Правы інвестараў з «недружалюбных краінаў» на заробленыя імі ў Беларусі грошы ў хуткім часе могуць быць яшчэ больш абмежаваныя. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў «разабрацца» з тымі, хто выводзіць валюту за мяжу. Уладам сапраўды варта перажываць праз адток валюты, пагаджаюцца эксперты, але вінаватыя ў гэтым зусім не замежныя інвестары.
Лукашэнку «абакралі»
Пракуратура ў Беларусі ўжо правярае кампаніі, у якіх ёсць заснавальнікі або ўласнікі з «недружалюбных краін». Гэта адбылося пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка даведаўся ад генпракурора Андрэя Шведа, што такія бізнесы нібыта вывелі з краіны не 15 млн долараў, як Лукашэнку раней дакладвалі, а «сотні мільёнаў».
,,«Дывідэнды выводзяць. Яны што, асабіста зарабілі гэтыя грошы? Мізэрны заробак нашым людзям заплацілі, самі зматаліся за мяжу і вывелі яшчэ грошы. Гэта што, нармальна? У бліжэйшы час мы разбяромся з урадам, як яны рэалізоўвалі тыя рашэнні, якія мною былі прынятыя», – сказаў Лукашэнка.
Ён не ўдакладніў, за які перыяд выведзеныя грошы. Верагодна, гаворка ідзе пра час з 23 красавіка 2024 года, калі з'явілася пастанова ўрада №299 «Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры». Яна забараніла кампаніям з заснавальнікамі або ўласнікамі з «недружалюбных краін» выводзіць дывідэнды за мяжу без выканання шэрагу ўмоў і дазволу абласных альбо Менскага гарадскога выканкамаў. Менавіта з гэтай пастановай звязаныя праверкі пракуратуры.
Не бізнес стварыў праблемы

Прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч упэўнены, што Лукашэнка падняў пытанне з вывадам сродкаў за мяжу выключна таму, што ў Беларусі вялікія праблемы з сальда вонкавага гандлю – імпарт значна большы, чым экспарт.
«На 2024 год урад планаваў сальда вонкавага гандлю плюс $ 700 – 800 млн. За студзень – лістапад 2024 года мы маем мінус $660,5 млн. Гэта азначае велізарныя праблемы, пагрозу валютнаму курсу. Канешне, Лукашэнка шукае вінаватых там, дзе яму больш зразумела. А тое, што людзі зарабілі грошы, заплацілі падаткі і законна вывелі, ён разумее па-іншаму», – кажа Кныровіч.
Эксперт адзначае, што праблемы з вонкавым гандлем выкліканыя рашэннямі самога Лукашэнкі і праблему не вырашыць, нават калі ўсім інвестарам забараніць выводзіць грошы.
,,«У нас недахоп працоўных рук, які выклікаў неабгрунтаваны эканамічна рост даходаў. Гэта павінна было выклікаць інфляцыю, але інфляцыю прыдушылі нярынкавымі метадамі. У выніку ў людзей з’явілася на руках значна больш грошай, чым павінна было быць з цяперашнім узроўнем развіцця эканомікі. Яны прыйшлі да крамы, не знайшлі там айчынных тавараў і набылі імпартныя. Тут усе рашэнні былі цалкам у руках Лукашэнкі», – працягвае суразмоўца.
Адзінае, што можа выправіць сітуацыю з гандлёвым сальда – гэта спыніць рэгуляванне коштаў, лічыць ён.
«Трэба дазволіць інфляцыйнаму навесу, які назапасіўся за апошнія два гады, спрацаваць. Гэта адразу будзе плюс 5 – 7 % інфляцыі, але ці пойдзе ён на гэта?», – кажа Кныровіч.
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC, дырэктар школы эканомікі і бізнэсу Biseb Дзмітрый Крук распавёў «Зеркалу», што не бачыць паводле статыстыкі, каб інвестары масава выводзілі грошы з Беларусі. Ён таксама лічыць, што неспакой Лукашэнкі выкліканы дэфіцытам вонкавага гандлю.
«Калі ў 2022-м і большай частцы 2023 года валютная выручка ў Беларусь ішла нечакана вялікімі тэмпамі, гэта дазваляла заплюшчыць вочы на другасныя праблемы. А калі гэтага вялізнага прытоку валюты няма, "праблемы" кшталту вываду сродкаў за мяжу пачынаюць прыцягваць да сябе ўвагу», – сказаў Дзмітрый Крук.
Абодва эксперты мяркуюць, што ўлады могуць пайсці на далейшыя ўзмацненні жорсткасці ўмоў для бізнесу. Аляксандр Кныровіч нагадвае, што раней улады ўжо ўводзілі абмежаванні для інвестараў з «недружалюбных» краін. Ім забаронена без узгаднення з дзяржорганамі прадаваць свае долі ў кампаніях, якія працуюць у Беларусі. Абмежаванні тычацца 1849 кампаній.
«Гэтыя кампаніі абмежаваныя ў сваіх правах уласніка. Ці можа стаць горш? Можа прайсці нацыяналізацыя, як у Венісуэле, ці ў пачатку СССР. Але якія рашэнні будуць цяпер невядома», – кажа Кныровіч.
Суразмоўца адзначае, што бізнес так ці інакш знойдзе шляхі, каб абысці абмежаванні.
«Напрыклад, “Kronospan”, уладальнікі якога знаходзіцца ў Аўстрыі, зрабілі выгляд, што яны выйшлі з удзелу ў бізнесе ў Беларусі. Але на самой справе проста праз нейкі фонд, які выглядае як эміратскі, яны засталіся ў сваім бізнесе і змянілі шыльдачкі», – кажа Кныровіч.
«Пытанне, хто зарабляе на жабрацкім становішчы людзей»

