Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня сустрэўся з дэлегацыяй Панафрыканскага парламенту, якая ўпершыню наведала Беларусь. На чале дэлегацыі – старшыня гэтага парламенту, зімбабвійскі палітык Форчун Зэфанія Чарумбіра.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню Панафрыканскага парламенту нагадаць прэзідэнту Зімбабвэ Эмэрсану Мнангагўу, што яго сёлета чакаюць з візітам у Менску. Апрача таго, Лукашэнка паўторна запрасіў у Беларусь прэзідэнта Кеніі.
«У канцы 2023 года ў мяне адбыліся вельмі канструктыўныя, сардэчныя і дружалюбныя перамовы ў Найробі з прэзідэнтам Кеніі Ўільямам Рута. Спадзяюся на нашае далейшае ўзаемадзеянне. Я афіцыйна запрасіў прэзідэнта Кеніі наведаць Беларусь з афіцыйным візітам і чакаю яго ў любы час», – сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што Беларусь падтрымлівае партнёраў з Афрыкі ў імкненні вырабляць харчы за кошт унутраных рэсурсаў і быць незалежнымі ад вонкавых фактараў. Лукашэнка паабяцаў афрыканскім партнёрам перадаць неабходныя для гэтага тэхналогіі і стварыць у іх адпаведныя прадпрыемствы.
,,«У цэлым нашая супраца з краінамі Афрыкі выглядае шматабяцальнай. Мы бачым цікавасць і з вашага боку», – заявіў Лукашэнка.
Дэлегацыя Панафрыканскага парламенту назірала за тым, як у Беларусі праходзілі «выбары». Лукашэнка выказаў спадзеў, што госці «заўважылі, што гэтая палітычная кампанія не парушыла спакойнага рытму краіны». У сваю чаргу старшыня парламенту Форчун Зэфанія Чарумбіра павіншаваў Лукашэнку з перамогай на «выбарах».
Панафрыканскі парламент ёсць заканадаўчым органам Афрыканскага Звязу, што існуе з 2004 года. Парламент ажыццяўляе нагляд, мае дарадчыя і кансультатыўныя паўнамоцтвы. Спачатку сядзіба Панафрыканскага парламенту месцілася ў Эфіопіі, але пазней была перанесеная ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.
Якуб Хруст belsat.eu