У інтэрв'ю брытанскаму журналісту Пірзу Моргану прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў якасці дадатковай гарантыі на выпадак, калі краіну не прымуць у NATO, заходнія партнёры павінны даць Украіне ядравую зброю.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ўступленне Украіны ў NATO можа зацягнуцца «на гады або дзесяцігоддзі», у звязку з чым узнікае пытанне, што будзе абараняць яе «ад гэтага зла ўвесь гэты час».
«Які пакет падтрымання, якія ракеты? Ці дадуць нам ядравую зброю? Тады хай яны дадуць нам ядравую зброю», – заявіў ён.
Паводле Зяленскага, звычайныя ракеты не спыняць ядравых, таму застаецца толькі такі варыянт. Таксама ён адзначыў, што партнёры могуць дапамагчы Украіне з фінансаваннем «мільённай арміі» і размяшчэннем сваіх войскаў у краіне.
Акрамя таго, прэзідэнт Украіны адзначыў у інтэрвʼю, што «калі сустрэча з Пуціным для дасягнення мірнага пагаднення будзе адзіным варыянтам, то мы, безумоўна, пойдзем на такую сустрэчу».
Паводле Зяленскага, цяпер Украіна не можа вярнуць усіх тэрыторыяў і «не можа губляць мільёнаў людзей дзеля выніку, які можа і не наступіць». Краіна не можа «парушыць прысягі, якую давалі тым, хто аддаў сваё жыццё дзеля краіны ў гэтай вайне». Таксама нельга парушаць украінскую Канстытуцыю і прызнаваць акупаваныя тэрыторыі расейскімі.
Нагадаем, Доналд Трамп абяцаў спыніць вайну ва Украіне за дзень, калі зробіцца прэзідэнтам, але пакуль не відаць нават пачатку перамоваў. Са зводак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны за апошні час выглядае, што сітуацыя на фронце застаецца цяжкай і не мяняецца прынцыпова.
Украінскае выданне «Zbruč» робіць графікі са статыстыкі Генштабу ЗСУ. Відаць, што інтэнсіўнасць расейскіх атак у студзені такая ж высокая, як мінулаю восенню.
Украіна апошнімі месяцамі губляе кантроль над сваймі тэрыторыямі тэмпамі да 20 км² за дзень. За 2024 год Расея захапіла больш за 3600 км² тэрыторыі Украіны – гэта больш за Столінскі раён, найвялікшы паводле тэрыторыі раён Беларусі.
З другога боку, Расея за амаль 11 гадоў вайны акупавала агулам больш за 100 тыс. км², або 20 % тэрыторыі Украіны, таму поспехі 2024-га не выглядаюць грандыёзнымі. Асабліва калі ўлічваць суадносіны стратаў: паводле падлікаў «The New York Times», Расея ў сярэднім губляе двух байцоў, каб забіць аднаго ўкраінскага.
Уладзімір Пуцін не прызнае незалежнасці Украіны і легітымнасці ўкраінскіх уладаў, а Расею бачыць роўнаю ЗША, пра што адкрыта кажа ў інтэрв’ю.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Пуцін хоча схіліць Трампа да двухбаковых перамоваў у абыход Украіны, бачыць як «план перамогі» адмову Захаду ад падтрымання Украіны.
Крыніцы выдання «Bloomberg» мяркуюць, што Пуцін хоча дамагчыся адмовы Украіны ад уступлення ў NATO, а таксама абмежавання яе вайсковага патэнцыялу, але гатовы дапусціць дастаўкі зброі Кіеву асобнымі краінамі пры ўмове захавання кантролю над захопленымі тэрыторыямі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не толькі не адмаўляецца ад ідэі перамоваў, але і выказвае веру ў тое, што ЗША не стануць ладзіць перамоваў з Расеяй «за спінай Украіны».
Надзея Вольная belsat.eu