Белстат падлічыў таварны экспарт і імпарт Беларусі за мінулы год, і нагоды ганарыцца няма: дэфіцыт вонкавага гандлю перавысіў $ 5,3 млрд – гэта больш за палову золатавалютных рэзерваў краіны.
Летась ў параўнанні з 2023 годам экспарт беларускіх тавараў павялічыўся на 1,2 %, а вось імпарт у краіну вырас ажно на 6,1 %. У выніку дэфіцыт дасягнуў $ 5,4 млрд, падлічыў Белстат. Для параўнання: на 1 студзеня Нацыянальны банк ацэньваў золатавалютныя рэзервы Беларусі на $ 8,9 млрд. І калі б не экспарт паслуг, то на пакрыццё дэфіцыту таварнага гандлю пайшло б больш за палову дзяржаўнай «заначкі».
У якой ступені паслугі ўратавалі агульны замежны гандаль Беларусі летась, неўзабаве мае паведаміць Нацбанк.
Калі казаць асобна пра тавары, то найбольш прывабным для Беларусі стаўся гандаль з краінамі СНД, у гэтым артыкуле статыстыкі амаль усё прыпадае на Расею. І хаця імпарт адтуль рос шпарчэй за экспарт туды (8,1 % і 5,9 % адпаведна), сальда для нас аказалася дадатным: $ 2,5 млрд.
Краіны ж Далёкай дугі даюць Беларусі спрэс страты: экспарт туды абрынуўся на 8,9 %, а імпарт адтуль павялічыўся на 3,4 %. У выніку дэфіцыт гандлю з дзяржавамі па-за СНД ледзь не дасягнуў $ 7,9 млрд.
У суверэннай гісторыі ў Беларусі заўсёды былі праблемы з гандлем таварамі з іншымі краінамі. Ён заўсёды быў стратны. Найбольшы дэфіцыт здарыўся ў 2010 годзе, тады розніца паміж тым, колькі Беларусь прадала за мяжою, і тым, колькі завезла імпартнага, склала $ 9,6 млрд. Дзякуючы паслугам агульнае адмоўнае сальда ў тым годзе было меншым: мінус $ 7,4 млрд.
Пасля паступовага ўзмацнення санкцыяў супраць Расеі і Беларусі нашая краіна зазнала праблемы з пастаўкамі галоўных экспартных тавараў: нафтапрадуктаў, угнаенняў, драўніны. Пры гэтым разгон ВУПу стымулюе рост імпарту, неабходнага для вытворчасці. Акрамя таго, шпаркае павелічэнне заробкаў у Беларусі правакуе рост спажывецкага попыту, а ў такім выпадку купляюць болей усяго, у тым ліку імпартнага.
Пры гэтым у вонкавым гандлі Беларусь мае катастрафічную залежнасць ад Расеі: доля ўсходняй суседкі «набліжаецца да 65–70 %», паведаміў надоечы міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў.
Пра небяспеку такой залежнасці ўсцяж папярэджваюць незалежныя эканамісты, аднак без адказу застаецца пытанне, ці маюць цяперашнія ўлады Беларусі запасны план на выпадак праблемаў у расейскай эканоміцы і зніжэння попыту на беларускія тавары.
Сцяпан Кубік belsat.eu