Цяпер ужо відаць раскол ці падзел унутры лукашэнкаўскага лагеру – лукашысты не могуць паразумецца паміж сабой у пытанні беларускай мовы. Што адбываецца і куды гэта вядзе – пра гэта мы распыталі палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана.
У гэтым выданні мы паспрабавалі выправіць памылку, якую, на думку Арцёма, робяць медыі. Ён лічыць, што ў медыяпрасторы занадта мала асвятляецца культурна-інфармацыйная залежнасць Беларусі ад Масквы. А гэтая залежнасць мае стратэгічнае значэнне, бо яна вельмі трывалая і трымае нашую краіну на кручку лепш, чым вайсковыя базы.
Якія сілы ўмацоўваюць гэтае становішча, а якія паслабляюць? Чым абумоўлены ўмоўны падзел дэмакратычных праектаў Беларусі на «праект Пазняка» і «праект Шушкевіча»? Пра што спрачаюцца лукашысты з «лагеру Бондаравай» з лукашыстамі з «лагеру Марзалюка»?
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, колькі гадоў беларускай мове. Адназначна адказаць на гэтае пытанне цяжка, бо пісьмовыя крыніцы дайшлі да нас толькі з пэўнага моманту, а людзі ж камунікавалі паміж сабой і раней, і заўсёды.
Лінгвісты кажуць, што беларуская мова ўзнікла як сімбіёз гаворак крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
Калі ж абапірацца менавіта на пісьмовыя помнікі, то многія даследчыкі сыходзяцца на думцы, што варта звярнуць увагу найперш на гандлёвую грамату-дамову Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай, Готландскай зямлёй і нямецкімі гарадамі, якая датуецца 1229 годам. То бок, гэтаму дакументу амаль 800 гадоў! Навукоўцы мяркуюць, што гэта ці не самы стары прыклад, дзе можна знайсці спецыфічныя рысы беларускай гаворкі.
З XIV стагоддзя часта прыводзяць прыклад клятвы Кейстута. У 1351 годзе, дамаўляючыся пра мір з вугорскім каралём, Кейстут забіў быка і пры сведках пракрычаў клятву: «Рагаціна розні нашы, Гаспод з намі!» Чалавек, які складаў Дубніцкую хроніку, відавочна не разумеў значэння сказанага, а таму запісаў гэта фанетычна «Rogachina Rosnenachy Gozpanany». Пра сэнс і пра мову гэтай клятвы даследчыкі спрачаюцца дагэтуль, але беларускія навукоўцы перакананыя, што храніст засведчыў для нас, што вялікі князь размаўляў на старабеларускай мове.
З пазнейшых прыкладаў вы і самі назавеце некалькі самых яркіх. Гэта выданні Бібліі Францішка Скарыны, зробленыя больш за 500 гадоў таму. Гэта Статуты Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя. І там, і там беларускія слоўцы знойдзе любы дапытлівы школьнік.
Але не менш важна, сябры, не колькі год ужо існуе беларуская мова, але тое, колькі будзе існаваць далей. А гэта ўжо залежыць не ад Кейстута і Скарыны, а ад кожнага з нас.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: president.gov.by; noc.by