Наконт словаў Лукашэнкі пра нізкія заробкі, якія плацяць у Беларусі тыя, хто выводзіць сотні мільёнаў долараў за мяжу, эксперт падкрэслівае, што тут зноў жа пытанні да самога Лукашэнкі.
«Калі мы глядзім, колькі плацяць на заводах замежных інвестараў, і колькі плацяць у сельскай гаспадарцы, то з’яўляецца вялікае пытанне, хто зарабляе на жабрацкім становішчы людзей у Беларусі. Мне здаецца, што ў першую чаргу Лукашэнка, і да яго павінны быць прэтэнзіі. Не да інвестараў, якія плацяць рынкавы заробак. Няма такой тэхналогіі, каб заплаціць у два разы менш за рынкавы заробак, і каб у цябе засталіся працаваць людзі», – кажа Кныровіч.
Ён адзначае, што Лукашэнка цалкам не верыць у тое, што існуе прадпрымальніцкі талент, калі чалавек бачыць магчымасці, умее знаходзіць рэсурсы, арганізоўваць працу і бярэ на сябе рызыкі.
«І за ўсё гэта ты маеш права на прыбытак. Ва ўяўленні Лукашэнкі міністр загадаў пабудаваць прадпрыемствы і тады з’яўляецца прыбытак. Ён проста неадукаваны чалавек», – адзначае Аляксандр Кныровіч.
Як працуюць абмежаванні на вывад грошай?

Абмежаванні датычацца інвестараў з Аўстраліі, ЕС, Канады, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Чарнагорыі, Швейцарыі.
Інвестарам трэба прасіць дазвол у выканкамаў, калі на ўсіх замежных прадстаўнікоў кампаніі за год атрымліваецца больш дывідэндаў, чым 80 тысяч базавых велічынь (3,36 млн BYN).
Каб атрымаць дазвол, трэба выканаць шэраг умоў. У кампаніі не павінна быць страт за папярэдні год і за справаздачны перыяд года, у якім падаецца заяўка на вывад сродкаў. Таксама не павінна быць запазычанасцяў па крэдытах, аплаце падаткаў і адлічэнняў у ФСАН. Работнікаў павінна быць не менш за 70 % да ўзроўню папярэдняга году. Агульны аб'ём выплачаных дывідэндаў і тых, якія заяўлены да выплаты, за год павінен складаць не больш за 50 % ад сярэдняга аб'ёму прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове за 5 гадоў, якія папярэднічаюць году, у якім ажыццяўляецца іх выплата.
Выканкам можа разглядаць заяўку 30 дзён. Калі яна адобрана, то на працягу 10 дзён з выплаты дывідэндаў інвестар павінен паведаміць выканкаму пра суму.
Пастанова дзейнічае да канца 2025 года.
Арсен Рудэнка belsat.eu