На месцы знесенай летась Гістарычнай майстэрні ім. Леаніда Левіна ў Менску разрыты вялізны катлаван, а на супрацьлеглым баку вуліцы, дзе некалі былі габрэйскія могілкі, выкапалі траншэі і пракладваюць камунікацыі, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
У катлаване на месцы Гістарычнай майстэрні стаяць адлітыя новыя канструкцыі з жалезабетону, аднак ці захавалася там штосьці гістарычнае, напрыклад, тая самая «маліна», у якой хаваліся габрэі менскага гета, не бачна, зазначае «Спадчына».
,,«Але куды больш абуральна, што па супрацьлеглым баку вуліцы вырашылі пракласці нейкія камунікацыі. Агульна вядома, што на тым баку, дзе Габрэйскі мемарыяльны парк, раней знаходзіліся габрэйскія могілкі, знішчаныя за савецкім часам», – зазначаецца ў допісе.
У траншэі, выкапанай пад трубу, знойдены амаль дзясятак мацэваў – надмагілляў з габрэйскіх могілак, а таксама цагляныя рэшткі з фрагментамі дэкору, якія, па меркаванні аўтараў тэлеграм-каналу, могуць быць як часткамі габрэйскіх пахавальняў, так і элементамі гістарычнай агароджы ці брамы, выгляд якіх дагэтуль заставаўся невядомым.
Аўтары допісу задаюцца пытаннем – няўжо няма рэгламентаў, якія б забаранялі пракладваць камунікацыі па тэрыторыі могілак? Таксама зазначаецца, што невядома, ці працуе на месцы будаўнічых працаў археолаг.
«Сёння важна гэтыя элементы захаваць і вывучыць. Па-першае, іх абмеры, сумешчаныя з наяўнымі фотаздымкамі, дадуць вельмі дакладнае ўяўленне пра страчаны помнік архітэктуры (могілкавую браму), які не дадуць ніякія праектныя чарцяжы таго часу, бо яны вельмі ўмоўныя», – гаворыцца ў допісе.
На знойдзеных фрагментах – вельмі добры стан тынкоўкі, зазначае «Спадчына»:
,,«Праз столькі гадоў многія лініі яшчэ захоўваюць сваю ідэальную геаметрычнасць – майстры рабілі на стагоддзі! Ёсць надзея, што можна адабраць узоры гэтага тынку, каб спецыялісты правялі фізіка-хімічны аналіз і вызначылі першапачатковыя колеры брамы».

Будынак Гістарычнай майстэрні ім. Леаніда Левіна пры Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры на вуліцы Сухой у Менску быў цалкам знесены на пачатку снежня 2024 года – заяўлялася, што з мэтай рэканструкцыі. Пасля зносу застаўся толькі падвал – «маліна» ці сховішча, у якім, імаверна, ратаваліся габрэі Менскага гета падчас нямецка-фашысцкай акупацыі.
Гістарычная майстэрня пачала працаваць у сакавіку 2003 года. Тут ладзіліся міжнародныя канферэнцыі і семінары. Майстэрня змяшчала выставу на тэму Галакосту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu