Беларусы ў першай тройцы парушальнікаў-замежнікаў у Польшчы, але значна адстаюць ад украінцаў і грузінаў.
За 2024 год у Польшчы паліцыя затрымала 16 437 замежнікаў, што на 857 менш за 2023 год, пераказвае звесткі Галоўнай камендатуры паліцыі «RMF FM». Найчасцейшая праблема – алкаголь за рулём: за гэта былі затрыманыя 4214 замежнікаў.
На першым месцы сярод замежнікаў грамадзяне Украіны, на другім – Грузіі, на трэцім – Беларусі. З паведамлення «RMF FM» незразумела, ці гаворка пра людзей з адпаведным грамадзянствам, ці ў тым ліку пра грамадзянаў Польшчы замежнага паходжання.
Украінцаў у 2024 годзе злавілі на правапарушэннях 9753 разы. З гэтага 2943 разы – за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, 930 разоў – за крадзеж, 461 раз – за махлярства.
Грузіны на другім месцы паводле колькасці правапарушэнняў, хоць у Польшчы грамадзянаў Грузіі істотна менш за грамадзянаў Беларусі. У 2024 годзе паліцыя затрымлівала грамадзянаў Грузіі 1780 разоў, з гэтага 472 разы за крадзеж, 334 – за нецвярозую язду, 200 – за наркотыкі.
Беларусаў у Польшчы за 2024 год затрымлівалі 1122 разы, з гэтага 178 выпадкаў – за п’яную язду, 130 – за крадзеж, 59 – за хабарніцтва.
У 2023 годзе беларусаў затрымлівалі крыху менш: 1030 разоў. Грузінаў тады затрымлівалі адчувальна больш: 2714 разоў.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск звяртаўся да Міністэрства ўнутраных справаў з просьбай «даць хуткі план неадкладнага рэагавання на арганізаваную злачыннасць, учыненую замежнікамі».
Польшча лічыцца даволі бяспечнай краінай: напрыклад, паводле крадзяжоў і рабаванняў на душу насельніцтва яна на 20-м месцы ў Еўразвязе. Наўмысных забойстваў на душу насельніцтва ў Польшчы ў амаль тры разы менш, чым у Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu