Нацбанк падвёў вынікі мінулага года і абнародаваў планы на сёлета. Абяцае і надалей «захоўваць фінансавую стабільнасць», стрымліваць рост цэнаў і раздаваць крэдыты. «Белсат» спытаў эканамістку Настассю Лузгіну, ці дасць рэгулятар з гэтым рады.
Нацыянальны банк надоечы апублікаваў даклады двух намеснікаў старшыні ўстановы: Сяргея і Дзмітрыя Калечыцаў. Чыноўнікі адзначылі, што летась, нягледзячы на санкцыі, «эканоміка працягвала паказваць гнуткасць у знешнеэканамічнай дзейнасці».
За год цэны ў Беларусі выраслі на 5,2 % пры прагнозе ў 6 %. Рэгулятар канстатуе, што план выканалі дзякуючы нярынкаваму дзяржаўнаму рэгуляванню.
Пры гэтым базавая інфляцыя (так званая ачышчаная інфляцыя, што не ўлічвае сезонныя змены цэнаў і штучныя абмежаванні) вырасла з 3,8 % да 5,5 %.
У такім істотным росце Нацбанк абвінаваціў «галоўных гандлёвых партнёраў» Беларусі, і хаця Расею не згадалі, падобна, ідзецца акурат пра яе: там інфляцыя разагналася летась да 9,5 %. Гэта адно з наступстваў моцнай залежнасці ад усходняй суседкі: тамтэйшы рост цэнаў падштурхоўвае інфляцыю і ў нас.
У справаздачах кіраўнікоў Нацбанку знайшлося месца папярэджванням рызыка-менеджараў беларускіх банкаў, якія сярод галоўных крыніцаў рызыкі ў мінулым годзе назвалі санкцыі, геапалітычную напружанасць і пагаршэнне фінансавага становішча пазычальнікаў.
Банкіры таксама адзначалі павелічэнне дэфіцыту вонкавага гандлю і «нізкую дыверсіфікацыю» краінаў-партнёраў. Пра гэтую небяспеку ўсцяж кажуць незалежныя эканамісты. Праблемы галоўнага партнёра – Расеі – стануцца нашымі праблемамі, а калі імпарт усё больш і больш будзе абганяць экспарт, знайсці крыніцу, каб кампенсаваць гэтую розніцу, будзе вельмі цяжка. Спадзевы могуць быць хіба толькі на тую ж Расею, але ў пакеце з фінансавай дапамогаю ад Крамля могуць аказацца палітычныя патрабаванні.
Нацбанк летась прымаў свае захады для стрымлівання інфляцыі, і плануе рабіць гэта і сёлета, пагатоў, планы ўладаў яшчэ больш жорсткія: максімум 5 %. Найперш ідзецца пра кантроль за грашовай прапановаю, прасцей кажучы – за тым, колькі грошай «круціцца» ў эканоміцы.
Экспертка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна патлумачыла «Белсату», што запавольванню інфляцыі паспрыяе выманне залішняй ліквіднасці, і рэгулятар мае адпаведныя інструменты:
«Калі грошай менее ў эканоміцы, менее і магчымасцяў для пакупак, адпаведна, гэта можа стабілізаваць узровень цэнаў, не даць ім расці. У гэтым выпадку кантралюецца рост грашовай масы ў запланаваных межах. Нацбанк мае шэраг інструментаў: ён, напрыклад, можа даваць рэсурсы камерцыйным банкам або, наадварот, забіраць іх, можа рабіць ліквіднасць больш таннай або, наадварот, больш дарагой».
Топ-менеджары Нацбанку ў сваіх справаздачах закранулі яшчэ адзін надзвычай важны для эканомікі паказнік – крэдытаванне. «Цэнтральны банк насамрэч непакоіць тое, наколькі летась вырасла крэдытаванне насельніцтва, асабліва спажывецкае», – падкрэсліла Лузгіна.
Рэгулятар, хоць і трывожыцца, але ўпэўнены, што цяпер усё ў парадку: «Выклікаюць боязь высокія тэмпы росту крэдытавання фізічных асобаў, хаця на бягучы момант рызыкі знаходзяцца на прымальным узроўні».
Тэмпы, з якімі беларусы хапаюць крэдыты, уражваюць: агулам запазычанасць фізічных асобаў вырасла летась на 27,6 % год да года, а ў спажывецкіх крэдытах – ажно на 45,9 %.

,,«Рост крэдытавання з улікам росту прыбыткаў насельніцтва стварае рызыку паскарэння інфляцыі, таму што ў людзей становіцца больш грошай, гэта павышае попыт. А павышаны попыт у нашай эканоміцы, якая працуе на межах сваіх магчымасцяў, цісне на цэны і правакуе рост імпарту».
Аднак, нягледзячы на гэтыя пагрозы, рэгулятар не выключае, што пазыкі яшчэ патаннеюць, а таму застануцца прывабнымі:
«Адсоткавая палітыка захавае накіраванасць на забеспячэнне даступнасці крэдытаў. Пры адсутнасці рызыкаў для цэнавай і фінансавай стабільнасці чакаецца паступовае зніжэнне адсоткавых ставак у эканоміцы».
Адначасова Нацбанк плануе, што крэдытаванне фізасобаў усё ж рэзка запаволіцца, і патрабаванні банкаў да беларусаў вырастуць на 10–13 % замест леташніх 27,6 %.
З гэтых справаздачаў Настасся Лузгіна зрабіла выснову, што рэгулятар працягне палітыку стымулявання ВУПу, каб той вырас, як загадаў Лукашэнка, на 4,1 %. План такі: стрымліваць рост цэнаў і павялічваць інвестыцыі.
«Каб былі інвестыцыі, патрэбныя танныя рэсурсы. Вонкавыя рэсурсы – пытанне, хто нам дасць, а ўнутраныя – акурат банкаўскія крэдыты. Галоўны ўпор робяць на прадпрыемствы, якія будуць браць пазыкі на інвестыцыйныя праекты, і за кошт гэтага будзе расці эканоміка», – разважае экспертка.
Аднак, каб гэта спрацавала, крэдыты маюць заставацца прывабнымі толькі для кампаніяў, але не для фізічных асобаў.
«Калі ўзровень ставак будзе зніжацца для ўсіх у эканоміцы, гэта справакуе праінфляцыйны працэс, калі насельніцтва працягне актыўна крэдытавацца», – падсумавала эканамістка цэнтру BEROC.
Сцяпан Кубік belsat.eu