Міністэрства замежных справаў Латвіі мяркуе ўвесці абмежаванні на прыём візавых заяваў і ўезд у Латвію для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў анатацыі да праекту прававога акту, падрыхтаванага ведамствам.
Згодна з дакументам, рыхтаванне зменаў звязанае з поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну, «якое таксама падтрымлівае беларускі рэжым», і неабходнасцю «перадухіліць уезд у Латвію замежнікаў або іншых асобаў, звязаных са службамі выведкі і бяспекі Расеі», перадае «Delfi».
Пастановы 2022 года ўжо ўводзілі абмежаванні на ўезд для грамадзянаў Расеі, а таксама прадугледжвалі, што грамадзяне РФ і Беларусі, якім выдаецца віза або від на жыхарства, павінны прайсці дадатковае правяранне, каб ацаніць, ці не будзе іхны ўезд пагрозай нацыянальнай бяспецы або грамадскаму парадку. Дзеянне гэтага распараджэння заканчваецца 5 сакавіка 2025 года.
Каб «перадухіліць пагрозы грамадскаму парадку, міжнародным дачыненням і ўнутранай бяспецы Латвіі, звязаныя з дзеяннямі супраць нацыянальнай незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласці, дзяржаўнай улады або дэмакратычнага ладу», плануецца ўдакладніць абмежаванні для прыёму заяваў на візы і для перасячэння дзяржаўнай мяжы Латвіі.
Прадугледжваецца вызначыць не толькі тыя катэгорыі грамадзянаў Расеі, якія змогуць перасячы мяжу Латвіі, але і катэгорыі расейцаў, заявы на візу ад якіх могуць быць пададзеныя ў дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы Латвіі за мяжой. Астатнім грамадзянам РФ адмовяць у перасячэнні мяжы і атрыманні візы.
Таксама плануецца вызначыць парадак прыёму заяваў на атрыманне візаў ад грамадзянаў Беларусі. Пры гэтым дакумент не прадугледжвае абмежаванняў на ўезд у Латвію грамадзянаў Беларусі, бо гэта супярэчыла б пазіцыі Еўразвязу ў пытанні мабільнасці беларускіх грамадзянаў, за што выступаюць беларускія дэмакратычныя сілы.
Нагадаем, што ў латышскі Сейм унесены законапраект, які прадугледжвае забарону на набыццё нерухомасці ў краіне грамадзянамі Расеі і Беларусі. Такія ўгоды называюцца пагрозаю для нацыянальнай бяспекі. Абмежаваць іх прапанавала кіроўнае партыйнае аб’яднанне «Новае адзінства».
Якуб Хруст belsat.eu