навіны

У Менску знеслі будынак Гістарычнай майстэрні. Што адбываецца?

Будынак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Менску. Фота: audiowalks.centropa.org
Будынак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Менску. Фота: audiowalks.centropa.org
podpis źródła zdjęcia

Паводле звестак з сацыяльных сетак, у цэнтры Менску, на вуліцы Сухой, 25, знішчаны будынак Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна пры Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Але як патлумачылі «Белсату», гаворка вядзецца пра рэканструкцыю.

Гістарычная майстэрня пачала працаваць у сакавіку 2003 года. Тут ладзіліся міжнародныя канферэнцыі і семінары. Майстэрня змяшчала выставу на тэму Галакосту.

Сам дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Пасля 1929 года быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловаю арцеллю. Падчас вайны ён мясціўся ў межах Менскага гета. У гэтым доме ля могілак было таемнае сховішча – так званая «маліна», дзе габрэі маглі схавацца. 23 кастрычніка 1943 года нацысцкія акупанты абвясцілі Менск вольным ад габрэяў. Аднак у будынку схаваліся 26 габрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення.

У пасляваенны час тут былі ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад.

З будынкам мяжуюць знішчаныя за савецкім часам менскія габрэйскія могілкі.

Адзначым, што наведванне Гістарычнай майстэрні ў сувязі з падрыхтоўкай да рэканструкцыі будынка немагчымае з 2020 года.

Не знос, а рэканструкцыя

Сітуацыю з будынкам Гістарычнай майстэрні «Белсату» патлумачыў акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Ён адзначыў, што хоць сама пабудова і мае гістарычнае значэнне, прыблізна на 80 % яна была збудаваная ўжо ў пасля Другой сусветнай вайны. Больш за тое, будынак вельмі доўгі час патрабаваў рэстаўрацыі.

,,

«Будынак быў проста ў жудасна аварыйным стане. У частку будынка агулам было нельга заходзіць, паколькі проста можна было праваліцца праз падлогу», – паведаміў Аляксей Ластоўскі.


Ён адзначыў, што яшчэ ў 2019 годзе быў складзены план рэканструкцыі, які прадугледжваў фактычна знос пасляваенных прыбудоваў з захаваннем і аднаўленнем той часткі, што існавала падчас Менскага гета. Але, паводле яго, доўгі час на рэканструкцыю не маглі знайсці неабходных сродкаў.

«Наколькі я разумею сітуацыю, зараз мова ідзе не пра тое, што дзяржава зносіць гэты будынак, а пра тое, што ідзе рэканструкцыя, якая была запланаваная ўжо вельмі даўно. Пад якую шукалі з цяжкасцю фінансаванне», – сказаў суразмоўца.

Аляксей Ластоўскі адзначыў, што план рэканструкцыі таксама прадугледжваў, што для гістарычнай майстэрні з’явяцца прасторы, дзе можна было б праводзіць розныя тэматычныя падзеі і выставы, прысвечаныя «цяжкай гісторыі Беларусі, перыяду вайны, гісторыі Галакосту, прымусовай працы». Але суразмоўца не ведае, як гэта будзе рэалізоўвацца цяпер.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10