці мяне ў гарадскую бальніцу, каб зрабіць здымак, але гэтага так і не зрабілі. Са зрокам таксама з'явіліся праблемы, але мяне праз гэта таксама не вывезлі. Яшчэ на мітынгу я атрымала траўму нагі, яна турбуе мяне вось ужо пяты год, і я не ведаю, што з ёй. Такі вось быў зварот», – сказала Алёна.
Франак Вячорка расказаў, што Алена ў вельмі цяжкім эмацыянальным і фізічным стане і падзяліўся кадрамі з першымі словамі жанчыны на волі:
Цяпер Алена знаходзіцца ў беларускім шэлтары ў Вільні.
У Алены тры дачкі. Пасля таго, як Алену пакаралі, адну з іх забралі ў сацыяльны прытулак, бо муж былой палітзняволенай з’яўляецца айчымам для дзяўчынкі. Пазней апеку над ёй узяла старэйшая сястра.
Раман Шавель belsat.eu