навіны

У Вільні прарасейскага блогера судзяць за апаганьванне мемарыялу ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі

Лаўрынас Рагельскіс.
Лаўрынас Рагельскіс. Фота: Pauliaus Peleckio / BNS nuotr.
podpis źródła zdjęcia

Судовы працэс над літоўскім блогерам, які апаганіў беларускі мемарыял, цягнецца ўжо некалькі гадоў. Сталі вядомыя некаторыя яго падрабязнасці.

Пра працяг судовага працэсу над прарасейскім блогерам з Вільні Лаўрынасам Рагельскісам паведамляе партал 15min.lt.


Адзначаецца, што справа разглядаецца ў Вільнюскім акруговым судзе, мужчыну абвінавачваюць у «падбухторванні» і «апаганьванні памятнага месца». Судовы працэс па справе быў распачаты яшчэ ў жніўні 2022 года.


Паводле матэрыялаў справы, у 2020 годзе Рагельскіс спрабаваў разбурыць мемарыял ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, які ў Вільні ўсталявалі каля будынка беларускай амбасады. Беларусы, якія арганізавалі мемарыял, называюць яго «Вахтай святла». Пасля расейскага ўварвання ва Украіну там таксама сталі выстаўляць партрэты загінулых беларускіх добраахвотнікаў. Разбурыць мемарыял намагаліся не раз.


Як удакладняе 15min.lt, Лаўрынас Рагельскіс «сабраў у сумку і выкінуў» устаноўленыя каля дыпмісіі партрэты беларусаў, смерць якіх звязваюць з палітычным пераследам з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (на мемарыяле ўстаноўленыя фота Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага, Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка, Мікіты Крыўцова і інш.).


Падчас судовага пасяджэння 3 лютага блогер назваў загінулых пасля выбараў 2020 года беларускіх актывістаў «удзельнікамі дзяржаўнага перавароту».


«Законы для іх не пісаныя, а завялыя кветкі – смецце», – заявіў Рагельскіс.


Таксама яго абвінавачваюць у праявах антысемітызму. Суд над блогерам працягваецца.


Нагадаем, таксама ў сталіцы Літвы стралялі па вокнах храма Беларускага праваслаўнага прыхода і Цэнтра беларускай культуры, ля шэлтару беларускіх уцекачоў чырвонымі фарбамі хтосьці напісаў абразлівы для беларусаў надпіс. Яшчэ раней невядомы разбіў шыбы ў краме «Kropka» і напісаў па-літоўску «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Сумневаў у тым, што ўсё гэта робяць менавіта беларускія спецслужбы, а не літоўцы, якім, нібыта, псуюць жыццё панаехаўшыя беларусы, ні ў каго з беларусаў і нават літоўцаў чамусьці няма.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10